«Раптам адбудзецца нешта доўгачаканае на планеце». Дзяніс Івашын спрабуе аспрэчыць прысуд
Палітвязень і журналіст-расследавальнік «Новага Часу» Дзяніс Івашын разам з абаронцам падалі апеляцыю на прысуд.
![dzjanis_i_volha_ivaszyny.jpg dzjanis_i_volha_ivaszyny.jpg](/img/v1/images/dzjanis_i_volha_ivaszyny.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Падалі, так бы мовіць, апеляцыйную скаргу ў так званы Вярхоўны Суд, хоць і так зразумела, які будзе вынік», — паведаміла жонка палітвязня Вольга Івашына ў Тэлеграме.
«Спрабуем выкарыстаць фармальныя магчымасці зацягвання непрыемнага працэсу, бо… а раптам адбудзецца нешта доўгачаканае на планеце», — патлумачыла Вольга Івашына.
Мы атрымалі ад Дзяніса лісты, прычым з амаль імгненнай хуткасцю дастаўкі: мінула толькі 6 дзён ад напісання, як пасланні ад нашага ваяра да нас дайшлі. Ліст да мяне я ўсё ж публікаваць не буду, занадта асабістым атрымаўся. А вось некаторыя вытрымкі з ліста да маці, Людмілы Івашынай, падам. Пачну з… пачатку.
«Прывіт, матулечка мая!
Пішу табе, знаходзячыся пад неверагодным уражаньнем пасьля нашага спатканьня! Не перадаць словамі, што я адчуваю. Паўтара года ўсё-ткі, дужа вялікі адцінак часу, цягам якога мы маглі толькі ліставацца, чытаць радкі адзін аднаго. Зь іншага боку, гэты час дужа імкліва праляцеў, упэўнены — праляціць і той, які застаўся да ўз’яднаньня нашае сям’і. Верым у гэта і не сумняваемся! Дужа ўсьцешаны, як ты разам з Л.М. выглядаеш. На мой погляд — анічагусенькі не зьмянілася! Вельмі прыгожыя, бадзёрыя й моцныя! Таксама дужа натхніўся вашым насамрэч баявым настроем! А ён мае быць менавіта такім зараз. Карацей, вы ў мяне — проста малайчынкі! Дужа ганаруся вамі, шчыра!»
![«Такіх, як ён, адзін на тысячу». Сукамернік Дзяніса Івашына пра нашага журналіста «Такіх, як ён, адзін на тысячу». Сукамернік Дзяніса Івашына пра нашага журналіста](/img/v1/images/70261939_459996527919306_6208039969810808832_n_logo_1_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Нагадаем, як пісаў «НЧ», маці палітвязня, Людміла Мікалаеўна Івашына, распавяла пра спатканне так: «Дзяніс успрыняў свой прысуд, адказвае, што ён лічыць гэта смехам і цыркам: справа пабудаваная на здагадках: дзесьці хтосьці незразумела ў якім месцы — ніякай канкрэтыкі». Непрыемнай навіной для Людмілы Мікалаеўны было тое, што пракурорка запатрабавала на самой справе 9 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі, але суддзі з нейкіх меркаванняў гэтага аказалася мала.
![Трэба, каб словазлучэнне «рускі мір» узгадваць было некамільфо Вольга Івашына: Трэба, каб словазлучэнне «рускі мір» узгадваць у пазітыўным кантэксце было некамільфо](/img/v1/images/ruski_mir_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын быў затрыманы пасля публікацыі чарговай часткі расследавання пра былых беркутаўцаў, якія працавалі ў мінскім АМАПе.
Дзяніс супрацоўнічаў як валанцёр з камандай расследавальнікаў «InformNapalm», якая пісала пра ўплыў Расіі на Беларусь, Сірыю, Украіну і іншыя краіны. Таксама Івашын працаваў у «Новым Часе», вядомы публікацыямі пра рэстаран «Поедем поедим», пабудаваны побач з месцам масавых расстрэлаў беларусаў у Курапатах.
Дзяніса Івашына абвінавацілі ва «ўмяшанні ў дзейнасць міліцыянераў» і ў «здрадзе дзяржаве». Судовы працэс над Івашыным пачаўся 15 жніўня і быў закрытым нібыта з-а таго, што там разглядаліся «дзяржаўныя таямніцы».
![IFJ і EFJ асудзілі прысуд Дзянісу Івашыну Міжнародная федэрацыя журналістаў: Суд над Івашыным — чыстай вады пародыя](/img/v1/images/ivashyn_4_800x400.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)