«Ці дарэмна мы сядзім? Не, не дарэмна». Алег Груздзіловіч распавёў пра жоўтыя біркі, ШІЗА і норавы ў калоніі
Алег Груздзіловіч асвятляў акцыі пратэсту ў Беларусі як журналіст, але яго асудзілі на паўтара года зняволення як удзельніка «дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Цяпер ён на волі і ў бяспецы.
63-гадовы журналіст Радыё Св*бода па вызваленні распавёў сваім калегам, як прэсуюць палітычных у калоніях, якія ўмовы ў ШІЗА і што азначае для вязня жоўтая бірка.
Пра справу і суд
«Я быў вызначаны сярод нейкага спісу журналістаў: маўляў, «вось гэтага і вось гэтага трэба пакараць». Так яны і зрабілі.
Мяне судзілі за тое, што я «нібыта ўдзельнічаў» — гэта артыкул 342, ч. 1: «Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
Паводле сьледзтва і суду, я не працаваў як журналіст на маршах і пратэстах, а актыўна ўдзельнічаў у іх — перагароджваў рух, выкрыкваў лёзунгі. Я нічога не перагароджваў і не выкрыкваў. У доказах не было ніводнага сьледчага паказаньня. Доказамі былі пару здымкаў.
Я тлумачыў, што як журналіст я мушу апісаць, што адбываецца, вызначыць прыблізна колькасьць людзей, апісаць, што адбываецца з боку міліцыі, з боку дэманстрантаў. Напрыклад, на Партызанскім праспэкце быў эпізод на маіх вачах, калі маладыя хлопцы кінулі пару камянёў у бок міліцэйскай машыны. Я сьвядома напісаў, што так адбылося. Калі дэманстрантаў пачыналі біць, я пра гэта сьведчыў. Калі наадварот, я таксама сьведчыў. Даваў па меры магчымасьці аб’ектыўную інфармацыю. Але для іх гэта было няважна. Галоўнае — што ты быў і ўдзельнічаў».
Чаму на «палітычных» жоўтая бірка
«На мне была жоўтая бірка. Яна азначае, што я схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасьці. Для вязьня жоўтая бірка нясе шмат дадатковых пабытовых і арганізацыйных праблем.
Ты мусіш быць увесь час на віду, у першых шэрагах у калёніі. Ты ня можаш адзін перасоўвацца па нейкіх патрэбах па калёніі. Твой ложак на праходзе, а там заўсёды адчынена вакно, скразьняк, табе холадна. Калі ты ходзіш зь біркай, да цябе дадаткова прычэпяцца, што ты гузік не зашпіліў, дрэнна надзеў кашулю. Да мяне так чапляліся, і мне пагражала ШЫЗА.
Вось гэтая кашуля мае кішэню, куды гэтая бірка ўстаўляецца. І ты мусіш увесь час зь ёю хадзіць. Нават калі ты займаесься фізкультурай, у цябе мусіць быць такая штучка.
Усё шыецца там, вельмі дрэннай якасьці, гузікі слабыя, не зашпіляюцца, самі зэкі шыюць, усё зразумела. І гэтая бірка туды ўстаўляецца».
Як ставяцца да палітычных у калёніі
«У жыцьці звычайным мы жывем у сваім асяродзьдзі. Даўно ўжо адфільтравалі тых, з кім мы хочам камунікаваць, з кім не. Але мы тым самым сябе абмяжоўваем, ня ведаем поглядаў іншых людзей. Нам падаецца, што ўвесь сьвет думае як мы. А пасьля аказваецца, што не. Ёсьць ня меншая колькасьць людзей, якія думаюць інакш. Ты не разумееш, чаму яны думаюць інакш. А потым пачынаеш разьбірацца ў іх аргумэнтах, нешта нават прымаеш да веры зь іх боку. Турма гэтаму вучыць.
[У калёніі. — РС] ёсьць група маладых людзей, якіх аб’ядноўвае сваё былое жыцьцё, зьвязанае звычайна з наркотыкамі.
Адміністрацыя ставіцца інакш. Дэкляруюць, што яны па-за палітыкай, нам усё адно, за што вы, нам важна, каб вы падпарадкоўваліся, выконвалі абавязкі. Але бачна, што патрабаваньні да палітычных і астатніх крыху розныя. Тое, што даруецца звычайным, зь белымі біркамі, тое недаравальна бэчэбэшнікам. Проста ўвага да іх большая. Пагроза атрымаць спагнаньне значна большая».
