Павел Усаў: Крэмль дацісне Лукашэнку, інакш улада можа перайсці да Савета бяспекі на чале з Вальфовічам

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Аляксандр Лукашэнка зараз знаходзіцца ў Сочы, дзе можа чарговы раз сустрэцца з Уладзімірам Пуціным. Беларуская прапаганда візіт не пацвярджае, але адзін з самалётаў Лукашэнкі сапраўды прызямліўся на поўдні Расіі. З гэтай нагоды ў сваім тэлеграм-канале выказаў меркаванне палітолаг Павел Усаў.

1605631394__nn_bun_20191016_6511_m08np.jpg

«Няма практычна ніякіх сумневаў, што Крэмль дацісне Лукашэнку, — піша Павел Усаў. — Гэта адзіны суб'ект, у дачыненні да якога Масква яшчэ ў стане прадэманстраваць сваю сілу.

Думаю, яму абмалявалі або абмалююць магчымыя сцэнары развіцця падзей і перспектывы ў выпадку адмовы прызнаць вынікі «рэферэндумаў» і актывізавацца ў дачыненні да Украіны.

У тым выпадку, калі Лукашэнка пачне адмаўляцца, улада ў краіне можа раптам перайсці ў рукі Савета бяспекі РБ пад кіраўніцтвам генерала (рускага ва ўсіх адносінах) Вальфовіча.

Па выніку сустрэчы ў Сочы сітуацыя ў Беларусі можа вымалявацца наступным чынам:

1. Мабілізацыя;

2. Размяшчэнне тактычнай (стратэгічнай) ядзернай зброі на тэрыторыі краіны;

3. Узмацненне расійскай вайсковай групоўкі ў Беларусі да 30-50 тысяч з ліку мабілізаваных у РФ.

Раней расійскія сілы былі выведзеныя для забеспячэння наступу на ўсходзе Украіны. Цяпер дзякуючы мабілізацыі войскі РФ маюць магчымасць пакрыць дадатковыя прасторы і такім чынам зноў максімальна абвастрыць сітуацыю на некалькіх кірунках.

Новы этап разгортвання можа пачацца ў рамках Дагавора аб Саюзнай дзяржаве і функцыянаванні рэгіянальнай групоўкі войскаў. Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ў гэтым выпадку цалкам кладзецца на Беларусь у рамках эканамічнай і палітычнай мабілізацыі».