Аксана Шэлест: Ліквідацыя трэцяга сектара прынясе старты і грамадству, і дзяржаве

З лета 2021 года ў Беларусі ліквідавана больш за 400 грамадскіх арганізацый самых розных кірункаў, і, падобна, працэс гэты будзе працягнуты. «Ліквідуючы сектар НДА, мы вельмі моцна затарможваем свае магчымасці развіцця ў сусветным руху, бо трэці сектар — гэта заўсёды прастору эксперыменту і пранікнення новага...»

45_shelest.jpg

Напрыклад, у студзені ў інтэрв'ю BBC Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ліквідаваныя НДА займаліся супрацьпраўнай дзейнасцю і «калі кагосьці не ліквідавалі, то ліквідуем у бліжэйшы час». «Выражам усіх нягоднікаў, якіх вы фінансавалі», — запэўніў Лукашэнка брытанскага журналіста. Пад ліквідацыю патрапілі НДА самых розных кірункаў — ад абаронцаў жывёл да пісьменніцкіх i журналісцкіх.

Аксана Шэлест, сацыёлаг, былы старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, у інтэрв'ю газеце «Белорусы и рынок» адзначае, што «сённяшнія працэсы маюць шмат негатыўных эфектаў не толькі для грамадства ў цэлым, але і для існуючай сістэмы ўлады і кіравання».

— Падзеі вакол НДА яшчэ раз дэманструюць стан прававога дэфолту ў краіне і яшчэ больш пагаршаюць імідж Беларусі ў міжнародных адносінах і структурах. Вось, напрыклад, самы яркі з апошніх прыкладаў — ліквідацыя ГА «Экадом» і праблемы з Орхускай канвенцыяй, якія ўзніклі ва ўладаў, калі існуючая сістэма кіравання вымушана ўступаць у канфлікт і разбірацца з міжнароднымі абавязацельствамі. Некаторыя з ліквідаваных НДА з'яўляліся партнёрамі або часткамі міжнароднай сеткі арганізацый, як, напрыклад, ПЭН-цэнтр, таму іх знішчэнне становіцца яшчэ адной падставай для ўзмацнення жорсткасці рэакцыі Захаду на падзеі тут.

— Як і калі ліквідацыю трэцяга сектара адчуе беларускае грамадства ў цэлым?

— Самыя хуткія эфекты — гэта ўсё тое, што звязана з сацыяльнымі паслугамі, з уразлівымі групамі, з якімі працавалі арганізацыі. Гэта згортванне праграм работы з інвалідамі, з пажылымі людзьмі, з хворымі на ВІЧ / СНІД, з праблемамі сямейнага гвалту. У трэцяга сектара тут сапраўды вялікі вопыт, рабілася многае, НДА закрывалі лакуны, якія дзяржсістэма не магла закрыць, — і рэсурсна, і фінансава, і ведамі, паслугамі, дзеяннямі. Цяпер тут зноў пуста, і ад гэтага ў першую чаргу пакутуюць людзі, якія карысталіся гэтымі сацуслугамі. Гэта адразу заўважна, гэта б'е па звычайных людзях, якія аказваюцца без дапамогі, без абароны, без ужо звыклых для іх выгод, — для іх такія змены вельмі балючыя.

Ёсць яшчэ вельмі сур'ёзныя эфекты, але адкладзеныя. З ліквідацыяй НДА і трэцяга сектара, губляюцца функцыі грамадзянскага кантролю і экспертызы, напрыклад, такія быццам бы простыя рэчы, як грамадскія слуханні, якія з'яўляюцца формай грамадзянскага кантролю над нейкімі працэсамі. Гэты элемент важны не толькі таму, што дазваляе ўлічваць інтарэсы грамадзян і пазбягаць канфліктаў, але і таму, што гэта дадатковы фокус кантролю, які дазваляе пазбегнуць памылак, недахопаў, невуцтва, недаглядаў у тых галінах, якія ў прынцыпе могуць быць небяспечнымі — пры будаўніцтве аб'ектаў, планаванні змяненняў і г. д. Думаю, зразумела, якія пагрозы нясе адмова ад грамадзянскага кантролю.