Пра першыя дні ў калёніі
«Толькі я трапляю ў калёнію, першае, што чую: «Што? Журналіст Радыё Свабода? Дык ты што, супраць прэзыдэнта пісаў? А хто ў нас прэзыдэнт?». Я адказваю: «Такі і такі». — «Ну глядзі».
Потым праходзіць 2 дні, і я трапляю ў кабінэт галоўнага начальніка, бо ў мяне за сьпінай рапарт. І ён крычыць: «Журналісты, адвакаты — гэта самыя дрэнныя людзі ў сьвеце. Ты за ўсё адкажаш у мяне! Ах, Свабода? Ды ты за ўсё адкажаш!»
Вось такое было стаўленьне. Адразу мне 10 сутак. Я выходжу ў калідор, не зразумеў, трохі пасьміхнуўся, ці што. А мне начальнік кажа: «Што ты ўвесь час пасьміхаесься?». Ну так, я такі, ізноў пасьміхнуўся, прайшоў 10 мэтраў, па лесьвіцы спускаюся, і пайшлі кухталі ззаду — бум, бум. «Ён яшчэ будзе пасьміхацца!» Даводзяць да ШЫЗА, і такі ўдар у сьпіну — і я ўлятаю ў гэтае ШІЗА тварам у сьцяну.
Ты калі прыяжджаеш у карантын, табе адразу іншыя бэчэбэшнікі кажуць: «Ну, чакай, што цябе зараз запрэсуюць». Першыя два дні жывеш, думаеш: «Не чапаюць, дзякуй богу, пранесла». Але нічога не пранесла, усё адно нагоніць.
Кажуць, што мінімум 5 сутак атрымаеш, а ты атрымліваеш 10! Я атрымаў 10, а пасьля яшчэ 10. І цягам гэтых усіх сутак у ШЫЗА атрымаў яшчэ 3 спагнаньні. Гэта пазбаўленьне вялікай перадачы, вялікага спатканьня, пазбаўленьне малой перадачы і малога спатканьня. Але ў сукупнасьці ты маеш ужо 5 спагнаньняў. І калі ты выходзіш [з ШЫЗА. — РС], табе адразу скажуць, што ты ня стаў на шлях выпраўленьня, і твае шанцы на амністыю мізэрныя. А галоўнае, што ты ўжо маеш 5 парушэньняў, і ты ўжо кандыдат, каб цябе ня проста ў ШЫЗА адправілі, а ў ПКТ. А гэта памяшканьне камэрнага тыпу — гэта кшталту ШЫЗА на 3 месяцы, там ужо стала жывеш».
Што такое ШІЗА
«Я ўсё сваё сьвядомае жыцьцё, думаючы, што ШІЗА і карцар — адно і тое ж, пісаў пра ШІЗА «карцар». Думаў, што людзі не разумеюць, ды я і сам не разумеў. Там я зразумеў, што гэта розныя рэчы.
Карцар — гэта лягчэйшае. Карцар магчымы ў сьледчым ізалятары. А ў калёніі ШІЗА — штрафны ізалятар. У карцары табе даюць матрац, бялізну, ты сьпіш у нармальных умовах. А ўдзень усё гэта забіраецца і ложак прышпіляецца. І ты ўвесь дзень ходзіш. А ў ШІЗА ты сьпіш на голых дошках, якія дакладна а 9 гадзіне апускаюцца і а 5 гадзіне падымаюцца. Ты мусіш хутка ўстаць, прышпіліць, а далей хадзі так цэлы дзень.
Там маленькая лаўка, і высокая такая, ты на ёй не пасьпіш. Вочка ўвесь час адчыняецца, глядзяць на цябе, ці ты сьпіш. Калі вочы заплюшчыш, на цябе могуць скласьці рапарт, што ты спаў, і ты яшчэ 10 сутак атрымаеш.
Празь некалькі дзён ты сутыкаесься з такой сытуацыяй, што колькі можна разважаць, думаць пра адно і тое ж. А там жа няма інфармацыі, ты нічога не атрымліваеш, няма радыё, няма лістоў, газэт, кніг — нічога. Чалавека ты бачыш, як у кнізе пра графа Монтэ-Крыста: два разы прыйшлі кантралёры, і ўсё. І баландзёры прыносяць ежу. Ты ў выніку думаеш, як бы з кім пакантачыць, пабыць, падумаць, пабыць зь нейкім чалавекам.
