«Да рэжыму прыйшло разуменне, што яны страцілі манаполію на прадстаўленне Беларусі ў ААН»

Прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінета па замежных справах Валерый Кавалеўскі тлумачыць, чаму афміцыйны Мінск вырашыў скараціць да мінімума эстонскае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў краіне.

Міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэнсалу на мерапрыемстве з удзелам Святланы Ціханоўскай на сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку.


Нагадаем, што сёння ў МЗС Беларусі выклікалі часовую павераную ў справах Эстоніі ў Рэспубліцы Беларусь Трыін Хіесалу. Ёй паведамілі пра прынятае рашэнне аб скарачэнні штату эстонскага пасольства да самага мінімуму. Дыпламатцы паведамілі, што «ва ўмовах непаважлівага стаўлення да суверэнітэту нашай краіны з боку эстонскага кіраўніцтва» беларуская ўлада «не бачыць сэнсу ў шырокай дыпламатычнай прысутнасці Эстоніі на сваёй тэрыторыі».

Аналагічным чынам і беларускі бок скароціць сваю дыпламатычную прысутнасць у Эстоніі. Пасол Беларусі ў Эстоніі адклікаецца на кансультацыі ў Мінск.

Паводле Кавалеўскага, гэта стала рэакцыяй на тое, што міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэнсалу прыняў актыўны ўдзел у мерапрыемствах з удзелам Святланы Ціханоўскай на сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

«Трэба адзначыць, што Святлана Ціханоўская сустрэлася з шэрагам замежных лідараў на самым вышэйшым узроўні — з прэзідэнтамі, прэм’ер-міністрамі, міністрамі замежных спраў. Эстонія не была адзінай краінай, якая ўхваліла ўдзел Ціханоўскай на мерапрыемствах сесіі ААН», — гаворыць Кавалеўскі.

Паводле яго, «да рэжыму прыйшло разуменне, што яны страцілі манаполію на прадстаўленне Беларусі ў ААН».

«Цяпер ад імя беларускага народа выступае Святлана Ціханоўская. Менавіта яна расказвае гісторыю таго, што адбываецца ў нашай краіне, як працягваюцца рэпрэсіі, як рэжым Лукашэнкі ўцягвае нашу краіну ў вайну супраць Украіны», — кажа Кавалеўскі.

«Я магу запэўніць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, міністэрства замежных спраў, што мы працягнем нашу працу, што наша прысутнасць у ААН будзе пашырацца. Там, дзе мы можам дагрукацца, там, дзе мы можам расказаць пра сітуацыю ў Беларусі, там, дзе мы можам дамагчыся дадатковай падтрымкі беларускаму народу ў змаганні за нашу свабоду і за дэмакратыю ў Беларусі», — падкрэслівае ён.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: