Хто зарабляе на рабскай працы зняволеных?

Прадпрыемствы на базе калоній і турмаў у Беларусі выкарыстоўваюць фактычна бясплатную працу зняволеных. Яны вырабляюць велізарны асартымент тавараў — ад мэблі да запчастак да МАЗаў і БелАЗаў. Пры гэтым турэмная эканоміка максімальна закрытая: на сайце Дэпартамента выканання пакаранняў навіны не абнаўляюцца з 2019 года.

_belarus_2022_drot_turma_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__2__logo.jpg


"М*дыязона" распавядае, што вядома аб кампаніях, якія размяшчаюць заказы ў калоніях, і чаму бізнесмены нягледзячы на льготы і таннасць працы зняволеных так неахвотна супрацоўнічаюць з турэмнымі вытворчасцямі.

Што і для каго вырабляюць зняволеныя

Згодна з каталогам на сайце Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, у Беларусі на тэрыторыях калоній, турмаў і лячэбна-тэхнічных прафілакторыяў дзейнічаюць 15 прадпрыемстваў і дзевяць пазабюджэтных вытворчых майстэрняў. Зняволеныя вырабляюць: мэблю, адзенне, металаканструкцыі, гаспадарчыя тавары, а таксама запчасткі для заводаў МАЗ, МТЗ, БелАЗ, Гомсельмаш і іншых.
Як распавядае сузаснавальнік праваабарончай ініцыятывы "Тайм-АКТ", былы кіраўнік медслужбы ДВП Васіль Завадскі, уласную прадукцыю калоніі выпускаюць вельмі рэдка — у большасці выпадках зняволеныя працуюць па заказах іншых арганізацый.
— Заключаецца дамова, а ўстанова проста дае працоўную сілу і атрымлівае ў адпаведнасці з дамовай аплату. Зняволеныя атрымліваюць, адпаведна, заработную плату. Вось такія вось механізмы, — тлумачыць Завадскі.


У спісе дылераў прадукцыі, якую вырабляюць зняволеныя, на сайце ДВП пазначаны восем дзяржаўных крам пры калоніях і дзевяць прыватных кампаній. Карэспандэнт "Медыязоны" змог датэлефанавацца ў большасць з іх. Ва ўсіх фірмах, за выключэннем адной, паведамілі, што ўжо даўно не супрацоўнічаюць з ДВП, ды і раней супрацоўніцтва абмяжоўвалася адзінкавымі замовамі. У згаданай на сайце ДВП кампаніі Dudo, якая прадае металічную мэблю, сказалі, што сувязь з Дэпартаментам перапынілася яшчэ пяць гадоў таму.
Нягледзячы на гэта, кажа Завадскі, заказы ад прыватных прадпрыемстваў у калоніях на самай справе не рэдкасць, хоць па аб'ёмах яны несупаставімыя з заказамі буйных дзяржкампаній.
— Была досыць распаўсюджаная практыка, і, увогуле, ахвотна на гэта ішлі, таму што больш вытворчасць працавала. Але цяпер, мне здаецца, гэта ўсё больш [будуецца] на асабістых узаемаадносінах, — лічыць праваабаронца.
Дзяржпрадпрыемствы супрацоўніцтва з калоніямі, зрэшты, таксама не прываблівала, успамінае Завадскі. Паводле яго слоў, прадстаўнікі калоніі ў Навасадах рэгулярна ездзілі на заводы дамаўляцца аб замовах, ад якіх завадчане хацелі адмовіцца.
— Калі рынкавыя адносіны пачаліся, то зразумела, што, калі скарачаецца вытворчасць, тады трэба скарачаць супрацоўнікаў таго ж МАЗа або МТЗ. А калі забраць заказ з Навасад — тыя ж глушыцелі — значыць, можна працаўладкаваць сваіх работнікаў. Вось таму там на розных асабістых кантактах ездзілі, дамаўляліся, каб гэтыя заказы заставаліся ва ўстановах, — распавядае ён.

