Вольга Івашына: Трэба, каб словазлучэнне «рускі мір» узгадваць у пазітыўным кантэксце было некамільфо

Вольга Івашына, жонка журналіста-палітвязня і аўтара «Новага Часу» Дзяніса Івашына, з нагоды 17 верасня прыгадала ў сацсетках, як Дзяніс разважаў пра стварэнне музея акупацыі і рэпрэсій. А яшчэ нагадала, што Дзяніс у няволі ўжо 554-ты дзень, і 26 дзён, як не было яго лістоў.

_ruski_mir.jpg

«Мы з Дзянісам Івашыным не раз абмяркоўвалі працэс дэкамунізацыі і дэрусіфікацыі Беларусі — і ў прыватнасці Горадні, амаль пачалі складаць мапу вуліц і завулкаў, якім неабходна будзе або вярнуць гістарычныя, або надаць новыя Беларускія назовы, спіс помнікаў і помных знакаў, якія або перадамо ў музей акупацыі і рэпрэсій, або знішчым за адсутнасцю якой-кольвек мастацкай каштоўнасці», — піша яна на сваёй старонцы ў тэлеграме.

«Пачаць дзейнічаць мы хацелі яшчэ да падзеяў 2020 года, але, як звычайна тое бывае, Дзяніс быў надта заняты напісаннем матэрыялаў, якія "хісталі" ўсю сістэму, калі верыць казачнікам з КДБ ды людзям у сіняй форме і чорнай мантыі. І першае, што Дзяніс хацеў зрабіць, — запатрабаваць прыбраць з гарадской тапаніміі чужародную для гарадзенцаў памятную шыльду і вуліцу "Гарнавых"».

Вольга згадвае, што заезджы палітрук Чырвонай Арміі быў забіты ў верасні 1939 года. І адзначае, што ні цела яго «пад той плітой не ляжыць, ані паходжанне гэтага бальшавіка ніяк не звязвае яго з горадам. Толькі тое, што недалёка ад таго моста з шыльдай яго і паклалі ў труну».

А яшчэ Вольга згадвае пра польскі фільм «Orlęta. Grodno ‘39» і раіць беларусам яго паглядзець: «Напярэдадні 17 верасня мне надарылася магчымасць паглядзець, як тое ні дзіўна, але першы польскі мастацкі ваенна-гістарычны фільм пра бальшавіцкую агрэсію 1939 года "Orlęta. Grodno ‘39". Не буду нагружаць вас сваімі ўражаннямі і крытычнымі заўвагамі, раю проста паглядзець гэтую стужку, хоць сюжэт даволі просты, прадказальны і перадвызначаны, бо ўсе мы ведаем гісторыю змагання і паразы, а таксама лёс жыхароў горада. Аднак галоўны вобраз, які з таго фільма мае вынесці любы адэкватны дарослы шчыры з сабою і светам чалавек — кадры выкарыстання бальшавікамі злапаных абаронцаў у якасці жывога шчыта для ўласных танкаў. Так, не шкадавалі нават дзяцей, прывязвалі іх пад руляй, каб іх таварышы не маглі страляць і кідаць бутэлькі з напалмам у акупантаў. Вось сутнасць "рускага міра".

Словаспалучэнне "рускі мір" мае стацца ва ўсіх прыстойных суполках на роўні з нецэнзурнай лаянкай. Каб узгадваць яго ў пазітыўным кантэксце было некамільфо, як і ў выпадку з "трэцім райхам". Каб любы… атрымліваў заслужаны ўсеагульны байкот і астракізм на вякі вечныя!».