Класкоўскі: Пуцін разумее, што Лукашэнка — ненадзейны хаўруснік. Але на сёння — адзіны.

Сустрэча кіраўнікоў Расіі і Беларусі адбылася ў Сочы без традыцыйных папярэдніх анонсаў. Яна планавалася на саміце ШАС, але там не адбылася. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі разважае, чаму сустрэча была «таемнай» і як Лукашэнка спрабуе выслізнуць з «абдымкаў» Пуціна.

20181105155650_4394.jpg


— Таямніцы тут ніякай няма. Проста два правадыры ўжо наогул не лічаць патрэбным даваць справаздачу перад сваім электаратам, — адзначыў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. — Гэта тэндэнцыя. Вы ж бачыце, Белстат хавае ўсё больш статыстыкі, Лукашэнка не лічыць патрэбным тлумачыць прычыны сваіх паездак.

Тым не менш, па словах суразмоўцы, прычыны ў двухбаковай сустрэчы былі важкія, праўда, у кожнага боку свае.

— Думаю, што рамкі гэтай сустрэчы задае абвастрэнне гульні супраць Захаду, на якое наважыўся пайсці Пуцін сваімі пастановамі аб «рэферэндумах» на захопленых тэрыторыях Украіны і аб мабілізацыі.

Завісла пытанне аб тым, у якой ступені Крэмль уцягне ў гэтую авантуру свайго хаўрусніка, ці ўдасца падштурхнуць Лукашэнку да таго, каб ён усё ж такі задзейнічаў свае войскі і гэтак далей?

А Лукашэнка цяпер думае аб іншым. Калі прааналізаваць інфармацыю аб сустрэчы ў дзяржСМІ, ён спрабуе вылучыць на першы план эканамічныя праблемы, хоць і храбрыцца, што, маўляў, ад санкцый Беларусі стала толькі лепш, паглыбілася ўзаемадзеянне.

На самой справе, можна зразумець, што і са збытам калійных угнаенняў вялікія праблемы. Нават з гэтым крэдытам на імпартазамяшчэнне незразумела што. Напярэдадні амбасадар у Расіі Дзмітрый Круты на беларускім ТБ прагаварыўся аб гэтых паўтара мільярдах, якімі ўсё казырае Лукашэнка. З яго слоў відавочна, што грошы далі не проста так, што гэта доўг, прычым умовы вяртання пакуль імглістыя.

Гэта сведчыць, што Масква ўжо не гатовая рабіць шырокія жэсты. І, хутчэй за ўсё, наўрад ці будзе гатовая да гэтага ў перспектыве, паколькі цяпер маштаб вайны ва Украіне ўзрасце і ў Расіі на яе будзе сыходзіць яшчэ больш рэсурсаў.

На падтрымку беларускага хаўрусніка будзе заставацца значна менш ці за гэта пачнуць патрабаваць больш высокую цану. Вось Лукашэнка чарговы раз і думае, як яму праслізнуць паміж струменьчыкамі: з аднаго боку, выдрапаць нейкія рэсурсы для падтрымкі эканомікі, а з другога — не ўліпнуць яшчэ больш у вайну, — разважае Класкоўскі.


На ягоную думку, ніякіх новых аргументаў для Пуціна ў Лукашэнкі не з'явілася. Затое, відавочна, ён зноў пачаў весці двайную гульню.

— Лукашэнка ў Сочы эксплуатуе тую рыторыку, якая, на яго погляд, павінна спадабацца Пуціну: нас, славян, Захад павінен паважаць, інакш мы з ім нават размаўляць не станем.

Але паралельна, як ужо вядома, афіцыйны Мінск шукае магчымасць перамоў з Захадам. Гэта значыць, нягледзячы на тое, што ён працягвае пераконваць Пуціна, што «мы ў адным акопе», на самой справе ён думае, як бы адскочыць, адплысці, таму што разумее, што «расійскі Тытанік» атрымаў капітальную прабоіну і ўсё роўна будзе павольна тануць.

Макей у Нью-Ёрку адкрытым тэкстам звярнуўся да Захаду — ратуйце нас ад Пуціна. Уласна, нічога новага. Лукашэнка, як стары палітычны ліс, хітруе і спрабуе гуляць на два вектары.

— Чаму Пуціна задавальняе такая гульня? Не верыць жа ён у шчырасць Лукашэнкі!

— Ён сапраўды не першы дзень ведае Лукашэнку і выдатна разумее, што ён ненадзейны хаўруснік. Але на сённяшні дзень — адзіны! Магчыма, таму не хоча ламаць яго праз калена.

Хто яго ведае, а можа, ён і верыць у гэты міф пра гусеніцы НАТА, якія пачнуць бразгаць адразу, як толькі беларуская армія адправіцца ва Украіну. Бо канфрантацыя Пуціна з Захадам пабудавана выключна на здагадках і фобіях.

Многія кажуць, што Пуцін можа адной пстрычкай прыбраць Лукашэнку. Я б так не сказаў. Гэта не раўназначна замене «марыянеткі» на акупаванай тэрыторыі, там гэта робяць проста, прызначыўшы «свайго чалавека».

А ў Беларусі давядзецца імітаваць нейкія выбары, і гэта не так проста. У Пуціна цяпер і так праблем дастаткова. Не тая ў яго сітуацыя, каб мяняць коней на пераправе.

Яны «заклятыя саюзнікі», якія, зразумела, адзін аднаму не вераць, але яны звязаны адным ланцугом. А цяпер уліплі наогул па самае не хачу, канстатуе палітычны аглядальнік.