Чаму ў ХХІ стагоддзі беларусы вымушаныя змагацца за дэмакратыю? «Вясне» ўручылі прэмію фонда Клуні

Беларускім праваабаронцам ўручылі прэмію, заснаваную фондам Джорджа і Амаль Клуні, — The Albie Awards 2022

Цырымонія ўзнагароды. Аліна Стэфановіч — у цэнтры. Крыніца: accessonline.com

Цырымонія ўзнагароды. Аліна Стэфановіч — у цэнтры. Крыніца: accessonline.com

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» ўручылі прэмію The Albie Awards 2022, заснаваную Фондам «Клуні за справядлівасць», у намінацыі «Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі».

«Праваабарончая група была голасам супраціву ў Беларусі на працягу амаль 30 гадоў, ведучы адважную барацьбу за свабоду і дэмакратыю супраць рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі. Напярэдадні і пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года група заплаціла высокую цану за сваю працу: сем членаў «Вясны» былі затрыманыя па сфабрыкаваных абвінавачваннях, абодва лідары арганізацыі знаходзяцца ў турме», – заявілі арганізатары.

«Гэтыя людзі з гатоўнасцю трапілі ў турму, таму што верылі настолькі цвёрда, змагаліся за незалежнасць, змагаліся за дэмакратыю. Яны сапраўдныя героі», — сказаў Джордж Клуні ў эфіры тэлеканала CBS напярэдадні ўручэння прэміі.

Прэмію прымала Аліна Стэфановіч — жонка палітзняволенага праваабаронцы «Вясны» Валянціна Стэфановіча. У прамове яна адзначыла:

«Больш за два дзесяцігоддзі мы з мужам і нашы адважныя калегі змагаемся за дэмакратыю ў Беларусі. Як лідар «Вясны» менавіта ён павінен быў стаяць тут сёння і атрымліваць гэтую выдатную ўзнагароду. Ён не можа гэтага зрабіць, таму што знаходзіцца за кратамі. Мне ўдалося выехаць з Беларусі, каб выратаваць нашых дзяцей, і для мяне вялікі гонар прыняць гэтую ўзнагароду ад імя «Вясны».

Аліна таксама зачытала ліст ад Валянціна, які ён папрасіў прачытаць на цырымоніі. 

Аліна Стэфановіч чытае ліст Валянціна на цырымоніі

Аліна Стэфановіч чытае ліст Валянціна на цырымоніі

«Лэдзі і джэнтэльмены!

Дазвольце мне ад імя Праваабарончага цэнтру «Вясна» выказаць вам шчырую падзяку за ўзнагароду. Мяне завуць Валянцін Стэфановіч, мне 49 гадоў і я з'яўляюся сябрам Рады ПЦ «Вясна», а таксама віцэ-прэзідэнтам FIDH.

Зараз я вось ужо больш за год знаходжуся ў сутарэннях змрочнай 200-гадовай турмы ў цэнтры сталіцы. У розныя часы ў ёй утрымліваліся палітвязні рускага царызму, вязні нацызму, ахвяры сталінскага тэрору, палітвязні лукашэнкаўскага рэжыму.

Вось ужо два гады ў Беларусі працягваецца самы глыбокі за ўсю нашую навейшую гісторыю крызіс правоў чалавека. Крызіс, які па сваіх маштабах набліжаецца да найгоршых часоў нашага мінулага — часоў камуністычнага таталітарызму. Тысячы палітвязняў утрымліваюцца ў турмах, тысячы звычайных грамадзянаў — мужчынаў і жанчынаў, студэнтаў і пенсіянераў, журналістаў і праваабаронцаў — пазбаўленыя волі толькі за тое, што выказвалі сваё меркаванне, патрабавалі справядлівых выбараў, выконвалі свае журналісцкія абавязкі і аб'ектыўна асвятлялі тое, што адбываецца ў краіне.

