
Ім інкрымінавалі спробу падарваць вузел сувязі ў Вілейцы, знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах і здзейсніць замах на прапагандыста Рыгора Азаронка.
Як і прасіла абвінавачанне, фігурантаў асудзілі да пазбаўлення волі на тэрмін ад 14 да 20 гадоў, паведамляюць праваабаронцы:
Дзмітрыю Сасноўскаму перакваліфікавалі абвінавачванне з «падрыхтоўкі на акт тэрарызму» на «акт тэрарызму». Гэта тычыцца нібыта нападу на беларускага прапагандыста Рыгора Азаронка.

Дзмітрый Сасноўскі
Раней у суд быў раптоўна выкліканы інжынер расійскай вайсковай часткі «Вілейка». Пракурор у самым пачатку спытаў, ці складае дзяржаўную тайну інфармацыя аб вайсковай частцы, на што інжынер адказаў, што часткова складае. Пасля гэтага працэс часова закрылі — інжынера дапыталі ў закрытым рэжыме ў якасці грамадзянскага істца. Закрытае судовае пасяджэнне доўжылася не больш за 10 хвілін, пасля чаго суд адкрылі, а пракурор заявіў, што будзе прад'яўляць новае абвінавачванне аднаму з фігурантаў — Дзмітрыю Сасноўскаму. Ён папрасіў у суда невялікі перапынак, каб напісаць новае абвінавачванне, адзначыўшы, што на гэта яму будзе дастаткова 40 хвілін.
Па першапачатковай версіі абвінавачання Дзмітрыю Сасноўскаму ставілася ў віну ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»), ч. 2 арт. 290-4 («Удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі»), ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359 («Падрыхтоўка да акта тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча»), ч. 6 арт. 16, ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 295, ч. 1 арт. 14 і ч. 4 арт. 295 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»), ч. 3 арт. 361 («Заклікі да санкцый), ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Як піша «Sputnik», пракурор больш за гадзіну зачытваў новае абвінавачванне. Артыкулы ў Сасноўскага засталіся тыя ж, але адзін з іх перакваліфікаваны з «падрыхтоўкі тэракту» на «тэракт». Гэты артыкул абвінавачвання тычыцца беларускага прапагандыста Рыгора Азаронка.
Сасноўскі віну, як і раней, не прызнаў і папрасіў выклікаць у суд пацярпелага журналіста. У судзе абвешчаны перапынак да 22 лістапада.
Нагадаем, падчас дачы паказанняў Сасноўскі казаў, што ў злачынства ў дачыненні да Азаронка яго ўцягнулі падчас следчага эксперыменту. Ён таксама заявіў суду, што пасля затрымання каля дома Азаронка да яго «ўжывалі гвалт і катаванні, прымусілі напісаць чыстасардэчнае прызнанне». На першым пасяджэнні, калі суд высвятляў яго асобу, ён заявіў, што хоча адмовіцца ад грамадзянства Беларусі, таму што «не мае дачынення да тэрарызму».