Журналістку Ксенію Луцкіну асудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі
Сёння, 28 верасня, суддзя Таццяна Фалькоўская вынесла прысуд палітзняволенай журналістцы.

Палітзняволеную Ксенію Луцкіну, былую журналістку Белтэлерадыёкампаніі, абвінавачвалі ў змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса), паведамляюць праваабаронцы.
Ксенія Луцкіна сышла з беларускага тэлебачання на хвалі пратэстаў, далучылася да дзейнасці Каардынацыйнай рады. Супрацоўніцтва з ёй і стала падставай для завядзення крымінальнай справы.
Журналістку затрымалі ў снежні 2020-га па «справе Прэс-клуба». Яе абвінавацілі ў «нявыплаце падаткаў». Пазней, калі гэту справу закрылі, на яе завялі новую.

Вядома, што за час знаходжання за кратамі ў Ксеніі Луцкінай моцна пагоршылася здароўе: абвастрылася бранхіяльная астма, павялічваецца пухліна ў мозгу — у 2014 годзе жанчыне зрабілі аперацыю і выдалілі дзве пухліны ў мозгу.
У журналісткі на волі застаўся непаўналетні сын.
