Чаму трэба дакументаваць катаванні і ці можна зрабіць гэта бяспечна

На пачатку новага года Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі апублікуе вынікі грамадскага расследавання аб злачынствах у ЦІП на Акрэсціна, праз якія прайшлі тысячы беларусаў, будуць названы імёны тых супрацоўнікаў, якіх апазналі пацярпелыя.

Выхад з Акрэсціна. Ілюстрацыйнае фота

Выхад з Акрэсціна. Ілюстрацыйнае фота

Ці цяжка раскрываць імёны сілавікоў і ці бяспечна сёння пацярпелым і дакументатарам фіксаваць гісторыі катаванняў у сувязі з кейсам укаранення агента ГУБАЗіК у «Чорную кнігу Беларусі»? «НЧ» узяў каментар у прадстаўніка камітэта Сяргея Усцінава.
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі задакументаваў больш за 1700 гісторый. На аснове аналізу гэтых даных праваабаронцы выпусцілі 8 аналітычных справаздач, а таксама пачалі серыю грамадскіх расследаванняў па аднаўленні карціны злачынстваў у РУУС і ізалятарах, аб масавых парушэннях правоў чалавека з боку ГУБАЗіК.


Так, у выніку першага грамадскага расследавання па катаваннях у Фрунзенскім РУУС Мінска ўдалося выявіць імёны 11 супрацоўнікаў, якія альбо здзекаваліся над затрыманымі, альбо глядзелі на гэта і нічога не рабілі. Аналітыкі вывучалі інтэрв'ю пацярпелых, супрацоўнікі звязваліся з імі і прапаноўвалі апазнаць фатаграфіі сілавікоў з Фрунзенскага РУУС, якія былі прадастаўлены «Чорнай кнігай Беларусі». Так адбывалася ідэнтыфікацыя.
«Апазнаць усіх супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў катаваннях затрыманых, складана, бо многія былі ў масках і балаклавах, затрыманым не давалі магчымасці падняць галаву, ды і людзі былі ў стрэсе: калі цябе збіваюць і катуюць, запомніць і апазнаць чалавека, тым больш праз некалькі гадоў, усё складаней, — тлумачыць Сяргей Усцінаў. — Менавіта таму такія расследаванні актуальныя, і мы стараемся правесці іх як мага хутчэй і заклікаем тых пацярпелых, хто яшчэ не дакументаваўся, зрабіць гэта».

«Мы не дзяліліся сваёй інфармацыяй з «ЧКБ»

Не выключана, што людзі зараз будуць баяцца дакументавацца ў сувязі са скандалам аб укараненні агента ГУБАЗіК Артура Гайко ў «ЧКБ». Якія меры абароны ў Камітэта для дакументатараў і дакументаваных?
«ЧКБ» далі нам фотаздымкі супрацоўнікаў Фрунзенскага РУУС з іх званнямі. У гэтым заключалася ўсё наша супрацоўніцтва падчас правядзення расследавання злачынстваў у тым РУУС. Мы не абменьваліся з імі ніякай іншай інфармацыяй», — растлумачыў Сяргей Усцінаў.

Сяргей Усцінаў

Сяргей Усцінаў

Праваабаронца пералічыў меры бяспекі ў працы Камітэта:
«Мы працуем з абмежаваным колам дакументатараў са жніўня 2020 года. Яны ўсе верыфікаваны, і ўсе ўжо знаходзяцца за мяжой. З усімі дакументатарамі падпісаны дагавор аб неразгалошванні. Сабраная інфармацыя захоўваецца на серверах па-за Беларуссю. База даных распрацавана такім чынам, што да яе няма доступу для ўсіх удзельнікаў камітэта, нават я не маю поўнага доступу да базы. Аналітыкі бачаць толькі інфармацыю і нумар апытанага, без імя і прозвішча. Аналітыкі таксама па-за межамі Беларусі. Прозвішча апытанага ведае толькі дакументатар. Пасля інтэрв'ю дакументатар перасылае даныя ў Камітэт і знішчае іх у сябе.


Той, каго мы дакументуем, сам вырашае, як распараджацца сваёй гісторыяй. Існуе працэдура згоды, па якой чалавек удакладняе, ці дазваляе ён дзяліцца сваёй гісторыяй у публічных справаздачах, адпраўляць звароты па яго справе ў міжнародныя інстанцыі, суды або наогул не аналізаваць, нідзе не выкарыстоўваць да лепшых часоў. То-бок чалавек сам вырашае, наколькі ён хоча даць ход гэтай інфармацыі».
«Свае грамадскія расследаванні мы праводзім самастойна, без прыцягнення былых сілавікоў, толькі на аснове задакументаваных гісторый, — удакладняе прадстаўнік Камітэта. — У нас няма доступу да размяшчэння частак, дарожных лістоў аўтазакаў і іншай службовай інфармацыі, якая дазволіла б расследаваць злачынствы цалкам. Мы публікуем толькі тыя падзеі і падрабязнасці, якія згадвалі затрыманыя і пацярпелыя, называем імёны толькі тых сілавікоў, якіх яны апазналі. Але калі ў Беларусі пачнецца сапраўднае расследаванне злачынстваў рэжыму, у следчых не будзе праблем дастаць тую службовую інфармацыю, ды і самі сілавікі будуць здаваць сваіх калег, каб зняць віну з сябе ці атрымаць паслабленне ў пакаранні. Таму я ўпэўнены, што аднавіць усе імёны злачынцаў будзе нескладана».

Якое пакаранне чакае сілавікоў-злачынцаў

Дзеянні сілавікоў можна кваліфікаваць па артыкуле 128 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — «злачынствы супраць бяспекі чалавецтва». За катаванні ці акты жорсткасці, здзейсненыя ў сувязі з палітычнымі перакананнямі грамадзянскага насельніцтва, прадугледжана пазбаўленне волі ад 7 да 25 гадоў, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне.


У задакументаваных гісторыях шмат фактаў, якія паказваюць, што беларусаў катавалі і прыніжалі менавіта за іх палітычныя погляды.
Напрыклад, катуючы, сілавікі казалі «Перамен захацелі?», «Вам дрэнна жылося ў Беларусі?», «Няма чаго галасаваць за Ціханоўскую, перамен вам не відаць», прымушалі крычаць «Лукашэнка — наш любімы прэзідэнт». Пры гэтым больш жорсткі гвалт ужываўся да тых, хто размаўляў на беларускай мове, у каго былі герб »Пагоня», бел-чырвона-белы сцяг, белыя бранзалеты.
Дзеянні тых супрацоўнікаў, хто бачыў катаванні затрыманых і нічога не рабіў, могуць быць кваліфікаваны паводле часткі 2 артыкула 425 КК Беларусі — «бяздзейнасць службовай асобы». Гэта караецца пазбаўленнем волі ад 2 да 7 гадоў.
Па міжнародным крымінальным праве такія злачынствы таксама кваліфікуюцца як «катаванні і іншыя бесчалавечыя дзеянні» і падпадаюць пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда. Існуе механізм універсальнай юрысдыкцыі, які прадугледжвае магчымасць прыцягнуць грамадзян Беларусі да крымінальнай адказнасці ў любой краіне — удзельніцы міжнародных канвенцый па барацьбе з міжнароднымі злачынствамі. Крымінальны працэс у парадку ўніверсальнай юрысдыкцыі ўжо пачаты ў Літве, падрыхтоўчая праца вядзецца ў Германіі, Польшчы і Чэхіі.