Павел Латушка: Пакуль Лукашэнка ва ўладзе — горшае непазбежна

Беларусь будзе вымушана ўступіць у поўнамаштабную вайну. Так Павел Латушка, прадстаўнік Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па транзіце ўлады, выказаўся наконт магчымай мабілізацыі ў Беларусі. Святлана Ціханоўская параіла беларусам не выконваць тое, што будзе напісана ў позвах ваенкаматаў, а берагчы сябе і блізкіх.

photo_2021_05_02_20_21_05_logo.jpg

Павел Латушка сказаў у відэазвароце:

Крыніцы паведамляюць, што Лукашэнка даў згоду на размяшчэнне ў Беларусі групоўкі расійскіх войскаў. Калі інфармацыя крыніц адпавядае рэчаіснасці, то варта чакаць, што ваеннае становішча ў Беларусі можа быць абвешчана ўслед за Расіяй пасля далучэння акупаваных украінскіх тэрыторый. Як член так званай Саюзнай дзяржавы Беларусь будзе павінна ўступіць у поўнамаштабную вайну.

І нават калі інфармацыя не пацвердзіцца заўтра, то гэта не значыць, што гэтага зусім не адбудзецца. Ёсць упэўненасць у адным: пакуль Лукашэнка ва ўладзе — горшае непазбежна.

Павел Латушка таксама звярнуўся да беларускіх вайскоўцаў і нагадаў: «Пасля пачатку баявых дзеянняў вы станеце злачынцамі і назад дарогі не будзе».

Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі працягвае працаваць з міжнароднымі партнёрамі, каб не дапусціць увядзення расійскіх войскаў у Беларусь.

cihanouskaja_5.jpg

Святлана Ціханоўская адзначыла, што руская ўлада збіраецца «ахвяраваць яшчэ большай колькасцю чалавечых жыццяў», і параіла беларусам не выконваць тое, што будзе напісана ў позвах ваенкаматаў, а берагчы сябе і блізкіх.

«З 24 лютага ідзе вайна: Расія напала на Украіну, знішчаючы і акупуючы ўкраінскія гарады, забіваючы мірных жыхароў. У Расіі пачалася мабілізацыя – гэта знак, што ў Крамля не атрымалася выканаць свой жахлівы план па знішчэнні Украіны. Яны не могуць адступіць і зараз будуць ахвяраваць яшчэ большай колькасцю чалавечых жыццяў.

Лукашэнка сказаў, нібыта ў Беларусі мабілізацыі не будзе. Але ўлічваючы ўсё, што ён зрабіў да гэтага, яму ўжо ніхто не верыць. І не проста так. Беларусам ужо пачалі прыходзіць позвы з так званымі «мабілізацыйнымі прадпісаннямі». Калі вам ужо прыйшла такая, што б ні было ў ёй пазначана — вучэнні, мабілізацыя, прызыў — не выконвайце таго, што там напісана.

Беражыце сябе і родных. Не паддавайцеся на хлусню і маніпуляцыі. Я кажу гэта не толькі як палітык. Я жанчына, я маці. Я ведаю цану чалавечага жыцця і ведаю, як сціскаецца сэрца, калі твае любімыя людзі не ў бяспецы. Паклапаціцеся пра сябе і блізкіх. Бо мае рацыю заўсёды той, хто абараняе сваю сям'ю і дом».