Зробяць пацешны суд — такое шапіто. Праваабаронца пра завочныя суды

Следчы камітэт 29 верасня пачаў «спецыяльную вытворчасць» у дачыненні да праваабаронцы Зміцера Салаўёва. У сувязі са сваёй «спецвытворчасцю» Салаўёў нагадаў суду пра тройкі НКУС і адзначыў, што «падобнае можна пачытаць у архівах па гісторыі Савецкага Саюза».

salaueu_909.jpg

Зміцеру Салаўёву інкрымінуюць ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса («Незаконнае перамяшчэнне праз мытную граніцу Еўразійскага эканамічнага саюза грашовых сродкаў у буйным памеры, учыненае арганізаванай групай») і ч. 2 арт. 342 КК («Іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства»), пішуць праваабаронцы.

Сам праваабаронца пракаментаваў дзеянні сілавікоў так:

«Варта было гэтага чакаць: дадзены рэжым, які робіць фальшывыя і хлуслівыя крымінальныя справы, і надалей будзе іх рабіць супраць тых, хто змог пазбегнуць арышту, хто знаходзіцца па-за межамі дасягальнасці і працягвае сваю грамадскую дзейнасць.

Усе абвінавачанні — цалкам хлусня. Усе ведаюць, што праваабарончы цэнтр «Вясна» не займаецца ніякай кантрабандай, не фінансуе пратэсты, а дапамагае людзям бараніць свае правы.

Думаю, што далей яны зробяць пацешны суд — такое шапіто. Зразумела, што гэта будзе фэйкавае пасяджэнне, дзе яны будуць рабіць тое, што ім пажадаецца. У рэжыме «троек» 1937-га: вось «вораг народа», «замежны шпіён» і кшталту таго. Падобнае можна пачытаць у архівах па гісторыі Савецкага Саюза».

Скрыншот з праўладнага тэлеграм-канала, што публікуе спіс асоб, у дачыненні да якіх распачата спецыяльная вытворчасць. Як адзначыў Зміцер Салаўёў, тут выкарыстана яго фота з пашпарта

Скрыншот з праўладнага тэлеграм-канала, што публікуе спіс асоб, у дачыненні да якіх распачата спецыяльная вытворчасць. Як адзначыў Зміцер Салаўёў, тут выкарыстана яго фота з пашпарта

Зміцер Салаўёў мяркуе, што яго прыватны дом канфіскуюць.

«Відавочна, у іх кірунак — адабраць маёмасць людзей, якія за мяжой. Гэта неаднаразова агучвалася службовымі асобамі (як яны сябе называюць, бо я не лічу, што там увогуле хтосьці ёсць легітымны з улады і з карных органаў). З прапагандысцкіх каналаў было агучана шмат разоў: адабраць маёмасць у тых, хто з'ехаў».

Свой дом Зміцер Салаўёў сам спраектаваў і збудаваў (праваабаронца па адукацыі з’яўляецца інжынерам-будаўніком). На цяперашні момант ягоны дом знаходзіцца пад арыштам.

«Дом апячатаны, у ім выламаны замок і ўстаўлены замок Следчага камітэта», — кажа Зміцер Салаўёў.

16 лютага 2021 года ў дом да праваабаронцы сілавікі прыходзілі з вобшукам, пасля чаго Зміцера затрымалі і асудзілі на 12 сутак арышту. Падставай для адміністрацыйнай справы стаў сам дом Салаўёва: на ім быў убудаваны герб Віцебскай вобласці, адкуль праваабаронца родам, але суд палічыў гэта дэманстрацыяй герба «Пагоня» (несанкцыянаваным пікетаваннем). Але пасля адбыцця арышту, 1 сакавіка, Салаўёва зноў затрымалі — ужо ў межах крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці»). Пасля допыту Зміцера адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Але ён пакінуў Беларусь.