Пачалі судзіць актывістаў незалежных прафсаюзаў. Працэс зрабілі закрытым

Судовы працэс над актывістамі незалежных прафсаюзаў зрабілі закрытым.

prafsajuz_sud2022_11_25_11_20_34.jpg

У Мінскім гарадскім судзе 25 лістапада пачынаецца судовы працэс над актывістамі беларускіх незалежных прафсаюзаў — палітвязнямі Генадзем Фядынічам, Васілём Берасневым і Вацлавам Арэшкам.

Іх абвінавачваюць у закліках да мер абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт 130), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзеле ў ім (ч.1 і ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса).

Справу прызначаная разглядаць суддзя Анастасія Папко.

Судовы працэс зрабілі закрытым. Гэта адбылося па прапанове пракурора Рамана Бізюка.


Генадзь Фядыніч — былы кіраўнік незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці — РЭП. У 2018 годзе за актыўную прафсаюзную дзейнасць быў асуджаны да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання — «хатняя хімія». 11 красавіка 2022 г. КДБ прызнаў Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці «экстрэмісцкім фармаваннем».

Генадзя затрымалі 19 красавіка 2022 года і змясцілі ў СІЗА КДБ. Пазней яго перавялі ў СІЗА-1.

Васіль Бераснеў — лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Ён быў затрыманы 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы. Мужчыну змясцілі ў СІЗА і прад'явілі абвінавачванні.

У Васіля значна пагоршылася здароўе ў СІЗА, ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы.

Вячаслаў Арэшка — беларускі палітолаг і грамадскі дзеяч, актывіст прафсаюза, вядомы як Вацлаў Арэшка. Затрыманы 19 красавіка 2022 года пасля ператрусу ў кватэры. Вячаслава змясцілі ў СІЗА КДБ, яму прад'явілі абвінавачванне. У ліпені яго перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Крымінальны пераслед прафсаюзных лідараў і актывістаў суд вырашыў пакінуць для грамадства таямніцай.


Незалежны прафсаюзны рух у Беларусі ліквідаваны

Рашэннем Вярхоўнага суда ў Беларусі 12 ліпеня ліквідаваныя Беларускі незалежны прафсаюз і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Апошні ў красавіку быў прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй».

14 ліпеня Вярхоўны суд прыняў рашэнне па Свабодным прафсаюзе Беларускім (СПБ) і Свабодным прафсаюзе металістаў (СПМ). 18 ліпеня — па Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў.

10 чэрвеня генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб спыненні дзейнасці некалькіх незалежных прафесійных аб’яднанняў, такіх як СПМ, СПБ, БНП, РЭП і БКДП.


Падтрымайце палітвязняў:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Генадзь Фёдаравіч Фядыніч, Вячаслаў Міхайлавіч Арэшка, Васіль Ціханавіч Бераснеў.