Ад 60 капеек на месяц: столькі зарабляюць зняволеныя ў беларускіх калоніях

Сваякі пакараных б’юць трывогу і мяркуюць, што дзяржава цынічна выкарыстоўвае рабскую працу зняволеных для папаўнення бюджэту. Родныя заклікаюць байкатаваць прадукцыю з карных установаў, піша Белсат.

colonia.jpg


Мэбля, каваная прадукцыя, вопратка і знакамітыя клюшкі Шуневіча... Ларыса Жыгар, ініцыятарка стварэння Руху маці 328, пераглядае сайт Дэпартаменту выканання пакаранняў, дзе публікуецца каталог прадукцыі, вырабленай за калючым дротам, і распавядае, колькі плацяць за такую працу, у прыватнасці, яе сыну-вязню:
«Калі ён мне падаў разліковыя лісты за мінулы год, напрыклад, за 2018 год, то за год ён зарабіў 26 рублёў 54 капейкі».
Падобная сітуацыя і ў іншых зняволеных з усіх куткоў Беларусі. З дзесяці розных лістоў, якія ёсць у Руху маці 328, найвышэйшы месячны заробак беларускага вязня складае няпоўныя 20 рублёў, найніжэйшы – 61 капейку.
«Характарыстыку такім малым заробкам ужо дала Міжнародная арганізацыя працы, расцаніўшы гэта як адну з формаў схаванага рабства, дадаць тут асабліва няма чаго», – каментуе справу Андрэй Бандарэнка, дырэктар праваабарончай арганізацыі «Платформа».
Адмовіцца ад працы вязні не могуць – гэта наўпрост забараняе 98-ты артыкул Крымінальна-выканаўчага кодэксу. Непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі заканчваецца штрафным ізалятарам. Апроч таго, што заробак у сотні разоў ніжэйшы за бюджэт пражыткавага мінімуму, з гэтага мізеру і так фармальна вылічваюць кошт утрымання ў турме.
Згодна з рознымі звесткамі, у беларускіх калоніях сядзяць да 40 тысячаў чалавек. Паводле ж афіцыйнай інфармацыі, працай зняволеных карыстаюцца 15 дзяржаўных прадпрыемстваў, тры філіялы і 9 пазабюджэтных майстэрняў.
І менавіта шматпрофільнасць дае плён, хваліцца сайт папраўчае калоніі нумар 2, што ў Бабруйску:
 «На гэты момант асартымент прадукцыі прадпрыемства дастаткова шырокі, што дазваляе атрымоўваць прыбытак у складаных эканамічных умовах».
Звесткі, сабраныя Рухам маці 328, наступныя: у 2018 годзе прадпрыемствы, якія выкарыстоўвалі працу вязняў, заплацілі ў беларускі бюджэт у паўтара разы больш падаткаў, чым заводы, зарэгістраваныя пры Міністэрстве прамысловасці. Прадукцыю з калоніяў пастаўляюць у 21 краіну свету, у тым ліку на Захад.
Напрыклад, два месяцы таму ў польскім Познані меў месца найбуйнейшы мэблевы кірмаш. Быў там і стэнд ад беларускіх калоніяў. Прычына зацікаўленасці такога кшталту прадукцыяй нават за мяжой Беларусі відавочная.
«Я сёння заяўляю, напрыклад, што гэты тавар каштуе 30 рублёў, а я з калоніі гавару, што 20. І нічога, ў гэтым тэндары няма ніякага кошту за працу, але ж гэта выгадна. Таму што гэта рабская праца!», – кажа старшыня незалежнага Прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.
І дадае, што адзіны спосаб спыніць рабскае выкарыстанне вязняў – гэта байкот прадукцыі калоніяў. Дзеля гэтага Рух маці 328 піша ў органы Еўразвязу і ААН, а таксама ў праваабарончую арганізацыю «Міжнародная амністыя». Ларыса Жыгар звяртае ўвагу на тое, што ў асуджаных забіраюць не толькі вынікі працы, але і здароўе:
«Асабліва для маладзёнаў, якія знаходзяцца ў калоніі і разбіраюць кабелі, авіяматоры, прычым, гэта ім прывозіцца з чарнобыльскай зоны».
Мы патэлефанавалі ў Міністэрства ўнутраных справаў, каб даведацца пра іхную пазіцыю наконт нізкіх заробкаў вязняў.
«Звярніцеся да прэс-службы Дэпартаменту выканання пакаранняў. Я думаю, што вам пракаментуюць», – адказаў нам Аляксандр Ластоўскі, начальнік аддзелу МУС для ўзаемадзеяння з электроннымі медыямі.
Аднак, як сведчыць сайт згаданага Дэпартаменту выканання пакаранняў, асобнай прэс-службы ў іх няма. А вось на нашыя званкі па апублікаваных тэлефонах начальства ўстановы ніхто гэтак і не адказаў.