Сяргей Гаранін: На Акрэсціна забіваюць айца Уладзіслава Багамольнікава

Навуковец Сяргей Гаранін, які адседзеў 10 сутак за кратамі, напісаў у сваім фэйсбуку пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна і пра айца Уладзіслава Багамольнікава, якому далі новыя «суткі».

Сяргей Гаранін. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Сяргей Гаранін. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


— Учора майму былому сукамернiку, айцу Уладзіславу Багамольнiкаву, далі сёмы тэрмін на Акрэсціна, і, па маіх падліках, сядзіць ён ужо 89-я соднi, — піша Сяргей Гаранін. — Пра гэта я даведаўся сёння днём i напісаў два каментары.
Сутнасць жа іх была ў наступным.
Акрэсціна — гэта не турма, а ЦВП. Таму ўмовы там надзвычай жорсткія, нашмат горшыя за ўсе іншыя беларускія вязніцы і зоны. Гэта кшталту гаўптвахтаў былой савецкай арміі. Але ж на Акрэсціна доўга і не сядзяць! Чалавек такіх ўмоў фізічна не вытрымлiвае.
Ён памрэ. Так, я ведаю пра «каруселі». І пра тое, што на Акрэсціна сядзяць шмат-шмат тыдняў, таксама ведаю. І бачыў такіх. Але ТРЫ МЕСЯЦЫ... Да таго ж, стан здароўя айца Уладзіслава пагоршыўся. Нават калі я вызваляўся і ён паціснуў мне руку, то рука ў яго была нядужая, пальцы тонкія, усе костачкі ў іх чуваць...
Дык гэта калі было!!! А цяпер?! Да таго ж, ён і галадоўку трымаў...
Уладзіслаў чалавек мужны і трымаецца ён з годнасцю і моцна. Падтрымлівае іншых. Зрабіць яму ЯНЫ нічога не могуць. Таксама прад'явіць яму па факце нічога не можна. Ну, адслужыў ён ліцію па Раману Бандарэнку — дык што? Гэта пастарскі абавязак...
Таму... ЯНЫ ЯГО ЗАБІВАЮЦЬ. Фізічна.
Я скеміў гэта і напісаў. Я закрычаў ад болю і жаху!
Так у іншым месцы забіваюць яны не першы месяц Міколу Статкевіча... Так часам рабілася ў сярэднявечнай Візантыі — ужо вы мне паверце, я ведаю! Чалавека садзiлі ў вязніцу, трымалі ў невыносных умовах (хаця трохі кармілі), потым невылечна хворага выпускалі, а праз некалькі дзён ён паміраў. Так бы мовіць, «сам». І дзяржава тут ні пры чым, бо «умирают же люди. Вон, и Макей... того... Не согласовав даже такого своего поступка со всеми заинтересованными...»


Праваслаўнага свяшчэнніка айца Уладзіслава Багамольнiкава забіваюць на Акрэсціна. I я гэтаму сведка! Чуеце? — Сведка!
...Лёгачныя інфекцыі, на якія хварэе зараз Уладзіслаў, не вылечваюцца на раз-два. Я перхаю і праз месяц пасля вызвалення. Урач на Акрэсціна не аглядае пацыентаў, а размаўляе з імі праз прыадчыненую кармушку. На Акрэсціна няма шпіталя. Працэс можа прыняць неабарачальны характар. Пра гэта трэба казаць, пісаць, крычаць!
Праваслаўнага свяшчэнніка айца Уладзіслава Багамольнiкава забіваюць на Акрэсціна!