І яшчэ адзін вельмі сур'ёзны негатыўны эфект — страта экспертызы. У нас вырас сур'ёзны кластар экспертных арганізацый і экспертызы ў розных галінах. Удзел грамадзянскай экспертызы нават у ранейшых, абмежаваных, формах у прыняцці рашэнняў на дзяржузроўні — праз грамадска-кансультатыўныя саветы, проста праз кансультацыі — дазвалялі ўсё ж такі прымаць больш асэнсаваныя і сучасныя рашэнні. Пазбаўляючыся экспертызы з боку НДА, мы губляем не толькі дэмакратычны кампанент прыняцця рашэнняў, але і якасць рашэнняў.

— Ці можа ліквідацыя трэцяга сектара паўплываць на развіццё дзяржавы ў цэлым?

— «Выразаючы», як гэта прагучала, грамадскі сектар, улады вельмі моцна затармозіць магчымасці развіцця краіны ў сусветным руху.  Трэці сектар — гэта заўсёды прастора эксперыменту і пранікнення новага. Менавіта праз грамадскія арганізацыі часцей за ўсё апрабуюцца і ўкараняюцца ў эксперыментальным рэжыме ўсякія інавацыйныя рэчы не тэхналагічнага і не тэхнічнага характару, а сацыяльнага: адукацыйныя практыкі, нейкія новыя культурныя нормы, нормы адносін, менеджменту. Затым гэта можа пашырацца і з'яўляцца на дзяржузроўні, у сістэме дзяржменеджменту і проста распаўсюджвацца ў грамадстве. Чым добрая гэтая эксперыментальная пляцоўка — яна нікога ні да чаго не абавязвае. Прыжывецца — выдатна, не прыжывецца — ну і не страшна. Калі мы аказваемся пазбаўленымі гэтай прасторы, то яшчэ больш адстаём ад зменлівага свету, а ён цяпер змяняецца і рухаецца вельмі хутка.

Будуць і агульнагуманітарныя эфекты. Спроба выключыць наогул прыватную ініцыятыву, зрабіць яе першапачаткова незаконнай адаб'ецца, я б сказала, на якасці людзей. Закрываюцца магчымасці свабоды, праявы ініцыятывы, у тым ліку і адказнасці — пачынаючы ад свайго двара або пад'езда і заканчваючы краінай. У выніку атрымліваем не грамадзян — самастойных і адказных, а падданых, якія могуць толькі ўдзельнічаць у дзеяннях, выбудаваных па вертыкалі. Значыць, мы не можам разлічваць на тое, што людзі будуць паводзіць сябе свабодна і адказна, на тое, што яны будуць укладваць уласныя намаганні, рэсурсы, час у развіццё чагосьці большага, чым толькі сваё прыватнае.

— Ці будзе зроблена спроба замяніць трэці сектар? І чым?

— На самай справе гэта нічым замяніць нельга. Зразумела, што нейкі час за НДА можна выдаваць гонга —арганізаваныя дзяржавай недзяржаўныя арганізацыі. Гэтая практыка не новая, у СССР жа таксама былі грамадскія арганізацыі: неверагодна масавыя прафсаюзы, піянерыя, камсамол і іншае. Але наўрад ці гэтымі гонга можна кагосьці пераканаць за межамі Беларусі, ды і для ўнутранага спажывання так сабе эфект… Штучна створаныя НДА стануць яшчэ адным элементам вертыкальнага кіравання, але ў цяперашніх умовах карысці ад гэтага не будзе ні для каго. У нармальных умовах узаемадзеяння НДА кампенсуюць разнастайныя недахопы сістэмы кіравання, дапаўняючы яе сваім рэсурсам, а штучна створаныя толькі пажыраюць рэсурсы дзяржавы.