Хронікі рэпрэсій 27 верасня. Здзекі з Латушак і першыя ахвяры завочных судоў

З дапамогай праваабаронцаў і недзяржаўных СМІ сабралі інфармацыю пра палітычны пераслед беларусаў 27 верасня.

_kaljuczka___kraty___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg

Следчы камітэт назваў беларусаў, якіх хутка пачнуць судзіць завочна

Паводле ведамства, гэта меркаваныя адміністратары «Чорнай кнігі Беларусі» Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Вольга Высоцкая, Валерыя Занімонская, Дзмітрый Навоша.

Ім усім інкрымінаваныя ч.3 арт. 130 КК (распальванне варожасці) і ч.3 арт. 203-1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных).

Дэпутат Еўрапарламенту пракаментаваў катаванні палітвязня Анатоля Латушкі

Учора сталі вядомыя падрабязнасці збіцця палітвязня Анатоля Латушкі — стрыечнага брата палітыка Паўла Латушкі. Анатоля асудзілі да 6 гадоў калоніі. Падчас суда, які праходзіў у адкрытым рэжыме, былі агучаныя факты прымянення фізічнай сілы да яго ў Цэнтральным РУУС — было не менш за 50 удараў, на галаву палітвязня адзявалі поліэтыленавы пакет.

Пракаментаваў гэтую навіну Пятрас Аўштравічус, пастаянны дакладчык Еўрапейскага парламента па Беларусі. Адказваючы на пытанне Паўла Латушкі ў Twitter пра «глыбокую заклапочанасць» з гэтай нагоды, ён напісаў, што «гэта хутчэй пытанне дзеянняў, занадта позна для заклапочанасці».

Хутка пачнецца суд на жонкай Анатоля Латушкі

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 10 кастрычніка пачнецца суд над палітзняволенай Аленай Латушка. Яе справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Акавітая.

Алену затрымалі 25 жніўня пасля ператрусу ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Муж Алены — таксама палітычны зняволены Анатоль Латушка, якому днямі прызначылі 6 гадоў калоніі.

Пачалі судзіць светлагорскіх «рэйкавых партызан»

Сёння ў Гомельскім абласным судзе пачалі разглядаць крымінальную справу супраць палітвязняў Дзмітрыя Равіча, Дзяніса Дзікуна і Алега Малчанава. Судовы працэс у закрытым рэжыме вядзе суддзя Анатоль Сотнікаў, паведамляюць праваабаронцы.

Палітзняволенаму Аляксандру Велясніцкаму прысудзілі 2,5 года калоніі па «справе Зельцэра»

Брэсцкі абласны суд вынес рашэнне па справе экс-ваеннага Аляксандра Велясніцкага, якога абвінавачвалі ў распальванні варожасці (130 КК). Нагодай для затрымання стаў каментар, які Велясніцкі нібыта пакінуў у «экстрэмісцкім» тэлеграм-канале: «Ліквідаваны член злачыннай групоўкі КДБ. Загінуў наш. Слава герою».

Падчас судоў мужчына адмовіўся ад ранейшых паказанняў, паведаміў пра збіцце і пагрозы ў свой бок. Так, у дзень затрымання пінскія супрацоўнікі КДБ пагражалі прастрэліць яму ногі. У Мінску на Акрэсціна ён 3 дні не мог спаць, камера была душнай і перапоўненай людзьмі. Затым, калі Аляксандра даставілі ў Жодзіна, супрацоўнікі турмы сталі ў шэраг, пачалі збіваць і нацкоўваць сабак.

19 верасня Лукашэнка пазбавіў Велясніцкага, які ў жніўні-2020 асудзіў гвалт сілавікоў і публічна адмовіўся ад медаля «За бездакорную службу», воінскага звання.

ГУБАЗіК затрымаў фаната магілёўскага «Дняпра» з-за татуіроўкі з Каліноўскім

На «пакаяльным відэа» 40-гадовы Яўген Гануля паказвае свае татуіроўкі — кулак з БЧБ-стужкай і гербам «Пагоня», а таксама вялікі партрэт Кастуся Каліноўскага.

Паведамляецца, што Яўгену прызначылі 15 сутак арышту.

