Катавалі гімнам, не давалі размаўляць на роднай мове, называлі нацыстамі

Вы, напэўна, вырашылі, што гэта чарговы расповед пра катаванні ў беларускіх СІЗА. На самай справе гэта пра жудасці расійскага палону, пра якія расказала ўкраінская дзяўчына.

Ганна Олсен. Фота: Новинарня

Ганна Олсен. Фота: Новинарня

Сонечная жыццярадасная дзяўчына з пазыўным “Рыжуля” (або яшчэ – "Лімонка") цудам выжыла ў пекле расійскіх бамбардзіровак. Прайшла праз фізічныя і псіхалагічныя катаванні ў рашысцкім палоне, дзе дагэтуль застаецца яе муж. І вельмі сумуе па дачцэ, якая апынулася на акупаванай тэрыторыі Херсоншчыны.

«Расейцы расстрэльвалі параненых пацыентаў-вайскоўцаў»

Ганне Олсен 26 гадоў. І з іх пяць гадоў дзяўчына служыць у 36-й брыгадзе марской пяхоты, якая месціцца ў яе родным Мікалаеве.

Перад поўнамаштабным уварваннем расейскіх войскаў Рыжуля знаходзілася на ратацыі ў пасёлку Каменск на паўночнай ускраіне Марыупаля. Гэта невялікая тылавая частка: харчовыя і рэчавыя склады, медыцынская служба і таму падобнае.

Аня займалася звычайнай тылавой працай ваеннага медыка: падпісаннем дарожных лістоў, выдачай таблетак, бінтаваннем парэзаных пальцаў і лячэннем іншых бытавых траўмаў, з якімі сутыкаюцца вайскоўцы не на баявым заданні.

З набліжэннем 24 лютага да ведама асабістага складу давялі, што ў кожнага пастаянна павінен быць пры сабе "трывожны заплечнік" з мінімальным наборам неабходнага, што ў выпадку трывогі трэба бегчы ў сховішчы, таму што магчымыя ракетныя бамбардзіроўкі.

Поўнае ўсведамленне таго, наколькі ўсё сур'ёзна, прыйшло да Каменска 26 лютага, калі ў пункт дыслакацыі марпехаў упершыню "прыляцела" з расійскага самалёта. 

— На момант прылёту я якраз перабірала медыкаменты ў бункеры. І тут рэзкі свіст, бах!.. У першае імгненне ты сядзіш і не разумееш, што здарылася наогул — мозг проста не хацеў гэта прымаць. А тады залятаюць хлопцы і крычаць: "Патрэбны медык!”.

І ўсё: разгубленасць імгненнем знікае, ты хапаеш, што трэба, і бяжыш наверх — выконваць сваю працу.

Са мной былі дзяўчаты, якія ўжо мелі баявы вопыт, так што ўправіліся мы даволі хутка. Машына ацалела толькі адна, а параненых было восем. І яшчэ двое хлопцаў, на жаль, загінулі. Трэба было хутка зарыентавацца, каму можна аказаць дапамогу на месцы, а каго эвакуіраваць у бальніцу.

"Цяжкіх" было трое. І, да майго вялікі жаль, адзін з іх у рэшце рэшт не выжыў. Але не таму, што медыкі не змаглі яму дапамагчы. Ён бы ачуняў. Калі б другую марыупальскую лякарню, у якой ён ляжаў, не захапілі расейцы. Яго застрэлілі на месцы. І, мабыць, не толькі яго. Хоць там былі і вайскоўцы, і грамадзянскія.

Мне пра гэта ўжо распавялі пазней. Я была шакаваная. Я ж добра памятаю гэтага мужчыну: ён страціў шмат крыві, але заставаўся ў свядомасці, пастаянна з намі размаўляў, дапамагаў нам, як мог… 

Сапраўднае пекла ў Марыупалі пачалося ў сакавіку. На той час некалькі батальёнаў марской пяхоты, сярод якіх было і падраздзяленне дзяўчыны, ужо знаходзіліся на заводзе імя Ільіча, дзе, як і на "Азовстали", былі надзейныя падземныя бункеры.

