«У беларускіх улад заела кружэлка і грае ўсё тую ж арыю, якую грала восем гадоў таму»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ў звыклай для яго іранічнай манеры разважае пра тое, нашто Макей прасіў кулуарныя сустрэчы на сесіі ААН у Нью-Ёрку, і пра тое, што беларуская сістэма ўлады не жадае прызнаць, што свет змяніўся.

Расіяне стаяць на памежным пераходзе расійска-грузінскай мяжы 

Расіяне стаяць на памежным пераходзе расійска-грузінскай мяжы 


Спакойна, без панікі. Падстаў для панікі няма. І панікі ніякай няма. Сакратар Савета бяспекі ўчора сказаў, што панікі няма. Вось наогул ніхто не панікуе. НАТА на танку праедзе — панікі няма. Самалёт уздоўж меж праляціць — панікі няма. НАТА правядзе вучэнні, а ўсё роўна панікі няма. Дулю ім. Ніякай панікі.

А тым больш панікі няма пасля абвешчанай саюзнікам мабілізацыі. Вось было спачатку «Кіеў возьмуць за тры дні», потым — «Расія ўсё роўна пераможа», нядаўна — «Расія не можа прайграць». А пасля частковай мабілізацыі стала «Ніякай панікі, ніякага хвалявання для грамадзян нашай краіны быць не павінна». Вось сказаў — і адразу на душы палягчэла, праўда? Відаць жа, што панікі няма наогул.

І ў саюзніка панікі няма, нягледзячы на ўсеагульную частковую мабілізацыю. У Дагестане не панікуюць ужо некалькі дзён. Некаторыя ваенкаматы не панікуюць з агеньчыкам. І 260.000 расійскіх мужчын без усялякай панікі выехалі за некалькі дзён з краіны. А саюзнік яшчэ толькі паспеў пачаць мабілізацыю і не паспеў нікога давезці на фронт.

Я думаю, што поўная адсутнасць панікі — галоўная прычына, па якой беларускім уладам захацелася зноў не гандлявацца з Захадам за палітычных. Вось літаральна ў пятніцу нехта сказаў, што не збіраецца ён гандляваць палітычнымі, таму што не завёў сабе такой благой звычкі. Ніколі не гандляваў. Наогул ні разу. І цяпер зноў гандляваць не будзе. Вось нават не ўгаворвайце! Вы не ўгаворваеце? А я ўсё роўна не буду.

Таму, мабыць, міністр замежных спраў у Нью-Ёрку прасіў сабе кулуарныя сустрэчы. Ну, каб асабіста перадаць, што гандлявацца ніхто зноў не хоча. Раптам не ўсе пачулі. Тым больш што і палітычных ніякіх няма.

Палітычных няма, але некаторых яны адпусцяць. Але не ўсіх. І не адразу. І каб ніякага ціску. Таму што нехта не прывык гандляваць людзьмі. Таму не хоча гандляваць. Зноў.

Але ёсць, мне здаецца, тут адна маленькая праблема. Каб ізноў не гандлявацца, трэба мець у сябе тавар, якім можна зацікавіць патэнцыйнага непакупніка. А палітычныя, якіх усё роўна няма — не тавар. Вызваленне неіснуючых палітычных — спосаб паказаць сур'ёзнасць сваіх намераў. Пераканаць партнёраў, што беларускія ўлады сапраўды хочуць не гандлявацца з Захадам, як раней.

А сапраўднага тавару, якім можна было б зацікавіць заходніх пакупнікоў, у беларускіх улад цяпер няма. Ну, таму што прапанова пасрэдніцтва на перамовах з Украінай — тавар з адмоўным коштам. У тым сэнсе, што за права пасрэдніцтва беларускім уладам трэба моцна даплаціць. І я нават не ўяўляю, чым бы яны маглі расплаціцца.

Вось увабранае з маналогамі Задорнава перакананне, што на Захадзе яны ўсе «тупыя», беларускім уладам дорага абыходзіцца. Здавалася б, пасля пасадкі самалёта, мігрантаў і спецыяльнай аперацыі з усімі яе наступствамі гэту максіму можна было б і падкарэктаваць. Але не. Міністр, здаецца, замежных спраў усё роўна распавядае, што ў краіне няма палітычных зняволеных, таму што ў крымінальным кодэксе няма палітычных артыкулаў. І зноў, як восем гадоў таму, спрабуе прывабіць Захад эвалюцыйнай лібералізацыяй і паступовым вызваленнем неіснуючых палітвязняў. Таму што ўпэўнены, што «яны ўсе тупыя».

Так, восем гадоў таму падмануць Захад было няцяжка. Ён знаходзіўся ў стане глыбокага палітычнага сну і быў падманвацца рады. Але з тых часоў саюзнікі зрабілі ўсё, каб гэты Захад абудзіць. Вось ён прачнуўся і аказалася, што не такія яны там у сябе карысныя ідыёты, як гэтага хацелася б некаторым. А ў беларускіх улад заела кружэлка і грае ўсё тую ж арыю, якую грала восем гадоў таму. І, ўлічваючы, як хутка спецыяльная аперацыя пайшла па плане, гэтую пласцінку пажадана змяніць на што-небудзь больш сучаснае — і як мага хутчэй.