«Моцна іх прыціснула». Франак Вячорка распавёў пра таемныя сустрэчы Макея з заходнімі палітыкамі

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей пахваліўся, што падчас Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку меў закрытыя размовы з некаторымі заходнімі палітыкамі. Дарадца Святланы Ціханоўская Франак Вячорка распавёў пра падрабязнасці.

630_360_1634908797_983.jpg

«Макей пахваліўся сустрэчамі з прадстаўнікамі заходніх дзяржаваў, — піша ў сваім тэлеграм-канале Франак Вячорка. — Праўда, суразмоўцы адмовіліся ад публічнасьці сустрэч, бо для іх гэта пытаньне рэпутацыі. Але паслухаць Макея пагадзіліся. Так, мы пра гэтыя сустрэчы ведалі, і ведаем, пра што гаварыў:

 1. Просьбы перагарнуць старонку. Намёкі, што трэба ратаваць Лукашэнку ад Расеі. Іначай адбудуцца такія ж рэфэрэндумы, як ва Ўкраіне.

 2. Просьбы зьняць санкцыі з калійнай галіны. Абгрунтаваньне: голад у сьвеце. І людзі не павінны цярпець праз санкцыі.

 3. Абяцаньне павольна вызваляць палітвязьняў пры ўмове, што ня будзе ціску. Паводле яго словаў, нібыта ужо 35 вызваленыя (мабыць, гаворка пра тых, у каго скончыліся тэрміны).

 4. Беларусь можа стаць мэдыятарам паміж Украінай і Расеяй.

Мы ўжо ўсё гэта праходзілі. І памятаем, як Макей кляўся, што ня будзе атакі зь беларускай тэрыторыі. Мы памятаем, як ужо шмат разоў заходнім палітыкам загаворвалі зубы. Хаця сам факт, што Макей пачаў закідваць вудачкі, можа сьведчыць, што цяжка ім там стала, моцна прыціснула. Страшна стала ад думкі, што Расея не пераможа.

Нашая пазыцыя прынцыповая: вызваленыя павінны быць усе, а не 5 ці 30; расейскія войскі выведзеныя з нашай тэрыторыі. Вось тады гэта будзе сапраўды сыгнал да дыялёгу. А пакуль — чарговая спроба абдурыць Захад і народ».