Хронікі рэпрэсій. Сілавікі пайшлі на дзяржпрадпрыемствы, а Instagram «Вясны» — ужо двойчы «экстрэмісцкі»
З дапамогай інфармацыі ад праваабаронцаў і з адкрытых крыніц сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 25 лістапада.
МУС павялічыла «спіс экстрэмістаў» адразу на 178 чалавек. Большасць з іх — палітычныя.
* * *
У «Віцебскэнерга» сілавікі правялі ператрус у начальніцы аддзела бухуліку і эканамічнага планавання. Жанчыну забралі ў КДБ, а затым арыштавалі на 15 сутак і змясцілі ў ІЧУ. Таксама затрыманы вядучы інжынер «Мінскэнерга». Яго абвінавачваюць у перадачы персанальных даных больш за 500 службовых асоб.
* * *
Арыштаваны палітвязень «хімік», кіраўнік гарадзенскай студыі «Іквадарт» Глеб Койпіш. Пра гэта паведамляе @nebovkletku са спасылкай на старонку айцішніка ў Instagram. Вядома, што сёння адбыўся судовы працэс у дачыненні да Койпіша «за распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Яго вынік пакуль невядомы. Глеб ужо асуджаны на два гады «хіміі» за ўдзел у счэпцы 11 жніўня 2020 года.
* * *
Праваабаронцы паведамляюць, што знакаміты беларускі самелье Аляксандр Кульбачка знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага.
Пра затрыманне вядучага тэлеграм-канала «Саша і віно» стала вядома 12 кастрычніка. Паводле папярэдняй інфармацыі, яму прад'яўлена абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
* * *
У Паставах мінімум у 11 чалавек прайшлі ператрусы. Ёсць затрыманыя. Нагодай сталі пратэсты ў 2020 годзе. Паведамляецца, што ператрусы праходзілі і ўчора. Сярод затрыманых Юрый Дзіковіч, Уладзімір Лашчатка і Сяргей Ляўко. У Дзіковіча быў ператрус яшчэ ў пачатку 2021 года, ён знаходзіўся ў статусе падазраванага за каментар у Тэлеграме.
* * *
Старшыні ліквідаванага «Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў» Аляксандру Ярашуку прад'яўлена новае абвінавачванне — заклікі да санкцый. Па той частцы, якая інкрымінуецца прафсаюзнаму лідару, яму пагражае ад 4 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Ярашук публічна і адкрыта выказаўся супраць увядзення жорсткіх санкцый у дачыненні да Беларусі, праз што часта трапляў пад крытыку з боку шэрагу дэмакратычных актывістаў. Тым не менш менавіта за заклікі да санкцый улады хочуць прыцягнуць Ярашука да адказнасці.
* * *
У дачыненні да маці «каліноўца», камандзіра разведвальнай роты Паўла «Волата» (загінуў 15 траўня пры выкананні баявога задання на поўдні Украіны) распачата крымінальная справа. Як паведамляюць праўладныя Telegram-каналы, справа распачата па арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») за інтэрв'ю тэлеканалу «Б*ЛСАТ». Маці Паўла цяпер знаходзіцца ва Украіне.
Характэрна, што ў сваім допісе да гэтай навіны ГУБАЗіК размясціў малюнак кавадла над фотаздымкам загінулага беларуса.
* * *
Як паведамляе БАЖ, журналіст незалежнага рэгіянальнага выдання «Ганцавіцкі час» Ірына Дамарацкая нядаўна атрымала позву з мясцовага РАУС. Міліцыя пачала расследаванне ў сувязі з публікацыямі на сайце выдання пра прыватнае прадпрыемства, дзе затрымлівалі заробак работнікам. У выніку Ірыне так і не ўдалося даведацца, што менавіта яна парушыла. Затое яе падрабязна дапыталі ў аддзяленні міліцыі не толькі пра тое, як паўстала тэма затрымкі заробку, але і на якой падставе працуе сайт «Ганцавіцкі час».
* * *
Суд Заводскага раёна Мінска абвясціў прысуд актывісту анархісцкага руху, палітвязню Дзмітрыю Дубоўскаму. Суддзя Алег Каляда прызнаў палітвязня вінаватым па ч. 2 арт. 339 («Хуліганства») і ч. 2 арт. 218 КК («Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці») і дадаў яму пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Паколькі Дубоўскі ўжо быў асуджаны да 18 гадоў калоніі строгага рэжыму, шляхам частковага складання прысудаў ён у выніку быў асуджаны да 20 гадоў калоніі строгага рэжыму.
Дзмітрыя абвінавачвалі па падзеях у Мінску і Салігорску ў 2009 і 2010 гадах.
* * *
Сёння ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся судовы працэс над актывістамі беларускіх незалежных прафсаюзаў — палітвязнямі Генадзем Фядынічам, Васілём Берасневым і Вячаславам Арэшкам. Іх абвінавачваюць у закліку да ўжывання абмежавальных мер, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзеле ў ім (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК). Суд над актывістамі незалежных прафсаюзаў зрабілі закрытым, адбылося гэта з падачы пракурора Рамана Бізюка.
Справу разглядае суддзя Анастасія Папко.
* * *
Праваабаронцам сталі вядомы вынікі суда над стаматолагам-артапедам медыка-санітарнай часткі «Гродна Азот» Аляксандрам Дураевым, які амаль 50 разоў абразіў прадстаўнікоў улады і непасрэдна Лукашэнку ў сацыяльных сетках. Акрамя таго, некаторыя выказванні лекара былі палічаны паклёпам на Лукашэнку.
Судовы працэс пад кіраўніцтвам суддзі Віталя Лабоцкага пачаўся 28 красавіка, аднак вытворчасць па справе была прыпынена ў сувязі з правядзеннем комплекснай лінгвістычнай экспертызы. Затым была абвешчана чарговая адтэрміноўка, якая дазваляе адказчыку выплаціць матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым.
У выніку суд доўжыўся амаль пяць месяцаў. Гарадзенскага стаматолага-артапеда асудзілі да трох гадоў калоніі.
* * *
Палітвязню Івану Зянько, якога раней двойчы судзілі па пратэсных справах, дадалі яшчэ год пазбаўлення волі. Яго судзілі ў судзе Шклоўскага раёна 9 лістапада па ч. 1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Суддзя — Аляксандр Тараканаў. Гэта ўжо трэці суд над Іванам Зянько за два гады знаходжання ў няволі.
Цяпер палітвязень чакае разгляду апеляцыйнай скаргі ў магілёўскай турме №4.
* * *
Instagram «Вясны» прызналі «экстрэмісцкім» ужо другі раз. 17 лістапада суд Ленінскага раёна Гродна прыняў рашэнне, якім прызнаў шэраг каналаў і старонак у Instagram «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Сярод іх ёсць старонка ў Instagram «viasna96». Але яна раней ужо была прызнан «экстрэмісцкай» — 27 студзеня 2022 года рашэннем суда Чыгуначнага раёна Гомеля.
Столькі ў Беларусі «экстрэмістаў» — за ўсімі не ўсочыш.