Google, Meta і Microsoft падтрымаюць незалежныя СМІ Беларусі. Пра што дамовілася Ціханоўская з менеджарамі глабальных кампаній?
У журналісцкай супольнасці Беларусі багата прэтэнзій, у прыватнасці, да Google. Алгарытм пошуку кампаніі ўладкаваны такім чынам, што заніжае ў рэйтынгу заблакаваныя ў Беларусі рэсурсы, даючы, такім чынам, перавагу дзяржаўным прапагандысцкім і расійскім рэсурсам.
У межах пасяджэння Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская правяла перамовы з топ-менеджарамі глабальных тэхнічных кампаній па пытаннях беларускай медыйнай супольнасці. Які вынік?
Як расказаў Франак Вячорка, палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай, адбыліся сустрэчы з Сундарам Пічай і Каранам Бхація — прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам карпарацыі Google адпаведна.
Акрамя таго, прайшлі перамовы з прэзідэнтам у глабальных справах кампаніі Meta (Facebook, Instagram, WhatsApp) Нікам Клегам, а таксама кіраўніцтвам праграмы Defending Democracy кампаніі Microsoft, адзначае Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Паводле Франака Вячоркі, аказалася, што ў некаторых топ-менеджараў уласныя рахункі з уладамі Беларусі. Напрыклад, у дыпламаванага юрыста Карана Бхація.
«Святлана Ціханоўская доўга размаўляла з Каранам Бхація, віцэ-прэзідэнтам Google. Як высветлілася, ягоны лёс у пэўнай ступені звязаны з нашай краінай — ён быў адвакатам сем'яў амерыканскіх аэранаўтаў, якія ў верасні 1995 года падчас міжнародных спаборніцтваў ляцелі на паветраным шары над тэрыторыяй Беларусі. Шырока вядома, што іх без дай прычыны збілі войскі беларускай супрацьпаветранай абароны, пілоты загінулі», — нагадаў Вячорка.
Ва ўсіх выпадках вялася гаворка, каб прысвяціць больш увагі беларускаму медыйнаму рынку. Па выніках абмеркаванняў прадстаўнікі згаданых тэхнічных кампаній пагадзіліся з неабходнасцю падтрымаць рэдакцыі, многія з якіх цяпер у вымушанай эміграцыі або прыпынілі дзейнасць, а журналісты — рэпрэсаваныя ці наогул за кратамі.
Пра што дамовіліся на папярэднім этапе:
— Тэхнічная гарантыя бяспекі. Верыфікацыя акаўнтаў СМІ, журналістаў і грамадскіх актывістаў ад атакі ботаў і спробаў узлому.
— Дапамога супраць блакавання. Ужо ўдалося разблакаваць старонкі асобных беларускіх журналістаў і арганізацый, працэс працягваецца.
— Доступ да паслуг. Перадусім маюцца на ўвазе воблачныя сэрвісы для журналістаў і праграмнае забеспячэнне на абыход цэнзуры ды блакавання.
— Бан для прапагандыстаў. YouTube надалей блакуе «пакаяльныя відэа» і акаўнты, з якіх запускаецца такая «рэклама» (забаненыя сотні ролікаў).
— Кансультацыі для блогераў. Відэахостынг TikTok будзе запрашаць беларусаў на свае майстар-класы і камандзіраваць трэнераў для медыяў.
— Лакалізацыя беларускага кантэнту. Microsoft паспрыяе ў пашырэнні беларускай мовы, a Google дазволіць рэкламу беларускіх відэаролікаў.
— Глабальны рынак. Гаворка пра падтрымку праекта лічбавай Беларусі і шчыльную інтэграцыю з асноўнымі міжнароднымі сэрвісамі.
Пасля пачатку шырокамаштабных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі незалежная журналістыка на тэрыторыі краіны практычна спыніла існаванне. Акрэдытаваных карэспандэнтаў масава пазбавілі афіцыйнага дазволу на працу, шэраг рэдакцый, перадусім замежных, эвакуявалі сваіх супрацоўнікаў за мяжу.
Колькасць медыяў, тэлеграм-каналаў, тэматычных чатаў, абвешчаных «экстрэмісцкімі фармаваннямі», набліжаецца да сотні. Яшчэ больш тых, чый кантэнт прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Любая супраца з такімі рэсурсамі ці нават проста лайк пад пастом цягнуць на адміністрацыйную ці крымінальную адказнасць.
Некалькі сотняў беларускіх журналістаў, асцерагаючыся за сваё жыццё, пакінулі краіну. За кратамі ў чаканні працэсаў ці ўжо асуджаныя звыш трох дзясяткаў творчых і адміністрацыйных прадстаўнікоў СМІ.