Хронікі рэпрэсій. Вядомы футбаліст затрыманы праз тое, што галасаваў за Ціханоўскую і падтрымліваў свабодных спартоўцаў
З дапамогай праваабаронцаў і недзяржаўных СМІ сабралі інфармацыю пра палітычны пераслед беларусаў 30 верасня.
У Беларусі затрыманы вядомы ў мінулым футбаліст, брамнік нацыянальнай зборнай, а цяпер трэнер брамнікаў румынскага «Сцяуа» Васіль Хамутоўскі. На відэа, якое публікуе блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, на Хамутоўскага пры затрыманні надзяваюць кайданкі.
У «пакаяльным відэа» спартсмен кажа, што затрыманы за ўдзел у акцыях пратэсту. Хамутоўскага стандартна прымушаюць назваць зарплату, таксама ён распавядае аб тым, што за грошы, якія атрымліваў, гуляючы ў Расіі, ён набыў зямлю ў Драздах і пабудаваў катэдж, які цяпер здае амбасадзе Венгрыі.
У якасці доказу «віны» сілавікі публікуюць таксама выбарчы бюлетэнь з прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, дзе галачка стаіць насупраць прозвішча Святланы Ціханоўскай, а таксама яго фота са свабоднымі спартоўцамі. Паведамляецца, што ўзбуджана крымінальная справа.
Трэнер украінскага «Львова» Алег Дулуб распавёў, што Хамутоўскі атрымаў на трэніроўцы траўму калена і прыехаў у Беларусь рабіць аперацыю.
* * *
Былы тэлевядучы і экс-кіраўнік прэзідэнцкага пула Дзмітрый Семчанка не выйшаў на свабоду пасля 15 сутак арышту. Як стала вядома, у панядзелак яго чакае новы суд.
Дзмітрыя Семчанку разам з жонкай затрымалі 15 верасня ў Мінску. Пазней Юлію адпусцілі, а Дзмітрыя пакінулі за кратамі да суда. Пасля мужчыну арыштавалі на 15 сутак па арт.19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»), а Юлія аштрафавана на 960 рублёў (30 базавых велічынь) за рэпост з «экстрэмісцкіх» каналаў.
* * *
Жыхара Віцебска асудзілі да 4,5 гадоў пазбаўлення волі за пасады і рэпосты ў «ВКонтакте», паведамляюць праваабаронцы. Раней 34-гадовы Аляксей Рэзнікаў працаваў за мяжой, але ўвесну праз цяжкі стан маці вярнуўся дадому, дзе і быў затрыманы. Праз тры дні пасля арышту сына яна памерла.
Мужчына застаўся без сваякоў і больш за чатыры месяцы знаходзіцца пад арыштам у віцебскім СІЗА № 2. 15 верасня ён быў уключаны ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
* * *
Баранавіцкую газету «Intex-press» улады пазбавілі дзяржаўнай рэгістрацыі. У загадзе адзначаецца, што «выпуск друкаванага сродку масавай інфармацыі не ажыццяўляецца шэсць месяцаў запар», як таго патрабуе закон, у сувязі з чым пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ, выдадзенае газеце ў 2009 годзе, з'яўляецца несапраўдным. Выданне выключана з Дзяржаўнага рэестра сродкаў масавай інфармацыі.
* * *
Уладальнік бара «Банкі-бутэлькі» Андрэй Жук да гэтага часу не выйшаў на свабоду. Яго адміністрацыйны арышт павінен быў скончыцца не пазней за 5 верасня. Таксама, верагодна, затрымана яго жонка Марыя. У чым менавіта абвінавачваюць Андрэя і Марыю, невядома.
Нагадаем, Андрэя Жука і беларускую спявачку Мерыем Герасіменка затрымалі ў пачатку жніўня пасля выканання твораў украінскага гурта «Акіян Эльзы» каля бара «Банкі-бутэлькі». На днях стала вядома, што Мерыем з'яўляецца падазраванай па крымінальнай справе.
* * *
За абразу Лукашэнкі і чорнага берэта жыхара Полацка Алега Крычкоўскага асудзілі да паўтара года калоніі. Згодна з абвінаваўчым актам, Крычкоўскі пакінуў у ВК абразлівы каментар пад выявай Лукашэнкі, калі таму ўручылі вышэйшую ўзнагароду РАУС МУС — чорны берэт. Выказванні абвінавачанага, на думку экспертаў, неслі ў сабе негатыўную ацэнку кіраўніка дзяржавы.
* * *
Палітзняволеная лекарка Таццяна Талочка асуджана да трох гадоў «хатняй хіміі». Таццяна Талочка — урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг, працавала ў 2 ДЦКБ Мінска. Яе затрымалі 12 траўня 2022 года на працоўным месцы.
У жніўні 2020 года жанчына выратавала ад пераследу Цімура Міцкевіча, падлетка, які ўпаў у кому пасля збіцця сілавікамі. Яна падпісала паперы, што яго нельга дапытваць, але галоўны ўрач гэты дакумент не падпісаў. Цяпер 19-гадовы юнак ваюе ва Украіне ў складзе палка Кастуся Каліноўскага.
Справу лекаркі разгледзелі 30 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска. Суддзя Вольга Няборская прызнала яе вінаватай у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса), і прыгаварыла Таццяну да трох гадоў абмежавання волі без накіроўвання ў ПУАТ. Дзяўчыну адпусцілі ў зале суда.
