Айцец Багамольнікаў за кратамі. Чаму маўчаць святары і іерархі?

Катаванні святара зноў трыгернулі тэму аб ролі царквы ў гэты перыяд гісторыі Беларусі. Ці дойдзе рэжым да такіх ганенняў на царкву і паству, што пасля яго падзення з'явяцца новапакутнікі?

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Праваслаўны святар Уладзіслаў Багамольнікаў больш за тры месяцы знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна ў нечалавечых умовах. «Яны яго забіваюць. Фізічна», — напісаў у фэйсбуку яго был сукамернік навуковец Сяргей Гаранін.


Што кажуць людзі

«Вось яшчэ адзін пакутнік. Гэта па просьбе Веньяміна ён там так доўга?» — абмяркоўваюць людзі ў сацсетках.
«Дык чаму БПЦ не заступіцца? Колькі можна маўчаць? І начальнікі-маўчальнікі, і святары, і паства».
«Вось у гэтым і праблема! Ну няма ў царквы адказу на пытанне, чаму тыраны катуюць людзей. Ну не можа Царква быць Гермагенамі. Усё хоча выкрыць, але спявае па звычцы "многая лета"».
«Хацелася б, каб ён вытрымаў і ўбачыў гэтых нелюдзяў у Гаазе».
«Статус палітвязня нічога для бацюшкі не мяняе. І нават, магчыма, наадварот пагаршае».
«Гэта падымае зноў грамадскую дыскусію і дазваляе не забываць пра пакуты. Людзі вельмі хутка прывыкаюць да пакут іншых і прымаюць гэта як дадзенасць. Таму праваабаронцы і займаюцца гэтым. Плюс — гэта фіксацыя правапарушэнняў для магчымага крымінальнага пераследу функцыянераў сістэмы».


Чаму ж маўчаць іерархі? Ці дойдзе рэжым да такіх ганенняў на царкву і паству, што пасля яго падзення з'явяцца навамучанікі? Смяротныя ахвяры Ашурка, Бандарэнкі, пакуты Калеснікавай і іншых — усё дарма ці наадварот надзея? Пагаварылі пра гэта з праваслаўным святаром (на ўмовах ананімнасці) і багасловам, мадэратарам «Хрысціянскай візіі» Наталляй Васілевіч.

«Усякае супрацоўніцтва з дзяржавай — гэта ерась»

Прычыны маўчання трэба шукаць у гісторыі, лічыць святар.«Супрацоўніцтва Царквы з дзяржавай пачалося ў пачатку 4 стагоддзя з імператара Канстанціна. І гэта было падпарадкаванне царквы дзяржаве. Гэтым шляхам пайшло ўсходняе хрысціянства. Усе праблемы царквы закладзены менавіта там. Чым бліжэй царква да міру, тым больш яна становіцца падобнай на звычайны чалавечы свецкі інстытут. А менавіта так на царкву глядзелі ў Візантыі або Расійскай імперыі: "духоўныя скрэпы", ідэалагічны інстытут на службе ў дзяржавы. Пры савецкай уладзе была ўнікальная магчымасць — зноў стаць царквой пакутнікаў, вярнуцца да сваёй першапачатковай чысціні. Але Царква ў асобе мітр. Сергія Страгародскага абрала іншы шлях. І з тых часоў гэты шанец быў упушчаны».
На думку суразмоўцы, Царква павінна быць рэальна аддзеленая ад дзяржавы: «Усякае супрацоўніцтва з дзяржавай — гэта нейкая ерась. Задача царквы — клікаць людзей да святла і весці за сабой у Царства Нябеснае. Царква прапаведуе Слова Божае, вучыць людзей хрысціянскаму жыццю, то-бок рыхтуе людзей да пераходу ў вечнасць. Таму ўсякае супрацоўніцтва з мірам — гэта адступленне ад ідэалаў Евангелля. Царква прынцыпова антыпатрыятычна, заклік царквы да нейкага мірскага патрыятызму — гэта аксюмаран. Нават Хрыста ненавідзелі як раз за тое, што Ён быў антыпатрыётам!»

