Камітэт ААН па правах чалавека будзе прымаць скаргі ад беларусаў да 8 лютага 2023 года

Камітэт ААН па правах чалавека выказаў глыбокае шкадаванне ў сувязі з дэнансацыяй Беларуссю Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Беларусь далучылася да гэтага дакумента 30 гадоў таму.

kamitet_aan.jpg


Такі крок Мінска пазбавіць ахвяр парушэнняў правоў чалавека ў гэтай краіне магчымасці падаваць свае скаргі ў Камітэт ААН, паведамляе прэс-служба ААН.
«Магчымасць падачы індывідуальных скаргаў у Камітэт, несумненна, з'яўляецца адным са спосабаў, да якога звярталіся і па-ранейшаму звяртаюцца многія асобы, што дамагаюцца справядлівасці. Пазбаўленне ахвяр такой істотнай магчымасці з'яўляецца сур'ёзнай перашкодай для абароны правоў чалавека ў адпаведнасці з Пактам», — пракаментавала старшыня Камітэта Фаціні Пазарцыс.
Беларусь ратыфікавала Факультатыўны пратакол 30 верасня 1992 года. За апошнія трыццаць гадоў Камітэт разгледзеў сотні скаргаў у дачыненні да Рэспублікі Беларусь па шырокім коле пытанняў, ад свабоды выказвання меркаванняў і права на мірныя сходы да справядлівага судовага разбору па справах, звязаных са смяротным пакараннем.
Паведамляючы аб сваім рашэнні аб дэнансацыі, Беларусь не прадставіла канкрэтных тлумачэнняў і не правяла якіх-небудзь кансультацый з грамадзянскай супольнасцю і няўрадавымі арганізацыямі. Рэспубліка Беларусь стала чацвёртай дзяржавай у гісторыі і адзінай дзяржавай у XXI стагоддзі, якая выйшла з Факультатыўнага пратакола, ратыфікаванага 117 дзяржавамі.
Камітэт адзначыў, што рашэнне аб выхадзе з Пратакола набудзе моц 8 лютага 2023 года, праз тры месяцы пасля таго, як Генеральны сакратар ААН атрымаў адпаведнае апавяшчэнне ад дзяржавы-ўдзельніцы. Камітэт працягне прымаць, рэгістраваць і разглядаць усе скаргі да названай даты. Па ўсіх скаргах, якія зараз знаходзяцца на разглядзе Камітэта, будуць вынесены рашэнні. Акрамя таго, у адносінах да спраў, у якіх былі ўстаноўлены парушэнні правоў заяўнікаў, па-ранейшаму будзе ажыццяўляцца наступная дзейнасць у адпаведнасці з палажэннямі Правіл працэдуры Камітэта.


«Камітэт спадзяецца, што Рэспубліка Беларусь у будучым перагледзіць сваё рашэнне і зноў далучыцца да Факультатыўнага пратакола, адновіць магчымасць падачы скаргаў, якой доўгі час карысталіся яе грамадзяне», — дадала Пазарцыс. Яна падкрэсліла, што Камітэт застаецца адданым духу супрацоўніцтва і дыялогу з дзяржавамі — удзельніцамі Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Грамадзяне Беларусі больш не змогуць звяртацца са скаргамі наконт парушэння сваіх правоў у Камітэт па правах чалавека ААН.
Зварот у КПЧ ААН заставаўся для беларусаў адным з нешматлікіх інструментаў наўпроставай абароны сваіх правоў (хоць улады краіны часта ігнаравалі рашэнні Камітэта). Звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека, як грамадзяне большасці краін Еўропы, беларусы не могуць, бо Беларусь не ўваходзіць у Раду Еўропы.


Як раней тлумачыў намеснік кіраўніка МЗС Беларусі Юрый Амбразевіч, прычына выхаду з дагавора ў тым, што Камітэт па правах чалавека ААН, на думку беларускіх улад, умешваецца ва ўнутраныя справы краіны. КПЧ «самавольна пашырыў свае паўнамоцтвы, якія стварылі дадатковыя неабгрунтаваныя абавязацельствы для нашай краіны», заявілі ў Савеце рэспублікі.