Хронікі рэпрэсій. Жорсткія прысуды «буслам» і затрыманні цэлымі сем’ямі

З дапамогай праваабаронцаў і недзяржаўных СМІ сабралі інфармацыю пра палітычны пераслед беларусаў 28 верасня.

_belarus_2022_drot_turma_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo.jpg


На працэсе па «справе БелаП*Н» пачаліся спрэчкі бакоў, абвешчаны перапынак да 3 кастрычніка. Судовыя пасяджэнні праходзяць у закрытым рэжыме, іх удзельнікі далі падпіску аб невыдаванні звестак.

Суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка вядзе судовы працэс з 6 чэрвеня. 29 чэрвеня ён абвясціў перапынак у сувязі з правядзеннем экспертызы. Суд павінен быў аднавіцца 12 верасня, але праз хваробу аднаго з удзельнікаў яго перанеслі на 21 верасня.

* * *

Адвакат Вікторыя Гулькова, арыштаваная на 15 сутак, так і не выйшла на волю па заканчэнні тэрміну. Як мяркуецца, яна знаходзіцца ў адным з РУУС. Яе муж, адвакат Міхаіл Макараў, затрыманы ў рамках крымінальнай справы. Па якім артыкуле — невядома.

Вікторыя і Міхаіл былі затрыманы 12 верасня і асуджаны Фрунзенскім раённым судом Мінска па арт. 19.11 Каап («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). У «пакаянным відэа», апублікаваным на адным з праўладных тэлеграм-каналаў, Вікторыя паведаміла, што яе затрымалі за рэпост з канала праваабаронцаў.

* * *

Вынеслі прысуды па справе арганізацыі «Б*слы ляцяць». Фігуранты атрымалі ад 8,5 да 15 гадоў калоніі. Суд над імі праходзіў у закрытым рэжыме, падрабязнасці абвінавачвання невядомыя нават сваякам.

  • Андрэй Будай — 15 гадоў калоніі
  • Аляксей Гамеза — 14,5 гадоў калоніі
  • Аляксей Іванісаў — 14 гадоў калоніі
  • Аляксандр Мураўёў — 12 гадоў калоніі
  • Мікалай Бібліс — 8,5 гадоў калоніі
  • Аляксандр Сідарэнка — 12 гадоў калоніі

«Б*слы ляцяць» прызнаны ў Беларусі «тэрарыстычнай арганізацыяй», а чацвёра асуджаных унесены КДБ у спіс тэрарыстаў.

* * *

ГУБАЗіК затрымаў жыхара «Плошчы перамен». Паводле звестак сілавікоў, 40-гадовы Алег Самсонаў нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і блакіраваў рух транспарту, распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы» і пісаў абразлівыя каментарыі.

* * *

Чацвярых палітвязняў асудзілі за «перашкоду правядзенню рэферэндуму».

Суд Заводскага раёна Мінска абвясціў прысуды Міхаілу Хаміцэвічу, Мікалаю Каробку, Вячаславу Дашкевічу і Таццяне Заяц. Ім прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса («Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, праву на ўдзел у рэферэндуме») за накіраванне лістоў членам выбарчых камісій з заклікам правесці сумленны падлік галасоў на рэферэндуме 27 лютага.

Суддзя Анжэла Касцюкевіч асудзіла Мікалая Каробку да 2,5 гадоў пазбаўлення волі, а астатніх да двух гадоў пазбаўлення волі. Па справе было пяць адкрытых працэсаў.

* * *

Галоўнага рэдактара «Бабруйскага кур'ера» Анатоля Санаценку асудзілі ў другі раз. Як стала вядома асацыяцыі журналістаў, паўторны суд адбыўся 27 верасня. Гэтым разам яго асудзілі да 14 сутак адміністрацыйнага арышту.

* * *

Суд па «справе Аўтуховіча» зрабілі закрытым, паведамляюць праваабаронцы. З траўня ў Гродне ідзе суд над так званай «групай Аўтуховіча». Суд пачынаўся як адкрыты, але 19 верасня яго зрабілі закрытым. Пра гэта Intex-Press паведаміла жонка Уладзіміра Гундара, аднаго з абвінавачаных.

Нагадаем, падчас судовага працэсу падсудныя калектыўна заявілі, што на іх аказваўся ціск з боку шэрагу службовых асоб. А ў знак пратэсту супраць розных формаў ціску падсудныя неаднаразова аб'яўлялі галадоўку.

Таксама стала вядома, што абвінавачаную па «справе Аўтуховіча» Вольгу Маёраву залічылі ў шэрагі «дармаедаў». Ліст пра гэта падпісаў намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска Андрэй Мацкевіч. Вользе прапанавалі накіраваць дакументы, якія пацвярджаюць занятасць у эканоміцы, па электроннай пошце ці на адрас адміністрацыі. Ёй таксама параілі звярнуцца ў аддзел занятасці Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама.

Вольга знаходзіцца ў турме са студзеня 2021 года.

* * *

Паводле звестак праваабаронцаў, 22 верасня вядомы актывіст і блогер Павел Вінаградаў выйшаў са штрафнога ізалятара, дзе ўтрымліваўся месяц. Але адразу пасля гэтага адміністрацыя калоніі палічыла, што палітвязень «парушае рэжым», таму яго на паўгода перавялі ў «спецпалату» — «памяшканне камернага тыпу» для хворых на туберкулёз.

Нагадаем, у канцы ліпеня блогера і актывіста перавялі ў аршанскую калонію, вядомую ўтрыманнем і лячэннем асуджаных з актыўнай формай туберкулёзу. Павел быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі за адзін допіс у Facebook.

* * *

Мінскі гарадскі суд асудзіў былую супрацоўніцу Белтэлерадыёкампаніі Ксенію Луцкінуда 8 гадоў калоніі. Яе абвінавачвалі ў змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч.1 арт. 357 КК).

Справу разглядала суддзя Таццяна Фалькоўская. У 2020 годзе Ксенія Луцкіна стала членам «Каардынацыйнага савета» і паведаміла, што разам з іншымі журналістамі БТ, якія звольніліся, плануе стварыць «альтэрнатыўнае тэлебачанне» на YouTube.

* * *

Палітвязень Ігар Аліневіч ужо некалькі дзён галадае. Маці Ігара паведамляе, што асуджаны на 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму актывіст анархісцкага руху абвясціў галадоўку ў знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі Жодзіна: «Яго патрабаванні цалкам канкрэтныя, гарантаваныя законам, у тым ліку і тое, што яго скаргі не накіроўваюцца па прызначэнні».

* * *

Валанцёрская ініцыятыва @spiski_okrestina адзначыла, што, па яе звестках, учора, 27 верасня, па Беларусі былі затрыманы 15 чалавек. Прозвішчы затрыманых пералічаны ў тэлеграм-канале ініцыятывы.

«Мы не ведаем, у чым прычына такіх актыўных затрыманняў учора: рэтраградны Меркурый, план за месяц ці яшчэ што, але, толькі па звестках валанцёраў, учора былі затрыманы тры сям'і», — адзначаюць валанцёры.

Пры гэтым практыка паказвае, што затрыманні, вядомыя валанцёрам — далёка не ўсе, што адбываюцца. Пра многія з іх становіцца вядома толькі пастфактум ці інфармацыя ўвогуле не выходзіць на паверхню.

Валанцёры настойліва рэкамендуюць не хадзіць у РУУС і следчыя органы без адваката, пачысціць акаўнты ў сацыяльных сетках і загадзя заключыць дамову з адвакатам «на ўсялякі выпадак».