За ўдзел у пратэстах затрыманы жыхар Кобрына

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 42-гадовага Аляксандра Крэмера. Паводле іх, мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах, быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, а таксама распаўсюджваў інфармацыю з іх.

Сілавікі паведамляюць, што Аляксандру прызначылі 12 сутак арышту, але супраць яго можа быць распачатая справа паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) — мужчына нібыта дасылаў у чат бот N*xta нейкі фотаздымак.

На Мэрыем Герасіменка, якую затрымалі украінскія песні, завялі крымінальную справу

Беларуская спявачка Мэрыем Герасіменка, якую затрымалі з-за песні на ўкраінскай мове, не выйшла на волю пасля «сутак». Стала вядома, супраць яе завялі крымінальную справу.

Святара Уладзіслава Багамольнікава асудзілі трэці раз запар

31 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіК выламалі дзверы ў кватэру праваслаўнага святара Уладзіслава Багамольнікава і затрымалі яго. На наступны дзень святара асудзілі на 14 сутак арышту. Але 14 верасня яго перазатрымалі па новым пратаколе і зноў асудзілі на 15 сутак паводле арт. 19.11 КаАП. Падставай стаў рэпост з «экстрэмісцкага» канала.

16 верасня над Уладзіславам адбыўся трэці суд. Вынікам сталі чарговыя 15 сутак. Агулам за кратамі святара будуць утрымліваць 44 дні. Таксама паведамляецца, што ён перахварэў у няволі на кавід.

Багамольнікаў — выкладнік Мінскай духоўнай акадэміі, абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка, а таксама служыў літыю па забітым сілавікамі Раману Бандарэнку.

У Гродна пачынаецца суд над «тэрарыстам» Юрыем Станеўскім

У Гродненскім абласны судзе пачынаецца разгляд крымінальнай справы Юрыя Станеўскага, якога КДБ ўнесла ў спісы асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнайсці. Судовы працэс прызначаны весці суддзя Анатоль Заяц. Станеўскага абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса

Трое сутак у цягніку без ежы і ў кайданках: як этапавалі палітвязня Рамана Карпука

Палітвязню Раману Карпуку прызначылі 3 гады калоніі за адпраўку 99 лістоў чальцам камісій па рэферэндуме ад імя "палітычных" суддзяў. Праваабаронцам сталі вядомыя падрабязнасці яго этапа з «Валадаркі» ў Брэст, які доўжыўся тры дні:

«У цягніку правяралі два разы, а на трэці раз знайшлі ў пустым паштовым канверце палову ляза. За гэта «парушэнне» надзелі кайданкі, і так усю дарогу да Брэста і праехаў. Паводле словаў Ромы, ляза ў яго не магло быць. Найхутчэй, падкінулі ў цягніку з-за таго, што ў яго была «жоўтая бірка». У Баранавічах выгрузілі паўвагона і стаялі там суткі, чакалі іншых вязняў. Там падсадзілі людзей, якія яму ўжо дапамагалі: то чай завараць, то так дапамогуць. Па дарозе не кармілі, толькі ваду давалі. Сказаў, што еў тое, што ў камеры на «Валадарцы» хлопцы сабралі ў дарогу».


Дырэктара юрыдычнай фірмы асудзілі да «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэставым маршы

Палітвязня Арцёма Ламаносава яшчэ 31 жніўня асудзілі да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Мужчыну вызвалілі ў залі суда. Прысуд вынес Міхаіл Макарэвіч. Ён прызнаў Ламаносава вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Мужчыну прызналі вінаватым у тым, што ён «прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з яўным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады».

Абвінавачанне было ўпэўненае, што сваімі дзеяннямі Арцём парушыў працу транспарту: пазоў «Мінсктранса» на суму 22 500 рублёў 66 капеек будзе разгледжаны ў межах грамадзянскай вытворчасці. 

Зняволены журналіст «Новага Часу» Дзяніс Івашын аспрэчыў прысуд

«Падалі, так бы мовіць, апеляцыйную скаргу ў так званы Вярхоўны Суд, хоць і так зразумела, які будзе вынік», — паведаміла яго жонка Вольга Івашына. «Спрабуем выкарыстаць фармальныя магчымасці зацягвання непрыемнага працэсу, бо… а раптам адбудзецца нешта доўгачаканае на планеце», — патлумачыла яна