Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 5 снежня

Самае галоўнае, што адбылося ў краіне за сённяшні дзень.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Палітзняволеная Марыя Калеснікава ў турэмным стацыянары ўбачылася са сваім бацькам. 10-хвіліннае спатканне прайшло пад наглядам супрацоўнікаў калоніі. Стаў вядомы дыягназ: у Марыі прабадная язва. Таксама СМІ паведамляюць, што за разгалошванне інфармацыі лекарам і медсёстрам Калеснікавай пагражалі крымінальнымі справамі і зняволеннем да 6 гадоў.

Марыя Калеснікава ўбачылася з бацькам у стацыянары гомельскай калоніі

Марыя Калеснікава ўбачылася з бацькам у стацыянары гомельскай калоніі


Вынесены прысуд па справе «Атрадаў грамадзянскай самаабароны». Аляксея Глотава асудзілі да 20 гадоў калоніі і штрафу ў 700 базавых велічынь, Дзмітрыя Сасноўскага — да 20 гадоў калоніі і штрафу ў 700 базавых велічынь, Вадзіма Гулевіча — да 18 гадоў калоніі і штрафу ў 600 базавых велічынь, Наталлю Мацвееву — да 14 гадоў калоніі і штрафу ў 400 базавых велічынь, Кірыла Ашурка — да 13 гадоў калоніі і штрафу ў 400 базавых велічынь.
У Мінскім абласным судзе пачаўся разгляд справы аднаго з «рэйкавых партызанаў». 40-гадовага Віталя Мельніка, якому пры затрыманні сілавікі прастрэлілі ногі, абвінавачваюць па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.
Пасля апеляцыі вайсковаму пенсіянеру вынеслі больш жорсткі прысуд: замест аднаго года бабруйчанін Сяргей Лялін павінен будзе адбыць два гады зняволення. Яго абвінавачвалі ў «абразе Лукашэнкі» і «абразе прадстаўніка ўлады», і пракурор палічыў вынесены прысуд мягкім.
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне загадчыка аддзялення Брэсцкага абласнога наркалагічнага дыспансера Максіма Зайцава — нібыта за каментары пра Лукашэнку і кіраўніка Брэсцкага гарвыканкама Аляксандра Рагачука.
ГУБАЗіК затрымаў 35-гадовага распрацоўшчыка Іллю Шакірава. У «пакаяльным» відэа айцішніка прымушаюць назваць свой заробак, а таксама сцвярджаць, што ён пісаў абразлівыя каментары пра супрацоўнікаў міліцыі.
Журналіста «КП у Беларусі» Генадзя Мажэйку абвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі» з-за дыктафоннага запісу з сустрэчы выбаршчыкаў з дэпутатам Варанецкім. Як піша расійская «КП», гаворка ідзе пра трохгадзінную сустрэчу дэпутата з насельніцтвам у 2020 годзе. На запісе чутны мужчынскі голас, які эксперты СК палічылі голасам журналіста.
Генпракуратура прызнала тэлеграм-канал «YouTube Беларусі» «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
КДБ абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Цяпер у ім 968 чалавек, з іх 222 — беларусы. Сёння туды дададзена яшчэ пяць прозвішчаў: юрыста Юрася Зянковіча, актывісткі Анастасіі Кухты, супрацоўніка «EPAM» Андрэя Гаруна, а таксама Іллі Смалюгі і Таццяны Колас.
За лістапад у Беларусі асудзілі 89 чалавек па «пратэсных» справах — агулам на 213 гадоў. Такія вынікі маніторынгу праваабаронцаў. Сярод 89 асуджаных 23 жанчыны і 66 мужчын. Акрамя 213 гадоў пазбаўлення волі таксама былі прызначаны 6 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ, 56 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ і 38,4 тыс. рублёў штрафаў. Адзін асуджаны атрымаў 6 месяцаў пазбаўлення волі ўмоўна.
Паводле даных праваабаронцаў «Вясны», у Беларусі на сённяшні дзень налічваецца 1446 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1717 чалавек, сярод іх 200 жанчын і 7 непаўнагадовых. 14 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.