Кантрабанда і фінансаванне пратэстаў. Палітвязням праваабаронцам «В*сны» прад'явілі новыя абвінавачанні

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «В*сна» Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч больш за год знаходзіліся за кратамі па крымінальнай справе за нявыплату падаткаў. Але зараз ім прад'явілі новыя абвінавачанні.

vjasna_4.jpeg

Расследаванне крымінальнай справы, заведзенай за нявыплату падаткаў, спыненае. Аднак праваабаронцы не выйшлі на волю. Цяпер іх абвінавачваюць у кантрабандзе буйной сумы грошай арганізаванай групай па ч. 4 арт. 228 КК і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак па ч. 2 арт. 342 КК.
Нягледзячы на ​​перагляд абвінавачання, прэтэнзіі дзяржавы застаюцца на тую ж суму грошай, што фігуравала ў справе аб нявыплаце падаткаў. Санкцыя самага суровага артыкула абвінавачання прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Юрыст праваабаронцаў Павел Сапелка пракаментаваў новыя абвінавачанні калегам.
— Рэжым падвышае стаўкі, высоўваючы адно за іншым абвінавачванні, — адно недарэчнейшае за іншае. Спачатку нашых калегаў пратрымалі ў турме больш за год па абвінавачанні, ад якога нават зараз, падчас найглыбокага прававога крызісу, ім прыйшлося адмовіцца. Але на свет з'явілася новае — больш недарэчнае і болей жорсткае абвінавачванне, якім кваліфікавалі парушэнні пры перамяшчэнні праз мяжу грошай на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій і на падтрымку дзейнасці ПЦ «Вясна», — заяўляе Сапелка. — Пакідаючы за дужкамі пытанне аб тым, як і наколькі гэта ўсё адпавядае фактам і пацвярджаецца прымальнымі доказамі, хочацца атрымаць ад уладаў адказ на даўняе пытанне: якім чынам магла выконваць якія б там ні было фармальнасці арганізацыя, адвольна (па высновах Камітэта па правах чалавека ААН) пазбаўленая рэгістрацыі?
Нагадаем, учора Алесю Бяляцкаму споўнілася 60.