Льготы ў абмен на нізкую якасць

Да канца 2019 года фінансавая база ДВП фармавалася за кошт пазабюджэтнага фонду, аднак Аляксандр Лукашэнка сваім указам скасаваў яго. Зараз інфармацыі аб даходах Дэпартамента ў адкрытым доступе няма, а са статыстыкі Мінфіна вынікае, што ў апошнія гады існавання фонду яго даходы падалі.
У 2016 годзе міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч выхваляўся, што ў фонд паступіла 1,16 мільёна рублёў, што на 16% вышэй чаканага. На наступны год даходы былі яшчэ вышэйшыя: 2,1 мільёна. У 2018 даход вярнуўся на ўзровень 0,9 мільёна, а ў 2019 знізіўся да 0,37 мільёна замест чаканых 0,4 мільёна.
Для кампаній, якія жадаюць супрацоўнічаць з ДВП, закон прадугледжвае льготныя ўмовы: у папраўчых устаноў тавары ўласнай вытворчасці можна закупляць па працэдуры закупкі з адной крыніцы, а ў выпадку куплі за кошт уласных сродкаў — наогул без працэдуры закупкі.


Зрэшты, успамінае Завадскі, нягледзячы на гэтыя льготы, у супрацоўніцтва з ДВП ёсць важны мінус — нізкая якасць прадукцыі.
— Праблема якасці была, ёсць і будзе пры такім падыходзе, як сёння. Таму што, я яшчэ раз паўтараю, гэты праца — па сутнасці, рабская, яна не можа быць эфектыўнай, — настойвае ён.
Як успамінае праваабаронца, не разлічваючы на якасць, прадпрыемствы імкнуліся размяшчаць у калоніях заказы, за якія не браліся іншыя падрадчыкі — у першую чаргу, на шкодную вытворчасць, якую ніхто не хацеў даручаць вольным работнікам.
— Напрыклад, у Навасадах рабілі радыятары для гэтых прадпрыемстваў. А там пайка, шмат вытворчай шкоднасці. Потым, напрыклад, глушыцелі для МТЗ — зварачная вытворчасць. Там, калі заходзіш, проста дым стаіць слупам ад зваркі, хоць вентыляцыя і прысутнічала, — распавядае праваабаронца.

Міжнароднае супрацоўніцтва, аб якім не прынята казаць услых

Актуальная інфармацыя аб дзейнасці ДвП недаступная з 2019 года, калі дэпартамент выдаліў са свайго сайта раздзел навін. Паводле версіі праваабаронцаў з MAYDAY, гэта адбылося пасля таго, як ДВП пахваліўся выхадам на рынак Еўразвязу. У адказ бацькі беларускіх зняволеных пачалі грамадскую кампанію, заклікаючы грамадзян еўрапейскіх краін адмовіцца ад куплі тавараў, зробленых у няволі.


Пры гэтым ДВП перыядычна даваў справаздачу аб супрацоўніцтве з замежнымі кампаніямі: напрыклад, з турэцкімі Erfor і Soycan Group, а таксама ізраільскай Kobi Ketalim Nadlan Ltd. — апошняя нават даслала дэпартаменту ліст-падзяку.
З замежнымі фірмамі быў звязаны і скандал у івацэвіцкай ПК №5: у 2013 годзе дырэктара прадпрыемства калоніі Вадзіма Харужага абвінавацілі ў атрыманні хабару на больш чым 200 тысяч еўра ад прадстаўніка неназванай французскай кампаніі. У 2018 годзе яго асудзілі на 9 гадоў пазбаўлення волі.
MAYDAY, спасылаючыся на інфармацыю з сайта ДВП за 2019 год, згадвае аб супрацоўніцтве Дэпартамента з кампаніямі з больш чым 20 краін свету, у тым ліку Вялікабрытаніі, Германіі і Бельгіі. 
Васіль Завадскі лічыць, што продаж вырабленых зняволенымі тавараў у іншыя краіны — гэта "нават нядрэнна, калі б усё гэта было на здаровых падставах".
— Калі казаць пра тое, што гэта, можна сказаць, рабская праца — вядома, такія эканамічныя ўзаемаадносіны не павінны мець месца. А ў цэлым, калі б гэта ўсё было на здаровай аснове, калі б людзі атрымлівалі нармальную годную зарплату, то гэта можна толькі вітаць. Усё-ткі, праца — гэта наймагутны сродак рэсацыялізацыі, — кажа праваабаронца.