Затрыманая сацыёлаг Аксана Шэлест — на Акрэсціна

Кандыдатку навук, сацыёлага Аксану Шэлест затрымалі яшчэ 29 лістапада. Цяпер яна знаходзіцца на Акрэсціна.

317333476_208690861550463_4781290024944913836_n.jpg

Пра затрыманне паведамляецца на прысвечанай Уладзіміру Мацкевічу старонцы ў сацсетках.

Затрыманне здарылася 29 лістапада каля 17.30. Таксама вядома, што разам з Аксанай быў затрыманы архітэктар Кірыл Мальцаў. Затрыманне, відаць, праводзіў ГУБАЗіК.

Цяпер Аксана Шэлест і Кірыл Мальцаў — на Акрэсціна. Што інкрымінуецца затрыманым, пакуль невядома.

Нагадаем, Аксану Шэлест ужо затрымлівалі ў жніўні мінулага года падчас аблавы на экспертаў-сацыёлагаў. Тады арыштавалі Уладзіміра Мацкевіча, Уладзя Вялічку, Таццяну Вадалажскую.  

Яе арыштавалі 4 жніўня 2021 года, у той жа дзень зладзілі ператрус і забралі тэхніку. Тады праз нейкі час Аксану Шэлест вызвалілі.


Аксана Шэлест — старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, кандыдат сацыялагічных навук (PhD). Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «сацыялогія», аспірантуру Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Працавала ў Інстытуце сацыялогіі НАН Беларусі: загадвала сектарам методыкі і практыкі аператыўных даследаванняў, займала пасаду вучонага сакратара, узначальвала аддзел тэхналогій сацыялагічных даследаванняў. З'яўляецца экспертам аналітычнай групы Агенцтва гуманітарных тэхналогій. Лаўрэат прэміі Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі ў намінацыі «Сацыяльныя і палітычныя навукі» (2013 год).

Аксана Шэлест — аўтар даследавання «Голас вуліц». Гэта была адна з першых работ, у якой аналізаваліся пратэсты, якія адбыліся ў Беларусі летам-восенню 2020 года. У апошняй сваёй працы, апублікаванай у ліпені, Аксана аналізавала дынаміку і ўтрыманне лакальных тэлеграм-груп (чатаў), якія сталі важным інструментам самаарганізацыі мясцовых («дваровых») супольнасцей у 2020–2021 гадах.