Рыжулю як адзіную дзяўчыну ў падраздзяленні хлопцы ўсяляк аберагалі. Таму пакуль яны выконвалі розныя баявыя задачы, Аня фактычна ўвесь час знаходзілася ў хованцы з іншымі жанчынамі і параненымі — усяго каля 70 чалавек.

— Найбольш цяжкім аказвалі дапамогу ў іншым бункеры, дзе быў ваенны шпіталь. Там жа размяшчалася і кіраўніцтва нашай брыгады. А ў нас было толькі трое медыкаў, таму мы падзялілі абавязкі ў залежнасці ад таго, хто які меў досвед. Таму што адна справа, калі ты на кожнай ратацыі маеш справу з "баявымі". А калі ты з глыбокага тылу і самым складаным тваім "параненым" да гэтага часу быў кухар, які па безуважлівасці засунуў руку ў шынкоўку…

Хоць мне як фельчару было крыху лягчэй у гэтым плане, таму што я працавала на "хуткай дапамозе". Як дзесьці чагосьці не ведаеш, то кемлівасць выратоўвае. Але ўсё роўна баявы вопыт — гэта баявы вопыт.

«Мы знаходзіліся ў трох кольцах рускіх войскаў»

У нейкі момант у наш бункер прыйшоў камандзір майго падраздзялення, каб параіцца. У нашым падраздзяленні ўсе рашэнні, якія датычылі ўсіх нас, заўсёды прымаліся калектыўна. Камандзір заўсёды з намі раіўся: абмаляваў сітуацыю, выказваў сваё меркаванне, выслухоўваў нашы. І ўрэшце мы даходзілі да нейкага агульнага кампрамісу. Гэта такая вялікая сям'я, нездарма да нас заўсёды ўсе імкнуліся патрапіць.

Словам, ён прыходзіць, распавядае ўсё, як ёсць, і кажа, што будзе спроба прарвацца з акружэння. Да таго часу мы знаходзіліся ў трох кольцах рускіх войскаў – нас акружала каля 14 тысяч. І самае першае, найбліжэйшае кальцо ўсё больш сціскалася: баі ўжо пачаліся не толькі на ўскраіне самога завода, але і фактычна каля нашых бункераў.

Ён патлумачыў ўсе рызыкі. І мы пагадзіліся, што трэба паспрабаваць.


Камандзір распавёў, які плюс-мінус будзе дарога; як сябе паводзіць, калі падаб'юць машыну (я павінна была ехаць разам з параненымі); як адрозніць сваіх ад рускіх; што, дзе і якія словы казаць і як мы павінны адказваць.

І вось у глыбокую ноч, дзесьці ў пачатку першай, мы паспрабавалі з'ехаць. У мяне ў падраздзяленні засталася толькі адна машына, скляпаная з дэталяў усіх тых машын, якія разбілі оркі. І вось мы ў яе пагрузіліся і паехалі: без ліхтароў, усляпую, давяраючы кіроўцу. Завод быў велізарны — здаецца, каля 10 квадратных кіламетраў.

Мы ўжо даволі шмат праехалі, калі пачалася бамбёжка. Самалёты, артылерыя, кулямёты — там было ўсё. І вось усё спынілася, ехаць далей немагчыма, вакол цябе нешта ўспыхвае, выбухае, гарыць.

Я сядзела ў машыне каля бензабака, машына была без тэнта. Гляджу: такое зорнае неба, прыгожае... і думаю: хаця б, калі прыляціць, то так, каб я нічога не паспела зразумець.

І тут наш камандзір загадвае рэзка паварочвацца. Мы адправіліся назад.

