Хронікі рэпрэсій. Сябраў АГП хутка будуць судзіць, журналіста не звольняць, а праваабаронцу выпусцілі пасля 15 сутак

З дапамогай праваабаронцаў і недзяржаўных СМІ сабралі інфармацыю пра палітычны пераслед беларусаў 1 кастрычніка.

_drot___kaljuczka___heta___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Год «хатняй хіміі» прысудзілі жыхару Брэста Сяргею Беразюку за абразу супрацоўнікаў міліцыі

У судзе Маскоўскага раёна Брэста завяршыўся разгляд крымінальнай справы мясцовага прадпрымальніка Сяргея Беразюка. Яго абвінацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Справу разглядаў суддзя Яўген Брэган.

Беразюк нібыта, калі верыць абвінаваўцу, «размясціў у адкрытым доступе паведамленні, якія супярэчаць агульначалавечай маралі, выяўленыя ў непрыстойнай форме, прыніжаючыя гонар і годнасць службовых асоб». Перад тым, як абвінаваціць мужчыну ў абразе прадстаўніка ўлады, яго асудзілі да адміністрацыйнага арышту на 15 сутак.

Справу сябраў АГП перадалі ў пракуратуру

Над Мікалаем Казловым, Аксанай Аляксеевай і Антанінай Кавалёвай хутка распачнецца суд.

Сябраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі затрымалі 27 ліпеня. Ім прад’явілі абвінавачванні паводле арт. 342 КК (Актыўны удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Праваабаронцам стала вядома, што палітвязні ўжо азнаёміліся з матэрыяламі справы, а 27 верасня справа была перададзеная ў пракуратуру. А значыць, у хуткім часе можа адбыцца суд.


Вайсковага пенсіянера Дзмітрыя Нешту этапавалі ў віцебскую калонію

23 чэрвеня Дзмітрыя Нешту асудзілі па тэрарыстычным артыкуле 289 Крымінальнага кодэкса і за выраб «кактэйляў Молатава» па ч. 1 арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса да 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з пазбаўленнем звання «падпалкоўніка». Пад вартай ён утрымліваецца адзінаццаць месяцаў, КДБ уключыла яго ў «спіс тэрарыстаў».

На працэсе стала вядома, што адной з прычын правядзення Дзмітрыем акцыі стаў бунт зняволеных у бабруйскай калоніі ў жніўні 2020 года, дзе пакаранне адбываў яго сын. Дзмітрый прызнаў віну часткова і не пагадзіўся з кваліфікацыяй сваіх дзеянняў. Стала таксама вядома, што нядаўна Дзмітрый быў накіраваны ў папраўчую калонію № 3.

Журналіста «Прессбола» збіраліся звальняць пасля 10-сутачнага арышту, але цяпер запэўніваюць, што не звольняць. Журналіст быў пакараны адміністрацыйным арыштам за «пікетаванне ў сацсетках».


Мужа і жонку Антона і Вольгу Шаблыкаў пакаралі абмежаваннем волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады за ўдзел у «Маршы супраць тэрора» — прысуд стаў вядомы толькі зараз.

Telegram-канал «Першы рэгіён» прызнаны «экстрэмісцкім». Такое рашэнне прыняў 28 верасня суд Ганцавіцкага раёну Брэсцкай вобласці.

Мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту. Агулам супраць праваабаронцы склалі чатыры пратаколы. Па першым пратаколе — за рэпосты ў сацсетках з рэгіянальнага праваабарончага сайта «Палеская Вясна» — Целяпуна затрымалі 3 верасня і затым асудзілі на 10 сутак арышту. 16 верасня, праз трое сутак пасля вызвалення, праваабаронцу зноў затрымалі. Яго выклікалі ў РАУС для «падпісання выпраўленых адміністрацыйных пратаколаў», і на волю так і не адпусцілі. Пазней яму прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту.