Як валанцёры сталі ворагамі рэжыму

Сёння адзначаецца Міжнародны дзень валанцёра. Недзе людзі збіраюцца, каб адзначыць гэтую дату, недзе працуюць, каб зрабіць жыццё іншых лепшым. У Беларусі валанцёры сядзяць за кратамі, іх ініцыятывы задушаны. І толькі адзінкі працягваюць ціхую дзейнасць. Паглядзіце, як рэжым змагаецца з валанцёрскім рухам.

Сям'я Паркураў

Сям'я Паркураў

Мы падрыхтавалі толькі кроплю з акіяну інфармацыі пра пераслед валанцёраў у Беларусі.


У верасні 2022 года з Беларусі эвакуявалі сям'ю валанцёраў

У іх маглі забраць дзяцей. Паведамляецца, што Алена і Андрэй Паркуры валанцёрылі ў 2020 годзе пад Акрэсціна, а пасля дапамагалі збіраць дакументальны матэрыял пра пратэсты. Гэта пацягнула за сабой наданне сям'і статусу СНС (сацыяльна небяспечнае становішча).
У выпадку, калі сям'я «палітычная», у сённяшняй Беларусі гэта магло пацягнуць за сабой пазбаўленне дзяцей. Андрэй і Алена не сталі чакаць такога развіцця падзей і пакінулі краіну.

У красавіку 2022-га ў Гомелі затрымана валанцёрка Юлія Ганісеўская

julija_haniseuskaja_1.jpg


Паводле непацверджанай інфармацыі, сілавікі затрымалі жанчыну на працоўным месцы. Пазней зладзілі ператрус у яе хаце.

Жанчыну нібыта вінавацяць у распаўсюджанні экстрэмісцкіх матэрыялаў і непадпарадкаванні міліцыянтам, адзначае «Штодзень».

У апошні месяц Юлія актыўна займалася дапамогай украінцам, якія пацярпелі ад нападу Расіі. Юлія разам з іншымі валанцёрамі збірала гуманітарку і дастаўляла яе на мяжу для жыхароў украінскіх вёсак.

Валерый Сляпухін так ахарактарызаваў валанцёрку Юлію Ганісеўскую: «Юля — валанцёр па поклічы душы. Пачуццё справядлівасці і жаданне дапамагчы ў яе было заўжды. Вельмі ярка праявіла сябе ў пачатку 2020 года ў сітуацыі з COVID-19. Поўнасцю аддалася дапамозе людзям тады, не шкадуючы сіл, часу і здароўя. Чалавек-энерджайзар, пазітыўчык... І гэта толькі малая частка з таго, што магу сказаць пра яе. А знаёмыя мы прыблізна з 2018 года».

Прадстаўнікі ініцыятывы «Ежа замест бомбаў» перастаюць карміць бяздомных

eza.jpg

З іх слоў, да гэтага кроку іх падштурхнулі «пэўныя падзеі, якія адбыліся з удзельнікамі і ўдзельніцамі ініцыятывы раней, асабістыя матывы і ўсведамленне таго, што цяпер мы не можам існаваць як «Ежа замест бомбаў».

«У Новы год мы ўваходзім на даволі сумнай ноце, паведамляючы вам аб часовым спыненні падтрымання ініцыятывы. Зразумела, што паняцце «часовае» — эфемернае, і дакладных дат у нас няма, і яны не з'явяцца ў найбліжэйшай будучыні», — гаворыцца ў паведамленні актывістаў.

Яны асцерагаюцца, што іх дзейнасць можа скончыцца пераследам за палітычную пазіцыю.

«Мы працягнем адстойваць нашы прынцыпы, але пакуль не з «Ежай замест бомбаў», — пішуць прадстаўнікі ініцыятывы.

Валанцёры збіралі грошы для хворага дзіцяці. Іх затрымалі і далі па 15 сутак

У пачатку снежня 2020 года каля ГЦ «Рыга» затрымалі двух маладых людзей — Сяргея Літвінчука і Радзівона Чэбана. Каля гандлёвага цэнтра яны займаліся дабрачыннасцю па заданні фонду «Баявое брацтва без меж»: выконвалі песні для збору грошай Даніілу Дзянісаву. Дзіцяці няма і года, нядаўна яму паставілі дыягназ «спінальная мышачная атрафія (СМА) першага тыпу».

Тым не менш 4 снежня 2020 года суд Савецкага раёна даў па 15 сутак кожнаму валанцёру за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.