Як толькі даехалі да свайго бункера і пачалі выгружацца, як прама на нас ляціць самалёт і скідае бомбу ў ангар, які ўсяго метраў за 200. Я вам так скажу: там нават тыя, хто ў Бога не верыў, у яго паверылі.

Усе былі спалоханыя, брудныя, патрапала нас ладна, многіх кантузіла. Але нам вельмі пашанцавала: усе жывыя. Таму што ў цэлым у той час спробы прарыву было вельмі шмат "двухсотых". Нямала "прылётаў" падчас абстрэлу трапіла ў машыны, якія транспартавалі параненых... шмат хлопцаў і дзяўчат тады палегла. 

Мы хуценька забеглі назад, у бункер — і ўжо пасля гэтага вырашылі здавацца. 

«Яны сур'ёзна казалі, што мы нацысты, ямо дзяцей»

У выніку Ганна разам з іншымі трапіла ў палон.

— Перш за ўсё ў нас пазабіралі дакументы, каштоўныя рэчы, мабільныя тэлефоны. Пакінулі толькі цыгарэты тым, хто паліць, і тое не ўсім.

А што яны неслі! У іх мазгі прамытыя капітальна: нам казалі, што мы ямо дзяцей, што мы нацысты, фашысты, п'ем кроў снегіроў і гэтак далей. Ты глядзіш: перад табой дарослы чалавек, які табе ў бацькі гадзіцца. А такое чухае, што на галаву не налазіць!

Яшчэ яны распавядалі, што "гэта ўсё" з-за нас: таму што мы не захацелі ім даць волю далучыцца да Расійскай Федэрацыі, таму што гэта мы бамбім мірныя гарады, у прыватнасці Марыупаль, і да таго падобнае.

На шчасце, мы ў гэтым пункце прабылі ўсяго дзесьці гадзін шэсць. Нам нават далі гарбату! Хоць гэта таксама быў цікавы момант. Мы так скептычна на той чай паглядзелі, але іх старэйшы сказаў: “Не бойцеся, мы ж не вы. Мы не будзем нікога цкаваць".

Потым нас прывезлі ў Оленёўку (калонія ў аднайменным пасёлку на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці, дзе акупанты трымаюць ўкраінскіх палонных). І нашых хлопцаў там сустрэлі вельмі жорстка.

Дзяўчат тады не чапалі. Нас проста вывелі з аўтобуса і выстраілі ў шарэнгу. Да кожнай падыходзіў інспектар, які там быў на змене, запісваў прозвішча, імя і імя па бацьку, з якой брыгады, падраздзялення, калі і з якога завода трапіла ў палон.

Умовы ўтрымання, вядома, былі жудасныя: у камеры, разлічанай максімум на 6 чалавек, нас было 39. Спалі дзе толькі можна: на лаўцы, і пад лаўкай, на стале, пад сталом. Па двое, па трое на адзін квадратны метр. Адна ўставала, каб расцерці ногі, а другая клалася — гэтак і мяняліся.

Кармілі так сабе. На сняданак была траціна круглага белага хлеба і чай... Вось што-што, а з хлебам наогул праблем не было. І гэта быў наш, родны хлеб, таму што ён на смак быў свежым, і мы гэтаму радаваліся. Яшчэ быў абед, які па часе быў на самай справе бліжэй да вячэры. Тады давалі нейкую кашу, але яе было вельмі мала — менш за маю жменю. Наогул порцыі былі зусім смешныя, іх і нам, жанчынам, не хапала. А што ўжо і казаць пра хлопцаў.

Часам нас бралі на працы — чысціць бульбу або цыбулю, дапамагаць на кухні, разносіць гэтую ежу сваім жа хлопцам. Гэта была хоць нейкая камунікацыя, таму што іншай магчымасці іх убачыць мы не мелі.

