Палітвязень Ігар Аліневіч галадуе ў штрафным ізалятары Жодзінскай турмы
Актывіста анархічнага руху і палітвязня Ігара Аліневіча ў дзень нараджэння пасадзілі ў ШІЗА, ён абвясціў галадоўку, паведаміла ягоная маці Валянціна Аліневіч на сваёй старонцы ў Facebook.
Аліневічу 24 верасня споўнілася 39 гадоў. «Вялікі дзякуй тым шчырым людзям, якія ўспомнілі пра дзень нараджэння Ігара! Жодзінская турма таксама не засталася ўбаку. У нашай сістэмы выканання пакаранняў, відаць, традыцыя такая — змяшчаць нашых палітвязняў у штрафныя ізалятары менавіта ў дзень нараджэння», — напісала яго маці.
Потым яна даведалася, што Ігар яшчэ з 20 верасня ў знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі турмы перастаў прымаць ежу. «Патрабаванні яго цалкам канкрэтныя, гарантаваныя законам, уключаючы тое, што скаргі яго не адпраўляюцца па месцы прызначэння. І ён, і ўсе мы разумеем, што ў краіне не да законаў. Напэўна, у яго проста не было іншага выйсця. Ніколі раней Ігар не звяртаўся да гэтай крайняй меры і быў супраць яе. Цалкам прадстаўляе ўсе наступствы. Добра ведаючы цэласць яго натуры і нешматслоўнасць, вельмі трывожна», — дадала Валянціна Аліневіч.
Нагадаем, у ноч на 29 кастрычніка 2020 года Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Дубоўскага, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Рэзановіча затрымалі пры перасячэнні беларуска-ўкраінскай мяжы. Іх прызналі вінаватымі ў акце тэрарызму, незаконным абароце зброі і яе перамяшчэнні праз мяжу.
22 снежня 2021 яны былі асуджаныя на вялікія тэрміны:
Ігар Аліневіч — 20 гадоў
Дзмітрый Дубоўскі — 18 гадоў
Дзмітрый Рэзановіч — 19 гадоў
Сяргей Раманаў — 20 гадоў.
Сам суд праходзіў у закрытым рэжыме з прычыны «абароны персанальных дадзеных пацярпелых».
Пазней Аліневічу ўзмацнілі рэжым утрымання і перавялі яго ў турму. Суд па ўзмацненні рэжыму і пераводзе Ігара адбыўся 8 жніўня. Рашэнне прымала суддзя Валянціна Новікава. 11 жніўня Аліневіча этапавалі з мазырскай калоніі ў жодзінскую турму.
На які тэрмін Аліневіча перавялі ў турму, пакуль невядома.
Падтрымайце Ігара: Турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул.Савецкая, 22А, Ігару Уладзіміравічу Аліневічу