У судзе паказалі відэа сустрэчы Юрыя Зянковіча з падстаўным «сілавіком». Пра што яны гаварылі

У Мінску працягваецца суд па справе аб «змове з мэтай захопу ўлады». На пасяджэнні 5 жніўня было вырашана прагледзець відэа з матэрыялаў справы — гэта запіс сустрэчы асноўнага фігуранта Юрыя Зянковіча з падстаўным «сілавіком». Некаторыя фрагменты таго, што Зянковіч казаў «сілавіку», прыводзіць З*ркало (пераказ з Sputnik-Беларусь).

Фота Белта

Фота Белта

Працягласць відэазапісу з рэстарана, дзе Зянковіч сустракаўся з «сілавіком» Аляксандрам Жураўскім, аказалася больш за 20 гадзін. Па хадайніцтве Аляксандра Фядуты глядзець вырашылі толькі фрагмент з самой сустрэчай. Зянковіч і Жураўскі на ёй абмяркоўвалі пытанні захопу ўлады. Пракурор зачытаў іх дыялог.

  • што для змовы патрэбны «які-небудзь генерал», бо Святлана Ціханоўская «не з'яўляецца лідарам». Параіў «падысці [да генерала] і падаруначак прынесці», дадаў, што яго супрацоўніца можа зняць з рахунку і перадаць «некалькі тысяч»;

  • што ў Беларусі з часоў «Белага легіёну» назапашана зброя і ёсць «партызаны»;

  • што Зянковіч размаўляў з былымі афіцэрамі Масада і прыватнай ваеннай кампаніяй з Ізраіля, але тыя не хацелі прымаць удзел у змове;

  • што звяртацца ў амбасаду ЗША не варта, бо ім давядзецца раскрыць увесь план, і яго данясуць да Адміністрацыі прэзідэнта ЗША, а там наўрад ці захочуць умешвацца, «таму што потым давядзецца мець справу з расійцамі». Па гэтай жа прычыне, казаў Зянковіч, не варта звяртацца ў амбасаду Польшчы, таму што там «пабягуць раіцца з Белым домам».


У адказ «сілавік» настойваў, каб Зянковіч усё ж «прамацаў» амерыканскае пасольства на прадмет таго, ці гатовыя там дапамагчы з змовай, таму што, паводле яго слоў, амерыканцы маюць вопыт у падобных аперацыях, напрыклад, у Лацінскай Амерыцы.
Таксама Жураўскі казаў, што працягвае перамовы з сілавікамі і ўжо «чатыры-пяць батальёнаў» гатовыя падтрымаць змоўшчыкаў.


На працягу папярэдніх дзён суда ўсім фігурантам абвясцілі абвінавачванне, чацвёра з іх далі паказанні, толькі Зянковіч вырашыў зрабіць гэта пасля абвяшчэння матэрыялаў справы. Ён цалкам прызнаў віну і, як высветлілася, заключыў пагадненне са следствам, абавязаўшыся дапамагчы «выкрыць» астатніх «змоўшчыкаў». Аляксандр Фядута віну прызнаў часткова, Рыгор Кастусёў — не прызнаў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук прызналі цалкам.
Фядуту і Зянковіча затрымалі 12 красавіка 2021 года ў Маскве, а Кастусёва — у Беларусі паводле абвінавачвання ў спробе дзяржаўнага перавароту. У гэты ж дзень была затрыманая Вольга Галубовіч.
Праз некалькі дзён пасля арышту асноўных падазраваных, 17 красавіка, Лукашэнка заявіў аб затрыманні групы асоб, якія нібыта планавалі замах на яго і яго дзяцей, і звязаў яе са спецслужбамі ЗША. У той жа час кіраўнік КДБ Іван Церцель паведаміў, што спыненая праца арганізаванай групы, якая спрабавала захапіць уладу ў Беларусі.
Датычнымі да гэтай жа справы былі названыя Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка і Ігар Макар, якія знаходзяцца за мяжой.