Дагэтуль людзей утрымліваюць у нечалавечых умовах у ЦІП і ІЧУ, падвяргаючы іх бесчалавечнаму, жорсткаму абыходжанню, тысячы людзей былі катаваныя па ўсёй тэрыторыі краіны ў жнівеньскія дні 2020 года.

Усім гэтым фактам так і не была дадзеная належная прававая ацэнка, вінаватыя не былі пакараныя, а атрымалі высокія пасады і званні. Прававая сістэма краіны цалкам дэградавала і не здольная абараніць правы грамадзян. Пры гэтым са старонак дзяржаўных СМІ і ТВ нас спрабуюць пераканаць, што правы чалавека, дэмакратыя — гэта «чуждае нашым традыцыйным каштоўнасцям» вынаходніцтва «калектыўнага Захаду», што мы маем нейкае асобнае іх разуменне, асаблівы шлях і ледзь не з'яўляемся «асобнай цывілізацыяй».

Але на справе гэтая танная дэмагогія і папулізм мае адну задачу — апраўдаць 30-гадовае нязменнае знаходжанне ва ўладзе адной і той жа асобы і адсутнасць народаўладдзя — выбараў, самакіравання, заснаванай на канкурэнтнай палітычнай барацьбе, на плюралізме меркаванняў ідэалогіі. Так, гэта завецца дэмакратыяй, і яна не бывае «усходняй», «заходняй» ці «паўднёвай». Яна альбо ёсць, альбо яе няма. На жаль, і 21-м стагоддзі беларусы вымушаныя змагацца за, здавалася б, такую простую рэч — дэмакратыю. Зараз, калі аўтакратыі Расіі і Беларусі імкнуцца вярнуцца да звыклае ім двупалярнага свету і навязаць іншым народам сваю «асаблівую цывілізацыю», нават праз развязванне войнаў, праца праваабаронцаў набывае асаблівае значэнне, бо правы чалавека — гэта культура міру, а не вайны.

Правы чалавека ўніверсальныя, неад'емныя і належаць нам ад нараджэння, бо мы проста людзі, і не залежаць ад волі асобных аўтакратаў, яны не могуць адабраць іх у нас.

У гэтай складанай сітуацыі беларускія праваабаронцы працягваюць сваю дзейнасць, працягваюць, нягледзячы на спробы маргіналізацыі, выпіхвання ў нелегальнае поле і за мяжу. Працягвае сваю дзейнасць і ПЦ «Вясна».

Гэтая ўзнагарода падтрымлівае нас у гэтай дзейнасці, падтрымлівае тых вясноўцаў, якія былі кінутыя за краты за ажыццяўленне сваёй мірнай легітымнай праваабарончай дзейнасці, тых, хто заплаціў вялікі кошт за гэтую дзейнасць, кошт асабістай свабоды — Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк.

Свой выступ я б хацеў закончыць словамі нашага класіка, паэта Максіма Багдановіча: «Беларусь, твой народ дачакаецца залацістага яснага дня».

З павагай і ўдзячнасцю, Валянцін Стэфановіч». 

Прэмія Албі, якая ўручаецца ўпершыню, названая ў гонар суддзі Албі Сакса, які вядомы сваім гераічным імкненнем пакончыць з апартэідам у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Яе мэта — прыцягнуць увагу да бясстрашных людзей, якія змагаюцца за справядлівасць, нягледзячы на вялікую асабістую рызыку.

Фонд «Клуні за справядлівасць» быў заснаваны ў канцы 2016 года Джорджам і Амаль Клуні для прасоўвання правасуддзя ў залах суда, аўдыторыях і супольнасцях па ўсім свеце.

У святочнай цырымоніі ў Нью-Ёрку ўзялі ўдзел спевакі і спявачкі, акторы, актрысы, бізнесоўцы і мадэлі — у тым ліку, Джулія Робертс, Мэрыл Стрып, Джон Олівер, Дуа Ліпа, Джон Красінскі, Сіндзі Кроўфард.