«Ім проста падабаецца катаваць людзей, адчуваць сваю ўладу»

«Нашы справаздачы стануць асновай для расследванняў у вольных судах Беларусі», — лічаць у Камітэце па расследванні катаванняў у Беларусі. Але далёка не ўсе звяртаюцца да праваабаронцаў, асабліва зараз. Распавядаем, чаму важна фіксаваць і дакументаваць усе выпадкі катаванняў, і што з гэтай інфармацыяй рабіць далей.

Марш супраць тэрору. Фота Яны Трусіла

Марш супраць тэрору. Фота Яны Трусіла

2020 год стаў эпахальным у найноўшай гісторыі Беларусі. Яшчэ ўвесну падчас перадвыбарчай кампаніі пачаліся затрыманні актывістаў, арышты прэтэндэнтаў на кандыдаты ў прэзідэнцкіх выбарах. Але пасля сфальсіфікаваных 9 жніўня выбараў і далейшых мірных пратэстаў рэпрэсіі набылі масавы і асабліва жорсткі характар, спісы затрыманых вымяраліся сотнямі і тысячамі, да людзей ужываўся фізічны гвалт як падчас затрыманняў, так і ў месцах зняволення, праваабарончыя арганізацыі былі канчаткова разгромленыя. Усё гэта спрычыніла ўзнікненне Камітэта па расследванні катаванняў у Беларусі, які паставіў задачай збор звестак і сведчанняў пра кожнага рэпрэсаванага і пацярпелага па палітычных матывах.



Пра мэты арганізацыі, акалічнасці збору звестак, складанасці пры працы ў цалкам закрытым грамадстве і сапраўдны размах рэпрэсіўнай машыны «Новы Час» пагутарыў з Марыяй — менеджаркай па камунікацыі ў Камітэце. Дзяўчына папрасіла не называць яе прозвішча, бо апасаецца за сваіх сваякоў у Беларусі.


katavanni_4.jpg

Фота: Natalia FedosenkoTASS via Getty Images

«Мы змаглі сабраць і даныя пацярпелых, і сведак і нават выявіць асобы «таварышаў», якія катавалі людзей»


— Пасля выбараў 2020 года мы ўсе сутыкнуліся з рэкордным узроўнем гвалту: толькі з 9 па 12 жніўня толькі па афіцыйных звестках было затрымана больш за сем тысяч мірных пратэстоўцаў. Рэакцыя на гэта з боку праваабаронцаў была вельмі хуткай, і ўжо напрыканцы жніўня група прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый аб’ядналася ў Камітэт па расследванні катаванняў у Беларусі, агульнай мэтай ставілася фіксацыя як мага большай колькасці выпадкаў катаванняў беларусаў, — кажа Марыя.


— То-бок гэта адразу была праца на высокім прафесійным узроўні — яе выконвалі праваабаронцы ў адпаведнасці з адзінай міжнароднай метадалогіяй, усе кейсы збіраліся ў агульную базу. Дагэтуль збор звестак застаецца асноўным напрамкам нашай дзейнасці.


У жніўні-верасні-кастрычніку 2020 года, калі было вельмі шмат выпадкаў, безліч людзей было за кратамі, нехта выходзіў, нехта не — быў велізарны аб’ём працы, праз гэта мы працавалі ў фармаце «пытанне-адказ»: задавалі пацярпелым людзям пытанні адносна таго, што яны перажылі, у якіх умовах утрымліваліся, дзе адказы былі «так» ці «не». З пачатку 2021 года мы перайшлі на больш базісны падыход у адпаведнасці са стамбульскім пратаколам — гэта ўжо доўгая размова, якая цягнецца паўтары-дзве, часам і тры, гадзіны, калі чалавек распавядае сваю гісторыю ад пачатку да канца. Спецыяльныя людзі, якіх мы называем у камітэце дакументатарамі, гэта ўсё фіксуюць, потым апрацоўваюць і выходзіць такім чынам адзіная база, у якую ўносім усе даныя.


Дакументацыя застаецца асноўным, але не адзіным напрамкам. Па-першае, гэта аналітычны напрамак — выпрацоўка справаздачаў і расследванняў на розныя бакі відаў катаванняў, што адбываліся і адбываюцца ў дачыненні беларусаў. Напрыклад, катаванні ў дачыненні да жанчын, ці ўмовы затрымання, умовы ўтрымання ў месцах зняволення і г.д. Гэта розныя бакі рэпрэсій.


Расследванні — самы новы наш напрамак. Аналітычны аддзел разбіраецца, што адбывалася ў канкрэтным месцы, у канкрэтны час.