«Царква ўсё яшчэ з’яўляецца асяродкам супраціву»

Наталля Васілевіч лічыць, што паразлівага маўчання святароў няма.

«Паколькі мы сістэмна збіраем інфармацыю пра сітуацыю ў царкве ў Беларусі, па нашых каналах да нас даходзіць пра вобшукі ў святароў, пагрозы супраць іх ад розных органаў. У пэўным сэнсе, гэта носіць масавы характар, і сведчыць, што царква ўсё яшчэ з’яўляецца асяродкам супраціву. Але гэтага нябачна, бо, калі апублічыць тое цяпер, гэта значыць нацкаваць на чалавека як мінімум Вольгу Бондараву і як максімум тых, каго Бондарава нацкоўвае на няўгодных.

Калі да мяне звяртаецца святар па параду, ці рабіць яму нейкі публічны акт, я часцей за ўсё адгаворваю. Я сама ў замежжы, да мяне ГУБАЗіК не прыйдзе, мяне не будуць катаваць на Акрэсціна, таму я не магу чакаць адкрытых дзеянняў ад тых, хто ў Беларусі. Сам айцец Уладзіслаў Багамольнікаў казаў, што наш рух павінен быць не за ідэю, а за людзей. Хачу нагадаць, што ён аб’яўляў галадоўку ў падтрымку Ігара Лосіка, бо хацеў, каб той захаваў сваё жыццё дзеля дачкі, жонкі. У нас ёсць інфармацыя, што ягоны ліст дайшоў да Ігара і гэта выканала пэўную ролю ў тым, што ён галадоўку спыніў. То-бок захаваць, выратаваць канкрэтнага чалавека — гэта тое, што варта рабіць сёння. Я не хачу новых пакутнікаў. Пытанне пра пакутніцтва мы можам ставіць толькі да сябе асабіста».

Наталля нагадвае, што царкоўныя іерархі спачатку таксама не маўчалі.

«У жніўні 2020 года быў бенефіс іерархаў. Мітрапаліт Павел наведаў лякарню з пацярпелымі і сказаў словы падтрымкі. І пасля ён не сам з’ехаў — яго выціснулі. Архіепіскап Арцемій таксама выразна выказаўся — яго знялі з пасады. Гаварыў Тадэвуш Кандрусевіч. Гаварыў Юры Касабуцкі — пасля смерці Бандарэнкі яго выклікалі ў пракуратуру і пагражалі крымінальнай справай. Зараз рэжым проста дабіўся таго, што ў кіраўніцтве Царквы і Касцёла сталі лаяльныя іерархі — Мітрапаліты Веніамін і Юзаф Станеўскі. Таму яны і маўчаць.

Адкуль бяруцца лаяльныя іерархі? Вельмі часта яны так паводзяць не таму, што не вераць у Бога ці з-за страху, проста яны па-іншаму фармулююць сваю адказнасць за царкву, ці гэтая лаяльнасць у іх шчырая, па сэрцы: яны сапраўды лічаць, што тое, як яны паводзяцца, — гэта справа боская. Некаторыя жывуць тэорыямі змовы пра страшны Захад, які хоча прыйсці да нас з ЛГБТ і бацькамі №1 і №2, і гэтая маральная паніка перакідваецца на іерархаў, і яны падтрымліваюць моцную руку».

Ці выратуе нас любоў?