Але там мы прабылі можа з тыдзень. І нас вывезлі на тэрыторыю Расеі… 

«Нам пашанцавала: ад стрэсу пайшоў гарманальны збой, і месячныя спыніліся»

— Як аказалася, нас прывезлі ў Таганрог, гэта Растоўская вобласць РФ. І як толькі нас вывелі з аўтобуса, мы зразумелі, што вельмі моцна ўліплі: зараз пачнецца гульня на выжыванне і на праверку твайго маральнага і псіхічнага духу.

Бо толькі мы ступілі на зямлю, нас паставілі ў позу каня. Каб вы разумелі: я ілбом павінна была дакранацца сваіх каленяў. Рукі заўсёды павінны быць за спіной, галава спрэс загнутая – ты ў прынцыпе не бачыш, куды бяжыш (а падганяюць). Не паспяваеш — цябе бяруць за шкірку, як кацяняці, і цягнуць, куды ім трэба.

Там нас трымалі ў СІЗА, дзе рассялілі па розных карпусоў і паверхах. Абыходзіліся там з намі так, што і ворагу не пажадаеш. Гэтыя людзі наогул паняцця не маюць, што такое Жэнеўская канвенцыя. Не давалі ніякай магчымасці звязацца з роднымі і нават паведаміць ім, што мы жывыя.

Ложкі былі жалезныя. А наконт ежы — то ў нас так нават сабак не кормяць. Есці такое проста немагчыма.

Нас ратавала толькі тое, што раз на дзень давалі па два кавалачкі чорнага і белага хлеба. Так на хлебе і вадзе і прасядзелі ўсе 35 дзён, колькі я там была.

"Купаліся" адзін раз у тыдзень у халоднай вадзе 3 хвіліны, таму аб якой-небудзь асабістай гігіене таксама гаворкі не было. Калі ў кагосьці пачыналіся "крытычныя дні", то выдавалі нейкія пракладкі, але яны зусім нічога не ўбіралі.

Праўда, у гэтым плане многім дзяўчатам "пашанцавала", таму што ад стрэсу пайшоў гарманальны збой, і менструацыі спыніліся.

anna_olsen_ryzhulya_dnipro_18.jpg


«Маё тату палівалі кіпенем: хацелі зняць разам са скурай»

— Вас дапытвалі?

— Пастаянна. Мы, дзяўчаты, чулі шмат абразаў у свой адрас: што "жанчыны павінны сядзець дома, цяжарыць і быць служкамі сваіх мужчын, а не сунуцца ў войска", і ўсё ў такім плане. Вядома, гэта ўсё суправаджалася вялікай колькасцю ненарматыўнай лексікі.

Допыты праводзілі пераважна расейскія кадравыя афіцэры, спецназ і аператыўныя работнікі, і ўсе яны паводзілі сябе, як звяры. Ужывалі не толькі маральныя, але і фізічныя катаванні. Па гендарнай прыкмеце ў гэтым сэнсе адрознівалі: маўляў, калі ўжо ты не сядзіш дома як мужчынская прыслуга, а надзела форму, то гэта твае праблемы, што табе цяпер будзе прылятаць. І білі яны, куды толькі хацелі... удакладняць не буду.

Пры гэтым расейцы пастаянна спрабавалі выявіць сярод нас тое нейкую дзяўчыну-снайпера, то агентку СБУ ці яшчэ што. І вечна спрабавалі прымерыць гэтую патрэбную ім ролю да кожнай з нас, каму што больш падыходзіць. Вось я чамусьці падыходзіла пад ролю снайпера больш за ўсё. На пытанне, чаму, атрымала адказ:

— Украінскіх татуіровак рашысты, як мы ведаем, вельмі не любяць.

— Так, за татуіроўку я адхоплівала ў фізічным плане вельмі часта і шмат. Вось гэта тату (паказвае руку) аблівалі кіпенем — спрабавалі яго "зняць". Пагражалі, што мне адрэжуць руку ці абрэжуць нажом скуру…

А дзецям было значна горш, чым нам. Мая камера была якраз насупраць "допытнай", куды іх заводзілі. І ў нас з 8 раніцы да позняга вечара было чуваць усё, што там адбывалася. Гэта яшчэ і маральна ціснула.