Асноўная місія «Баявога брацтва без меж» — падтрымка ветэранаў, інвалідаў і членаў сем'яў загінуўшых пры выкананні службовага абавязку. Перш за ўсё гэта тычыцца воінаў-інтэрнацыяналістаў вайны ў Афганістане (1979 — 1989). Кіраўнік фонду Віктар Сівохін — таксама ветэран гэтай вайны, кавалер двух ордэнаў Чырвонай Зоркі. Аб фондзе пішуць на сайце Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, удакладняючы: уласнай маёмасці ён не мае, усе кіраўнікі працуюць на грамадскіх пачатках.З нядаўняга часу фонд таксама збірае грошы для дзяцей, хворых на СМА. Памятаеце Мілану Пшанко — дзяўчынку, для якой сабралі 2,2 мільёна долараў для куплі Zolgensma? Фонд «Баявое брацтва без меж» дапамагаў сабраць гэтую суму. «Валанцёры спявалі ў розных месцах Беларусі», — пацвердзіў бацька Міланы Сяргей Пшанко.
Мы дапамагалі Мілане з пачатку ліпеня, і ўжо ў канцы кастрычніка мне патэлефанавала яе мама і сказала, што грошы ўжо на рахунку ў банку, — эмацыйна распавядае Віктар Сівохін. — Потым я і ўзяўся дапамагаць Даніку. Я сам жыву недалёка ад іх сям'і і падумаў: "Ну як я, палкоўнік баявы, не дапамагу дзіцёнку?". Тут жа сталі арганізоўваць — чым больш груп, тым лепш. Да Новага года трэба сабраць 2 мільёны. І вось на табе — сабралі.


Валанцёрская кампанія BYCOVID19, якая дапамагала медыкам падчас першай хвалі пандэміі каронавіруса, заявіла, што не будзе перазапускаць праект з прыходам другой хвалі пандэміі

Валанцёры патлумачылі, чаму ўзаемадзеянне з дзяржавай гэтым разам немагчымае.

Улады заблакіравалі пляцоўку MolaMola, на якой людзі збіралі грошы для медыкаў. Яе заснавальніка Эдуарда Бабарыку зняволілі. Цяпер у Беларусі няма як зладзіць зручны і празрысты збор сродкаў.

Сузаснавальнікі BYCOVID19 Андрэй Стрыжак і Андрэй Ткачоў з'ехалі з краіны ад пераследу ўлад.

«Дзяржаве было б някепска вызначыцца з прыярытэтамі, — гаворыцца ў допісе BYCOVID19. — Калі хапае на вадамёты і сістэмы «Бар'ер», то мусіць хапаць грошай і на ШВЛ, і на кіслародныя канцэнтратары. Калі хапае рэсурсу надзець балаклаву ці маску на кожнага сілавіка, значыць, ёсць грошы на медычныя маскі і рэспіратары. Калі хапае грошай аплачваць шматмесячныя дзяжурствы соцень амапаўцаў, значыць, хапае на аплату і звышаплату працы патрэбнай колькасці медработнікаў».

Да таго ж вясной быў дэфіцыт масак і рэспіратараў. Цяпер жа на іх «проста трэба вылучыць бюджэт».

«Мы ўпэўненыя, што грамадства ўсяляк падтрымае медыкаў, якія будуць патрабаваць, каб адміністрацыі забяспечвалі патрэбныя ўмовы працы, належную абарону і сумленную інфармацыю для грамадства. У тым ліку пра смяротнасць і рэальны ўзровень захворвальнасці», — адзначылі валанцёры BYCOVID19.

Валанцёрская ініцыятыва дапамогі медыкам #ByCovid19 за 80 дзён працы перадала шпіталям 428 078 сродкаў абароны і 1421 адзінку апаратуры, было сабрана $335 000 на дапамогу ў барацьбе з каронавіруснай інфекцыяй.


У Гродне валанцёраў, якія шылі камбінезоны для медыкаў, выгналі з памяшкання

У гродзенскай майстэрні, дзе шылі сродкі абароны для медыкаў падчас эпідэміі каронавіруса, забралі будынак у кастрычніку 2020 года. Тры месяцы перад тым гарадскія ўлады ўрачыста перадалі яго валацёрам.

Майстэрня працавала з красавіка пры гродзенскім дзіцячым хоспісе. Кіраўніцтва дзіцячай паліклінікі № 2, у будынку якой працуе хоспіс, а таксама кіраўніцтва цэнтральнай гродзенскай паліклінікі вымусіла майстэрню з'ехаць.У чэрвені гарадскія ўлады перадалі валанцёрам закінуты раней будынак. Ён належаў камбінату школьнага харчавання. Валанцёры за паўгода пашылі тысячы камбінезонаў, халатаў, бахіл. Бясплатна перадавалі іх медыкам у шпіталі Гродзенскай вобласці.
Аднак у канцы верасня валанцёры некалькі разоў не маглі трапіць у будынак, дзе шылі ахоўныя сродкі — перастаў спрацоўваць ключ. Толькі калі выклікалі міліцыю, прыязджалі прадстаўнікі камбіната школьнага харчавання і адчынялі ім дзверы.
Урэшце кіраўніцтва камбіната, якому па-ранейшаму належыць будынак, вымусіла майстэрню забраць рэчы і з'ехаць. Камбінат нібыта плануе адкрыць у гэтым будынку кандытарскі цэх.