На думку праваслаўнага святара, даць царкве новы шанец можа толькі нараджэнне грамадзянскай супольнасці: «Царкву фармуюць людзі. Груба кажучы: якое грамадства, такая і царква. Калі ў царкву прыйдуць новыя людзі, зменіцца і царква».
На думку суразмоўцы, гэта адбудзецца не хутка.
«Я думаю, што нашу царкву чакае тое, што перажыла Заходняя царква: масавы сыход яе членаў. І толькі адсутнасць вернікаў, а значыць, адсутнасць сродкаў існавання прымусіць нашых царкоўнікаў мяняць сваю сістэму. Менавіта гэта адбылося з каталіцкай царквой на 2-м Ватыканскім Саборы».
Наталля Васілевіч больш аптымістычна:
«Гісторыя Беларусі — гэта гісторыя страху і гісторыя смелых людзей, якія перасталі баяцца. Патэнцыял ёсць у кожнага. Моманты, калі сляпы раптам становіцца відушчым — не рэдкасць. 2020 год тое даказаў. Людзі былі гатовыя прынесці сябе ў ахвяру, ісці пад збіццё, нават пад кулі. Гэта быў цуд. Нават царкоўных іерархаў не трэба канчаткова спісваць. Сітуацыя экзістэнцыяльнага выбару можа змяніць кожнага чалавека. Я веру, што любоў унутры нас не зменіцца на нянавісць, што нават прыніжэнні і катаванні, праз якія мы праходзім, не змогуць зрабіць наша сэрца жорсткім».

Вязні сумлення ці пакутнікі ў сведчанне сваёй веры?

«Я не веру ў з'яўленне новапакутнікаў пасля падзення рэжыму, — кажа святар. — Справа ў тым, што ў чыне пакутнікаў праслаўляюць за пакуты і смерць за Хрыста, за хрысціянскую веру. Рэжым не садзіць святароў і вернікаў менавіта за Хрыста. Іншая справа, што рэжым гэты антыхрысціянскі. У гісторыі такое было не раз і не два. Наша сітуацыя падобная не на тую, што была ў сталінскім СССР, а хутчэй нагадвае кантэкст фашысцкай Італіі пры Мусаліні або Іспаніі пры Франка. Тыя вязні, якія сядзяць цяпер у беларускіх турмах, — гэта не хрысціянскія пакутнікі, а вязні сумлення, пацярпелыя за грамадзянскія перакананні».
Наталля Васілевіч лічыць, што ў нас ужо ёсць пакутнікі, якія прымаюць пакуты ў сведчанне сваёй веры.
«Гэта Маша Калеснікава, якую ставілі і ставяць у страшныя ўмовы. Яна пайшла ў турму за тое, ва ў што верыць, і нягледзячы ні на што захоўвае сваё фірмовае сэрцайка. Шмат хто наконт гэтага сэрцайка іранізаваў. А гэтым знакам яна паказвала менавіта сваё ўласнае сэрца, над якім зло не мае ўлады. Гэта чалавек, які сведчыць — сваім словам і дзеяннем закранае сэрцы іншых людзей. Сведчанне Хрыста было ў тым, што Ён, як Бог, мог спыніць гвалт над Сабой, але Ён заставаўся верным свайму шляху. І тыя, хто зараз на Акрэсціна, у калоніях, у СІЗА — яны пакутнікі, бо яны застаюцца вернымі свайму шляху. Загінулага Вітольда Ашурка ўжо шануюць як пакутніка: таблічка з ягоным іменем ёсць у грэка-каталіцкім прыходзе ў Антверпене. Ашурка першы раз затрымалі з ружанцам у руках пасля малітвы каля касцёла ў Лідзе. Ружанец у руках — ці гэта зброя? Відаць, так, гэта зброя супраць тых, хто баіцца ружанца, баіцца крыжа.
А Раман Бандарэнка? Ён размалёўваў кавярну для паломнікаў у Жыровіцкім манастыры. І гэта выявілася невыпадковым у ягоным лёсе. Спытайце ў беларусаў, хто такі Раман Бандарэнка. Кожны ведае. Ён пакутнік і сведчыць пра святло, свабоду, нязломнасць, пра тое, што рэжым злачынны. Таму ўсё недарма».