* * *
Сілавікі затрымалі фаната мінскага «Дынама», 34-гадовага Андрэя Ждановіча. Паведамляецца, што мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, «прытрымліваўся правых поглядаў» і меў татуіроўку «Пагоня».
* * *
ГУБАЗіК затрымаў жыхара Мінска Віктара Вяршыню. У «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, пісаў абразлівыя каментары, а таксама данаціў грошы ў фонд дапамогі беларусам, якія падвергліся рэпрэсіям. Акрамя таго, сілавікі пішуць, што «затрыманы прыстойна зарабляў на гандлі з расійскімі контрагентамі, што не перашкаджала пісаць ім у лічку розныя брыдоты».
Мяркуючы па апублікаваных скрыншотах, «брыдотамі» ГУБАЗіК палічыў антываенныя паведамленні сябрам, меркаванне аб тым, што ў Расіі няма будучыні з Пуціным, і што, калі яго сябры будуць уцякаць з Расіі, ён іх прыме ў сябе дома і накорміць.
* * *
Вярхоўны суд адхіліў апеляцыйную скаргу, пададзеную адвакатамі Уладзіміра Мацкевіча, і пакінуў у сіле раней абвешчаны прысуд. Пасля ўступлення прысуду ў законную сілу Мацкевіч будзе этапаваны ў калонію, паводле папярэдняй інфармацыі, у Шклоў. Нагадаем, што 23 чэрвеня філосафу прысудзілі 5 гадоў узмоцненага рэжыму.
* * *
У Ваўкавыску прайшлі масавыя ператрусы. Супрацоўнікі праваахоўных органаў прыйшлі да тых, хто раней прыцягваўся па арт. 23.34 Каап.
* * *
У Гомельскім абласным судзе вынесены прысуд палітвязню Максіму Ражкову, інваліду 2 групы. Вядома, што дзяржабвінаваўца запрасіў для яго чатыры гады зняволення, але суддзя Руслан Царук прыгаварыў яго да 3,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. 29-гадовы Ражкоў абвінавачваўся ў грубым парушэнні грамадскага парадку (ч.1 арт. 342 КК) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК).
* * *
У Брэсце затрыманы прадпрымальнік Сяргей Беразюк. Як паведамляюць сілавікі, мужчына нібыта пакідаў абразлівыя каментары ў тэлеграм-каналах. Беразюка арыштавалі на 15 сутак, пасля якіх яго «прыцягнуць да крымінальнай адказнасці па арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»).
* * *
29 верасня ў Светлагорску затрымалі мясцовага жыхара, 29-гадовага Арсенія Ягорчанку. У доме, дзе ён пражывае, прайшоў ператрус. Хлопца адправілі ў ІЧУ Светлагорскага РАУС. Прычына ператрусу ўдакладняецца. Паводле папярэдняй інфармацыі, падчас ператрусу знайшлі бел-чырвона-белую сімволіку, а таксама нешта ў мабільным тэлефоне.
* * *
Праваабаронцам сталі вядомыя прозвішчы чатырох затрыманых учора супрацоўнікаў «Белагра». Гэта Кірыл Малянтовіч, Дзмітрый Левянкоў, Людміла Гецман, Арцём Зубракоў. Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, супраць чацвярых супрацоўнікаў кампаніі (іх імёны не называюцца) распачаты крымінальныя справы, «звязаныя з наркотыкамі, распальваннем варожасці, удзелам у масавых беспарадках 2020 года, аказаннем садзейнічання «экстрэмісцкім» фарміраванням».
Ператрус у «Белагра» адбыўся праз тое, што ў 2020 годзе супрацоўнікі кампаніі падтрымалі пратэст. Пра гэта ў «пакаянным відэа» сказаў Кірыл Малянтовіч. Таксама ён «прызнаўся», што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і пакідаў у іх абразлівыя каментары.
Астатніх затрыманых судзілі па адміністрацыйных справах.
* * *
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска суддзя Вікторыя Шабуня абвясціла чарговы палітычны прысуд: палітвязня Яўгена Батуру асудзілі на два гады «хіміі» з накіраваннем.
* * *
Мінскі гарадскі суд абвясціў прысуд 30-гадоваму выкладчыку радыётэхнічнага каледжа Цімафею Шкуратовічу, абвінаваціўшы яго ва ўдзеле ў масавых беспарадках, распальванні іншай сацыяльнай варожасці і абразе прадстаўніка ўлады. Яму прысудзілі два гады калоніі агульнага рэжыму.
Судовае пасяджэнне вяла суддзя Жана Брысіна. Шкуратовіча затрымалі праз каментар у сувязі з гібеллю ў Мінску ў перастрэлцы Андрэя Зэльцэра і супрацоўніка КДБ.
* * *
Жонку пастара царквы «Новы Запавет» Лідзію Іванову асудзілі да двух гадоў «хіміі». Суд Партызанскага раёна Мінска судзіў яе за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Лідзію затрымалі 5 ліпеня разам з мужам — пастарам Мінскай евангельскай царквы «Новы Запавет» —Філіпам Івановым. Пазней мужчыну выпусцілі, а Лідзію перавялі ў СІЗА на Валадарскага, дзе ўтрымлівалі да суда.