«Ты прачынаешся, ясі і нават ходзіш у туалет пад гімн РФ»

— А вы верылі ў тое, што вас звольняць, абмяняюць? Што Украіна пра вас не забылася?

— Скажу шчыра: часам праскоквала думка, што гэта ніколі не скончыцца. Вельмі ўжо даставала гэта пастаяннае прамыванне мазгоў. Яны ж бесперапынна казалі, што Украіны ўжо няма, што Еўропа ад нас адмовілася. Што тут ужо ўсюды расейскія банкі, расейская валюта, і мяняць нас ніхто не будзе, таму будзем сядзець там датуль, пакуль нейкі расеец не злітуецца і не наважыцца з некім ажаніцца…

Пастаянна круцілі нам гімн Расійскай Федэрацыі. Уявіце сабе: ты прачынаешся, ясі і нават у прыбіральню ходзіш пад гімн РФ, які цябе яшчэ і сілком прымушаюць вучыць і спяваць. Гэта мінімум па 17 разоў на дзень!

Пры гэтым нам увогуле забаранялася размаўляць на ўкраінскай мове. Калі гэта чулі, то спачатку былі пагрозы ў вуснай форме, а на другі ці трэці раз — ужо і фізічнае пакаранне. Але мы ўсё роўна хоць шэптам, але размаўлялі. І наогул, вельмі адна адну падтрымлівалі.

Я пастаянна казала: дзяўчаты, пра нас памятаюць, мы павінны ўсё вытрымаць. Не можа быць такога, каб наша краіна не хацела нас вярнуць дадому. Магу паспрачацца, што гэта менавіта расейскі бок нас не хоча пацвярджаць і падаваць на абмен.

І як аказалася, я мела рацыю.

zvilnennya_polonenyh_zhinok_17_10_2022_photo_2022_10_17_18_39_01.jpg


Аднойчы нас паднялі дзесьці ў 4-й, сказалі сабраць усе рэчы і адвялі ў "аўтазакі". Мы падумалі, што гэта чарговы перавод у іншае месца ўтрымання. І гэтым разам кудысьці далёка, бо прывезлі нас на аэрадром, быў чутны гул самалёта. Бачыць мы яго не маглі, таму што нам завязалі вочы і звязалі рукі скотчам (а каму менш пашанцавала — сцяжкамі). Але было зразумела, што вялікі самалёт. Нас пасадзілі прама на жалезны падлогу гэтакай "елачкай": кожнай казалі расставіць як мага шырэй ногі, каб наперадзе цябе "ў пахвіну" садзілася іншая дзяўчына. І так мы ляцелі недзе гадзіны тры.

Па іх размове ўжо можна было зразумець, што ляцім мы ў Крым. І насамрэч: калі нас вывелі з самалёта, у твар ударыў такі родны марскі вецер. Я да 2014 года вельмі часта ездзіла ў Крым з сябрамі, люблю яго вельмі. Так і адчула, што мы дзесьці каля Севастопаля (пасля аказалася, што так і было). 

Нам развязалі вочы і рукі, далі нават схадзіць у туалет — і пагрузілі ў Камазы з іх "Zеткамі". І як ні было страшна, што будзе далей, але галоўнае, што мы ўжо былі ва Украіне. Хай на пакуль акупаванай тэрыторыі, але ўсё роўна гэта ўжо свая зямля!

І вось нарэшце машыны спыніліся, борта пачалі расшываць. Я ніколі ў жыцці не думала, што так рада буду бачыць родную форму! 

І яшчэ ў дэмілітарызаванай зоне дзяўчаты пачалі спяваць гімн Украіны. Неарганізавана, несінхронна, хто як можа, але гэта было так прыемна!

Цалкам гісторыю Ганны можна пачытаць па спасылцы