«Экстрэміст» і «тэрарыст» у адной асобе. Палітвязня прысудзілі да 10 гадоў калоніі
У Брэсцкім абласным судзе 30 верасня вынеслі прысуд палітвязню Дзянісу Сальмановічу адразу па 5 артыкулах Крымінальнага кодэкса, паведамляюць праваабаронцы. Суддзя Мікалай Лешчанка выпісаў такі самы тэрмін, што і юрысту Максіму Знаку.
Дзяніса Сальмановіча абвінавачвалі па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 2 арт. 290-4 («Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй»);
- ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»);
- ч. 3 арт. 130 («Узбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці»);
- ч. 3 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»);
- ч. 3 арт. 361 («Заклікі да прымянення санкцый, іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»).
Суд прызнаў 30-гадовага палітвязня вінаватым і прысудзіў да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры 6400 рублёў. На гэтым справа не скончылася: наперадзе ў Сальмановіча разгляд грамадзянскагай позвы на суму 33 тысячы рублёў за нібыта перакрыцце дарог.
Дзяніса Сальмановіча затрымалі 4 кастрычніка 2021 года па абвінавачанні ў дапамозе і падбухторванні да тэрарызму і ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі, а таксама ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці.
Супрацоўнікі карных органаў нават называлі яго «галоўным візуальным рэдактарам» ролікаў «Кіберпартызану» і «Супраціву».
Нагадаем, да такога ж пакарання — 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму — 9 верасня мінулага года прысудзілі адваката і юрыста перадвыбарчага штаба Бабарыкі Максіма Знака.