На бягучы момант выпусцілі адно расследванне па Фрунзенскім РУУСе горада Менска: што адбывалася там акурат з 9 па 12 жніўня. Мы змаглі сабраць і даныя пацярпелых, і сведак і нават выявіць асобы «таварышаў», якія катавалі людзей.

Апошняя справаздача тычыцца непасрэдна антываенных пратэстаў у Беларусі, яе мы рабілі непасрэдна разам з «Гаюном» у супрацоўніцтве.


Таксама істотны кірунак нашае дзейнасці — універсальная юрысдыкцыя, то-бок гэта юрыдычны кірунак працы: мы дапамагаем людзям прайсці працэдуру міжнароднай юрысдыкцыі, скласці хадайніцтва, рыхтуем да размоваў са следчымі ворганамі (на дадзены момант Літвы). І ўрэшце праводзім увесь гэты працэс па атрыманні статусу пацярпелага і наступных крокаў.


Фота: dw.com

Фота: dw.com

Таксама міжнародная адвакацыя — лабаванне інтарэсаў пацярпелых на міжнародным узроўні, бо мы працуем і з нашымі дэмсіламі, і з міжнароднымі арганізацыямі. Мы з’яўляемся часткай платформы па прыцягненні вінных да адказнасці (International Accountability Platform for Belarus), якая таксама аб’ядноўвае еўрапейскіх праваабаронцаў у гэтай галіне, і працуем з ААН у гэтым кірунку, бо ААН рыхтуе справаздачы па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, мы праводзім з імі кансультацыі, датычныя таго, як працуюць рэпрэсіі зараз, як працавалі дагэтуль, якія праблемы ёсць у беларусаў, што былі катаваныя і выязджаюць, альбо што адбываецца з людзьмі, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў Беларусі. Не заўжды ёсць агульнае разуменне ў буйных міжнародных арганізацыях. Але з усімі партнёрамі знаходзімся на адным баку і глядзім у адным напрамку. Такім чынам, асноўнае з таго, што мы робім: дакументаванне, аналітыка, юрыдычны і міжнародны кірункі.


«Чым больш часу праходзіць, тым менш людзі хочуць распавядаць»


Адносна ўніверсальнай юрысдыкцыі робяцца базы, як вы адзначылі. А ці перадаюцца яны ў міжнародныя арганізацыі для далейшага разгляду комплексна, ці гэтыя крокі маюць рабіцца кожнай пацярпелай асобай самастойна?


— База ўся знаходзіцца ў зашыфраваным выглядзе па-за межамі Беларусі, доступ да яе мае вельмі вузкае кола людзей. На дадзены момант мы можам дзяліцца статыстычнымі звесткамі, па запыце партнёраў. Але калі мы кажам з вамі пра нейкія асабістыя звесткі пацярпелага, то не — мы ніколі іх не перадаем. Выключэнне, толькі, калі прыходзіць сам чалавек, можа пацвердзіць сваю асобу, тады ён можа свае звесткі атрымаць.


Гэтая фіксацыя на сённяшні дзень — канчатковая кропка?


— Ёсць некалькі шляхоў, як чалавек можа дабіцца справядлівасці для сябе. Калі мы дакументуем гісторыю, там заўсёды ёсць пытанне пра дазвол ці недазвол на перадачу ў міжнародныя арганізацыі справы. Калі чалавек дае сваю згоду, тады мы маем права, і можам узаемадзейнічаць з тым жа ААН у гэтым кірунку, каб там ужо кейс апрацоўваўся. Але ж ААН займаецца таксама дакументацыяй і справаздачнасцю.


Калі мы кажам пра чалавека, які хоча дабіцца справядлівасці — то гаворка аб універсальнай юрысдыкцыі. На практыцы для чалавека гэта выглядае наступным чынам: ён дакументуецца ў камітэце, дае згоду на падачу па працэдуры ўніверсальнай юрысдыкцыі, прыязджае, напрыклад, у Літву, з дапамогай юрыста камітэта пішацца заява ў пракуратуру — гэта ўжо з’яўляецца фактам перадачы персанальных звестак, проста тэхнічна чалавек гэта робіць сам, мы выступаем такім буферам і дапаможнікам, каб з аднаго боку дапамагчы Літве камунікацыйна і юрыдычна, з іншага боку — чалавеку дапамагчы і патлумачыць, што будзе адбывацца.


Пасля напісання заявы ў пракуратуру чалавек праходзіць допыт, дае паказанні. Далей атрымлівае пастанову аб пачатку расследвання і праз пэўны час яго прызнаюць пацярпелым. Пасля гэтага — наступны крок, калі пракуратура Літвы праводзіць сваё расследванне і вырашае, што, напрыклад, Балабу трэба выклікаць на допыт у Літву. І тады яны падаюць у Беларусь зварот. Ужо пасля гэтага, калі ён не прыязджае — могуць адправіць у вышук і Інтэрпал. Так выглядае працэс. Але мы мусім разумець, што гэта цягнецца даволі доўга.