У дзіцячага хоспіса ёсць дамова на карыстанне будынкам да канца 2022 года.

Майстэрня аднавіла працу ў будынку дзіцячай паліклінікі № 2, аднак адтуль іх таксама просяць з'ехаць, бо яны займаюць зону агульнага карыстання. Гродзенскі дзіцячы хоспіс тэрмінова шукае новае памяшканне, дзе зможа працаваць майстэрня шыцця ахоўных сродкаў.

Валанцёра «Вясны» падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў

harbuz_1.jpg


У верасні 2020 года на валанцёра Валанцёрскай службы «Вясны» Паўла Гарбуза завялі крымінальную справу паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэкса. Яго падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў.Павел валанцёрыў у «Вясне», дапамагаючы пацярпелым падчас рэпрэсій і мірных акцый пратэсту. Ён перадаваў перадачы палітвязням, у апошні час дапамагаў добраахвотніцкаму лагеру на Акрэсціна і ў Жодзіне.
Паўла затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў панядзелак, 31 жніўня, каля 12 гадзін каля яго дома, калі ён выносіў смецце.

«Паша пайшоў выкідваць смецце. Пасля гэтага павінен быў ехаць на офіс БАЖ дапамагаць як валанцёр.

Я затрымалася дома, бо апранала дачку, і мы дамовіліся, што сустрэнемся з ім каля пад'езда. Адразу яшчэ хацелі схадзіць на пошту, каб адправіць лісты рабятам [заўв. — палітзняволеным].

Паша пайшоў, і амаль адразу мы выйшлі, але ўжо нікога не было. Я падумала, што, напэўна, ён сустрэў кагосьці і вырашыў пад'ехаць да офіса.

Мы з дачкой схадзілі на пошту, потым зайшлі ў фотадрук, дзе раздрукавалі фота пабояў, зробленых на Акрэсціна, і надпіс «не забудзем, не даруем». Дарэчы, падчас ператрусу іх у мяне забралі», — распавядае жонка Паўла Марына.

Са слоў Марыны, каля 13:20, калі яна вярнулася дадому, да іх прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа з ператрусам:

«Мы прыйшлі, я пачала распранаць малышку. Калі пазванілі ў дзверы, праз вочка я ўбачыла там мужчыну. Я сказала, каб ён пачакаў адну хвіліну, бо заплакала дачка. Але ў гэты час падбег сямігадовы сын і пачаў адчыняць дзверы. І замест аднаго мужчыны з'явілася ўжо шэсць. Усе былі ў масках.

Двое паказалі нейкія чырвоныя пасведчанні. Сказалі, што яны з ГУБАЗіКа і мой муж затрыманы па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса за арганізацыю беспарадкаў з 9 па 12 жніўня. Сказалі, што цяпер ён дае паказанні ў Следчым камітэце, а ў іх пастанова на ператрус кватэры».

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа таксама паведамілі Марыне, што яе мужа затрымалі каля смеццевых бакаў. Пры ператрусе прысутнічалі дзве панятыя — выпадковыя дзяўчыны, якія выйшлі з крамы.


«Мне адразу прапанавалі аддаць добраахвотна ўсё, што муж выкарыстаў для арганізацыі масавых беспарадкаў: колючае, рэжучае і г. д., але ў нас нічога такога не было і няма».

Падчас ператрусу ў кватэры Паўла канфіскавалі ўсю тэхніку: два ноўтбукі, планшэт, старыя тэлефоны, усе флэшкі, знешні жорсткі дыск. Акрамя таго, забралі налепкі з Пагоняй, белую стужку, усе лісты палітвязняў: Сяргея Ціханоўскага, Дзмітрыя Казлова «Шэрага ката», Дзмітрыя Папова, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Фурманава.

«Таксама забралі пнеўматычны пісталет, ён у нас захоўваецца каля сямі гадоў. Муж раней працаваў дальнабойшчыкам, пісталет заўсёды ляжаў у машыне, але ні разу не выкарыстоўваўся. У нас усе дакументы ёсць на яго.

У канцы мне далі сфатаграфаваць вопіс таго, што забралі, і сказалі нікуды гэта не дасылаць, ні ў якую «Вясну».


Гэта далёка не поўны спіс валанцёраў, якіх дзяржава лічыць ворагамі толькі за тое, што яны імкнуцца дапамагаць людзям!