Ксенія Луцкіна: «У мяне цяпер самыя складаныя, напэўна, дні»

Палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна даслала вестачку з-за кратаў

Ксенія Луцкіна ўжо больш за 17 месяцаў знаходзіцца за кратамі. Ёй прад'яўлены абвінавачванні ў «змове ці іншыя дзеяннях, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады» паводле ч.1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу.

У зняволенні ў журналісткі пачаліся моцныя праблемы са здароўем — у яе расце пухліна ў галаўным мозгу.

Ксенія Луцкіна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Хутка над ёй адбудзецца суд.

Нядаўна палітзняволеная даслала паштоўку з-за кратаў:

«Паштоўкі са сланом такія далікатныя... Так і хочацца абняць кагосьці... Дашлю сыну! Дзякуй! Інакш абняць яго я не магу...

У мяне цяпер самыя складаныя, напэўна, дні. Але спадзяюся... Веру. Дзякуй, што памятаеце! Добрага жніўня і настрою. Верце са мной...»

Нагадаем, Ксенія Луцкіна — адзіная фігурантка так званай справы Прэс-клуба, хто дагэтуль застаецца пад вартай. Да жніўня 2020 года яна працавала ў Белтэлерадыёкампаніі. Пасля выбараў журналістка далучылася да страйку супрацоўнікаў холдынгу, а затым сышла з тэлеканала «Беларусь 2» і ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады.

Пазней Ксенія казала аб тым, што разам з іншымі журналістамі, якія звольніліся, яны плануюць стварыць «альтэрнатыўнае тэлебачанне» на YouTube. Праект развіваўся ў тым ліку пры ўдзеле Акадэміі Прэс-клуба.

Першыя перадачы былі запісаныя, запуск павінен быў адбыцца ў студзені 2021-га.

Ксенію затрымалі 22 снежня 2020 года. 7 ліпеня 2022 года справу палітзняволенай журналісткі накіравалі ў Вярхоўны суд. Генпракуратура сцвярджае, што Ксенія Луцкіна займалася стварэннем «грамадскага беларускага інтэрактыўнага тэлебачання, мэта якога — утойванне і скажэнне рэальных фактаў, эскалацыя пратэснай актыўнасці, стымуляванне расколу ў беларускім грамадстве, фармаванне ў людзей негатыўнай думкі аб дзейнасці дзяржорганаў».

Ксенію можна падтрымаць лістамі, паштоўкамі, пасылкамі, бандэролькамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Ксенія Алегаўна Луцкіна



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: