Лекарам і медсёстрам Калеснікавай пагражалі крыміналкай і шасцю гадамі
Пакуль Марыя Калеснікава застаецца ў гомельскім шпіталі, а мы не ведаем дакладна, што з ёй адбываецца, лекарам і іншым супрацоўнікам пагражаюць крымінальным пераследам за распаўсюджанне інфармацыі.
![Фота Паўла Хадзінскага Фота Паўла Хадзінскага](/img/v1/images/had_1709_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Паўла Хадзінскага
На раніцу 5 снежня Марыя Калеснікава застаецца пакуль у хірургічным аддзяленні шпіталя хуткай дапамогі ў Гомелі.
Паводле крыніц «Радыё Св*боды», з лекараў, медсясцёр і санітарак хірургічнага аддзялення ўзялі падпіску аб невыдаванні інфармацыі.
«Хоць і так медыкі не маюць права казаць староннім асобам пра стан здароўя любога хворага. Гэта ж лекарская тайна, ёсць адпаведны артыкул у крымінальным заканадаўстве. Тут жа яшчэ і пагражалі пакараннем да шасці гадоў турмы. Не казалі, паводле якога артыкула», — паведаміла крыніца «Св*боды».
Нагадаем, увечары 29 лістапада з'явілася інфармацыя, што Марыя Калеснікава, якая адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі, трапіла ў рэанімацыю шпіталя хуткай дапамогі. Яна перанесла аперацыю. Пра стан палітзняволенай нічога невядома.
«Яна і цяпер у рэанімацыі хірургічнага аддзялення, у цяжкім стане. У палату яе пакуль не перавялі. Калеснікаву ахоўваюць трое. Двое ўнутры палаты і адзін, з аўтаматам, звонку, каля дзвярэй», — паведаміла крыніца «Св*боды».
![Палітзняволеная Марыя Калеснікава трапіла ў рэанімацыю Марыя Калеснікава — у рэанімацыі (дапоўнена)](/img/v1/images/756330736428368_m1505.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Суразмоўца зазначае, што ў шпіталі «ўсе на вушах» і ніхто не будзе даваць аніякіх каментароў. Для пацыентаў-вязняў, якія паступаюць у гомельскі шпіталь хуткай дапамогі, размешчаны ў самым цэнтры Гомеля ля гарадскога парку, ёсць у хірургіі адмысловая палата з кратамі і месцам для канвойных.Нагадаем, чальца Каардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву раніцай 7 верасня 2020 года каля Нацыянальнага мастацкага музея невядомыя людзі пасадзілі ў мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» і павезлі ў невядомым кірунку.
6 верасня 2021 года ёй прысудзілі 11 гадоў зняволення.