На колькі шмат на сённяшні дзень такіх падач менавіта ў следчыя органы, прынамсі ў Літве.


— Я, на жаль, не магу называць гэтую лічбу. Але гэта ўжо даволі сур’ёзная колькасць людзей.


Адносна ахвяр гвалту. На колькі распаўсюджана, што чалавек не хоча распавядаць сваю гісторыю ці праз маральныя перажыванні, ці праз боязь пераследу?


— Распаўсюджана, вельмі распаўсюджана! Чым больш часу праходзіць, тым менш людзі хочуць распавядаць пра гэта, тым менш яны гатовыя пра гэта размаўляць.

Трэба з чалавекам даволі доўгую камунікацыю весці, каб ён пагадзіўся на фіксацыю свайго кейса. Гэта звязана з рознымі рэчамі, пачынаючы з няверы, што гэта можа нешта змяніць, сканчаючы тым, што чалавек проста не разумее, што яго катавалі: калі яго не збівалі, ці «больш-менш нармальна» ўтрымоўвалі: напрыклад, сам дайшоў да машыны ці аўтазака і г.д.

Таму мы бачым, што з цягам часу гэта становіцца цяжэй.

Фота: "В*сна"

Фота: "В*сна"

«Людзі часам не разумеюць, што яны былі катаваныя»


Ці аналізавалі вы, якая прыкладна колькасць выпадкаў катаванняў застаецца па-за ўвагай?


— Не. Па маім асабістым адчуванні, можна любую лічбу, якую ты бачыш у СМІ ці справаздачах, смела памнажаць на сто. Тое, што мы зараз бачым, то сто працэнтаў людзей, якіх мы фіксуем, што праходзілі нават праз адміністрацыйны арышт, яны былі катаваныя. Нават, калі не фізічна, то псіхалагічна. Гэта можа быць катаванне ўмовамі ўтрымання, можа быць катаванне святлом і г.д. Можна казаць, што ўсе, хто сядзеў па палітычных матывах — у той ці іншай меры падвяргаліся катаванням. Але ж далёка не ўсе звяртаюцца да праваабаронцаў, асабліва зараз.


Для многіх людзей, катаванне гэта калі б’юць. Але ж па факце ёсць розныя віды катаванняў, нават не толькі фізічнага характару. Распавядзіце, калі ласка, якія найбольш распаўсюджаныя, з чым людзі звяртаюцца апроч непасрэдна гвалту?


— Асноўнае — псіхалагічнае катаванне. Таму што абразы, нялюдскае стаўленне, ціск пры допытах, некарэктнае стаўленне падчас знаходжання ў месцах няволі — гэта таксама вельмі ўплывае на псіхалагічны стан чалавека. Асабліва, калі ты там знаходзішся працяглы тэрмін, а да цябе ставяцца не як да чалавека, а як да чагосьці іншага. Істотная рэч — гэта ўмовы, у якіх утрымліваюць чалавека. Калі не даюць туалетную паперу, не даюць ежу, альбо даюць яе мала, альбо вельмі кепскай якасці — гэта таксама катаванні. Калі вам выліваюць хлорку на падлогу кожны дзень, калі не пускаюць у душ, не выводзяць на прагулкі — гэта ўсё катаванне.

Мы зараз, на жаль, жывем у такой адваротнай рэчаіснасці, калі гэта ўжо «окей», але, насамрэч, гэта не окей.

Таму людзі часам і не пагаджаюцца, не разумеюць, што яны былі катаваныя. Мужчыны, напрыклад, часцей кажуць «не, не, у мяне ўсё было нармальна, можна было пацярпець». Але гэта ўсё адно катаванні. І, канешне, катаванні фізічнага кшталту: збіццё, згвалтаванні і г.д. Гэта вельмі жорсткія выпадкі катаванняў, але і іх нямала.


katavanni_6.jpg

Фота: Natalia Fedosenko/ITAR-TASS/imago images


«Калі рэжым абрынецца, як потым будзем судзіць іх усіх?»



А ці праводзілі вы нейкі аналіз адносна мэтаў катаванняў. Дзеля чаго гэта ўсё робіцца?


— Мы асобна не праводзілі даследвання на гэтую тэму. Але, тое, што ведаем з гісторый людзей: часцей за ўсё, калі чалавек трапляе ў рукі АМАПу ці ГУБАЗіКу — у іх ёсць асноўная мэта — паказаць і даказаць, што ты не чалавек, што ты ніхто, яны хочуць прынізіць, максімальна адлюстраваць, што ты не можаш ні на што ўплываць, нічога не можаш зрабіць, адзінае тваё выйсце — рабіць тое, што яны кажуць, то-бок зламаць чалавека. На мой погляд, гэта асноўная, самая масавая прычына таго, што яны робяць.