Для мяне самы блізкі чалавек — гэта мая жонка, я падумаў, што трэба тут яе мець пры сабе. На адрэзку трубы я тынкам намаляваў яе партрэцік, цэлы дзень хадзіў, зь ёй размаўляў. Але ўвечары мусіць прыйсьці праверка. Я падумаў: яны ж яўна пабачаць. І замазаў трохі свой партрэт. Мне было зразумела, што гэта жонка, а ім незразумела.
Потым я падумаў, што ўсё адно гэта ня тое. І зь мякішу хлеба зрабіў фігурку жонкі. У мяне была рознакаляровая зубная паста, я яе размаляваў. Атрымалася яна ў сініх джынсах і ружовай кофтачцы. І потым я з гэтай фігуркай размаўляў. Падчас праверак гэта ўвесь час быў такі захапляльны трылер: я яе захоўваў, хаваў у поліэтыленавы пакецік, і яе ні разу не знайшлі. Хаця калі б знайшлі, маглі б сказаць: «Непарадак», і атрымаў бы яшчэ 10 сутак. Бо адзін раз за гэтыя суткі атрымалася, што знайшлі пыл у камэры на паліцы. Хоць я толькі што я паліцу працёр, але той ткнуў пальцам, сказаў: «Пыл», і я атрымаў 10 сутак.
Фігурку я захаваў у мыле. Я недасьведчаны зэк, сюрпрыз для жонкі ня вельмі ўдаўся. Як захаваў, так яна і ляжала. Я калі выходзіў, яны ўсё прамацалі, але ў мыла не дадумаліся залезьці. Але там яна лепш выглядала, канечне.
Я стаяў у турме ў кабінэт начальніка. Там была чарга на пакараньне і на разьмеркаваньне па атрадах. Туды заводзяць людзей: аднаму 10 сутак, другому разьмеркаваньне ў камэру. Адтуль такая лаянка даносілася, так крычалі на людзей, што пад сталым мужчынам, які каля мяне стаяў, лужа аказалася. Чалавек абмачыўся толькі таму, што чуў, як там крычаць. А там крычалі: «Ты чаго прыехаў у нашу зону! Ты што тут зьбіраесься?!» Потым выводзяць адтуль бледнага чалавека, і праз вакно мы бачым, што яго адразу ў ШЫЗА.
Там я даведаўся, што, аказваецца, у нашым беларускім войску на гаўптвахце ўмовы яшчэ горшыя. Чаму мы зараз пытаемся, чаму войска аказалася не на тым баку, як чакалі мітынгоўцы? Таму што там інакш немагчыма, там муштра як у прускай арміі. Там немагчыма нават марыць пра тыя ўмовы, якія ў турме ў ШІЗА ёсьць».
Як даведаліся пра вайну
«Кожнае вяртаньне ад адваката — і на цябе адразу град пытаньняў: «Што там? Як там?». Бо гэта маленькая магчымасьць даведацца пра падзеі на волі. Бо ў ізалятары ты нічога не атрымліваеш, там інфармацыйная блякада.
І вось так я вярнуўся ад адваката і кажу: «Вось мы сядзім тут, а ўжо вайна пачалася». І людзі: «Ня можа быць!». Але падумалі, што гэта ўсё ж рух, што цяпер ужо нешта будзе, ня можа быць, што гэта проста так пройдзе. Гэта была трагічная надзея, але зьвязаная з тым, што нейкае разьвіцьцё пачалося.
Я ў турме з «Советской Белоруссии» даведаўся, што загінулі нашы беларусы, і сярод іх Васіль Парфянкоў. Як журналіст я яго сустрэў яшчэ малым хлопцам, падчас першых разгонаў Курапатаў, калі будавалі кальцавую. Ён тады ўдзельнічаў у змаганьні. Потым на маіх вачах падрос, пачаліся праблемы ў яго, яго і саджалі, і адпраўлялі ў ШІЗА. Я кантактаваў зь ім, але потым ён выправіўся, знайшоў сябе, паехаў на Ўкраіну, змагаўся за незалежнасьць і там загінуў. Лічу, што гэты хлопец — герой. І зь цяжкім лёсам. Мы там вельмі радаваліся, калі БТ паказвала, што ёсьць беларусы, якія сталі на бок Украіны».
Пра памілаваньне і вызваленьне
«Раптам ставіцца ўмова, што я мушу зьехаць. Я тады стаўлю ўмову, што я зьеду толькі разам з жонкай, калі яна пагодзіцца. А яна тады трапіла ў шпіталь. Мне ўдаецца яе ўгаварыць. У калёніі мяне выклікаюць у штаб і кажуць: «Чакай вызваленьня».
Я мару, як гэта ўсё будзе адбывацца. І нарэшце раніцай гэта пачынае адбывацца. Уся працэдура паўтараецца з праверкамі, яшчэ пільнейшая. Не прапускаюць ніводны ліст, які ў мяне быў, ніводную старонку, любы тэкст напісаны — нічога не прапускаюць. Мне давялося ўсё зьнішчыць сваімі рукамі, бо мне сказалі: «Альбо ты іх зьнішчаеш, альбо мы выкідаем і хтосьці іх прачытае».
Толькі з рэчамі я выходжу, мяне вядуць усякімі калідорамі, начальнік калёніі са мной ідзе. Мяне прыводзяць у маленькі вузенькі калідорчык. Раптам я бачу жанчыну-супрацоўніцу. Кажуць: «Стойце, слухайце». Яна такім урачыстым голасам пачынае зачытваць акт аб памілаваньні.
Я быў гэтаму рады, бо прашэньне я падпісаў, але не падпісаў прызнаньня. Я так і сказаў супрацоўніку пракуратуры, які прыехаў мяне прасіць напісаць прашэньне, што я не прызнаю сябе вінаватым, таму якое прашэньне. Ён сказаў: «Пішыце без прызнаньня». Я напісаў, і аказалася, што «ён» падпісаў. Праўда, калі папрасіў паказаць мне подпіс Лукашэнкі, мне сказалі: «Там усё нармальна». І не паказалі.
Потым апошняя кантрольная праверка: «Вашае імя, прозьвішча, год нараджэньня, калі быў суд». Я ўсё адказваю. І ён мне кажа: «Вы свабодны». І падае паперку — даведку аб вызваленьні. Напісана ў канцы, што я вызвалены па памілаваньні.
Я не адчуваў сораму за тое, што я падпісаў. Я яшчэ якраз даведаўся, што жонка трапіла ў шпіталь, і калі б я быў дома, была б ёй дапамога. Але нават і бяз гэтага я б падпісаў, бо я ня бачу тут вялікага кампрамісу. Лепш на волі, чым ты там будзеш. Але я паважаю ягоны выбар, гэта супэрмужнасьць, малайчына. Ён так вырашыў і стаіць на сваім. Але я не асуджаю таго, хто падпісаў і прызнаў сваю віну. Сярод нашых хлопцаў-аднадумцаў, якія з жоўтай біркай, ёсьць і тыя, якія прызналі сваю віну. Але ў іх адна сытуацыя, у мяне іншая. Я як журналіст працаваў, чаго мне прызнаваць віну?»
Чаму ня зьехаў раней і чаму зьехаў цяпер
«Я сьвядома не хацеў зьяжджаць. Я казаў так: я мог зьехаць яшчэ ў 90-я гады, калі я езьдзіў на нейкія журналісцкія сэмінары ў Амэрыку, у Англію. Я мог даўно зьехаць, папрасіць прытулку. Але гэта быў мой сьвядомы выбар, што я мушу быць тут, у Беларусі, на сваёй радзіме, тут мець карані, дзяцей, унукаў. І да апошняга я настаяў на гэтым. І толькі аргумэнты, што мая адмова можа прывесьці да таго, што іншыя мае калегі ня выйдуць, пераканалі мяне. І другі аргумэнт, што затрыманьне можа ператварыцца з паўтара года ў большы тэрмін. Гэта падзейнічала, і я ўсё ж прыняў рашэньне пагадзіцца і зьехаць».
«Ці дарэмна мы сядзім»?
«У мяне ўражаньне, што на волі больш хаваюць думкі, чым там у няволі. Мы ходзім, у нас жоўтыя біркі, мы такія. А ў няволі, калі ты будзеш праяўляць сябе, цябе з працы звольняць, і рэальна гэта адбываецца. Шмат хто ў мяне там пытаўся: «Ці дарэмна мы там сядзім? Няўжо вы думаеце, што дарэмна?». Я заўжды адказваў, што не, не дарэмна. Толькі хтосьці думае, што гэта ўсё адбудзецца значна раней. Я ня зь іх ліку. Я думаю, што гэта адбудзецца пазьней. Можа, яшчэ пройдзе цэлы цыкль дзесяцігадовы. Бо не вырашаюцца такія праблемы за мяжой. З-за мяжы можна дапамагчы, спрыяць. А ўсё вырашаецца там».