Канешне, тут у пэўным сэнсе, ёсць нейкія пратакольныя рэчы — спадзяюцца, што яны даведаюцца нейкі «сакрэт дэмакратычных сілаў» ці іншую інфармацыю. Часта мы таксама чуем сведчанні таго, што яны гэта робяць проста таму, што ім «па кайфу». Асабліва на Акрэсціна, у Жодзіне бачна, што ім проста падабаецца катаваць людзей, адчуваць сваю ўладу.


Пачатак вайны ва Украіне пасунуў на другі план амаль усе іншыя тэмы. У вашым выпадку, на колькі тэма катаванняў у Беларусі застаецца актуальнай у медыяпавестцы?


— Ведаеце, канешне, у лютым і сакавіку ўсе былі максімальна сфакусаваныя на падзеях ва Украіне. Што тычыцца камітэту, то ў нас дадалося яшчэ больш працы — былі антываенныя мітынгі, нам трэба было займацца беларусамі, якія прайшлі праз чарговае кола рэпрэсіяў, штрафаў, катаванняў у турмах і РАУСах. З пункту гледжання камунікацыі, канешне, першыя некалькі месяцаў было адчуванне, што ўсе забылі пра Беларусь і поўны фокус зараз на Украіне. Але паволі вяртаемся, бо праходзіць першы шок, ад таго, што адбываецца.



Але зараз у медыйнае поле вяртаецца разуменне таго, што мы беларусы, і мы павінны дбаць у першую чаргу пра беларусаў. Таму што мы перажылі адзін стрэс, потым другі стрэс наклаўся зверху. І мы мусім з гэтым працаваць як-ніяк. Канешне, застаюцца іншыя праблемы: і выехаўшыя беларусы, і беларусы ва Украіне, і стаўленне да беларусаў у замежжы і г.д., але мы абралі для сябе шлях дбання пра беларусаў у Беларусі ў першую чаргу, мы разумеем, што не зробленыя 100 адсоткаў фіксацый кейсаў пасля 2020 года. А як потым з гэтым працаваць? Калі рэжым абрынецца, як потым будзе, як потым будзем судзіць іх усіх? Гэта трэба ўсё збіраць, таму дбаем пра беларусаў.


Фота: Таццяна Зянковіч/ЕРА

Фота: Таццяна Зянковіч/ЕРА

«Усе помняць гісторыі, калі праз 50-70 год судзілі нацыстаў, што катавалі людзей»

Як адбываецца працэдура: вы звяртаецеся да чалавека, аналізуючы спісы палітзняволеных, ці людзі самі да вас прыходзяць?


— Па-рознаму. Стандартная працэдура такая: у нас на сайце і ў сацыяльных сетках ёсць спасылка на вельмі кароткую (1,5 хвіліны) анкету, дзе чалавек проста адзначае, з чым ён сутыкнуўся, пакідае свае кантакты і ў трох словах апісвае сваю гісторыю. Потым гэта трапляе да нашых дакументатараў, якія звязваюцца з чалавекам, дамаўляюцца на інтэрв’ю, гэта можа быць анлайн, можа быць афлайн. Потым дакументатар ужо апрацоўвае інфармацыю, заносіць у базы.


Калі ў чалавека ёсць жаданне падавацца на ўніверсальную юрысдыкцыю, тады далей ідзе праца з юрыстам.


Часам бачым артыкулы ў СМІ пра людзей, якіх мы не зафіксавалі, тады звяртаемся самі.

Вельмі хочам, каб людзі, што прайшлі праз гэты досвед, паразмаўлялі з намі. Апроч таго, што гэта важна для будучыні Беларусі, нават калі зараз падаецца, што гэта ўсё ні да чаго не прывядзе — прывядзе, я ўпэўнена! Усе помняць гісторыі, калі праз 50-70 год судзілі нацыстаў, што катавалі людзей. Мы стаім на пазіцыі, што маем зафіксаваць як мага больш выпадкаў. Фактычна, нашыя справаздачы потым складуцца ў аснову для расследванняў у вольных судах Беларусі.


  Калі з пэўнай доляй пазітыву заглядаць наперад: калі спыніць камітэт сваё існаванне, дасягнуўшы мэтаў?


— Канчатковая мэта — зафіксаваць сто адсоткаў катаванняў у Беларусі. Фактычна мы будзем спакойныя, калі будзем ведаць, што кожны чалавек, прайшоўшы праз катаванні, атрымаў справядлівасць.