ААН: расійская армія здзяйсняе ваенныя злачынствы «ў велізарным маштабе»
Следчая камісія ААН прыйшла да высновы, што расійская армія здзяйсняе ва Украіне ваенныя злачынствы.

Пахаванні ў Ізюме
Старшыня Следчай камісіі ААН Эрык Мёсэ выступіў у Радзе па правах чалавека і заявіў, што яго камісія сабрала доказы ваенных злачынстваў, учыненых расійскімі вайскоўцамі ва Украіне «ў велізарным маштабе», адзначае ВВС.
Паводле яго слоў, гаворка ідзе аб згвалтаваннях, катаваннях непаўналетніх і забойстве мірных жыхароў.
Следчая камісія ААН была створана Радай па правах чалавека ў сакавіку — неўзабаве пасля расійскага ўварвання ва Украіну.
Па словах Эрыка Мёсэ, група ААН пабывала ў 27 населеных пунктах, паразмаўляла са 150 ахвярамі і відавочцамі і праінспектавала месцы ўтрымання палонных на вызваленых ад акупацыі тэрыторыях.
«Грунтуючыся на сабраных доказах, Камісія прыйшла да высновы, што ва Украіне былі здзейсненыя ваенныя злачынствы», — сказаў Мёсэ.

Сёння таксама Генпракуратура Украіны апублікавала інфармацыю, што выкрыла 10 рускіх ваенных злачынцаў, якія катавалі ўкраінцаў у Бучы. Гэта вайскоўцы з 64-й асобнай мотастралковай брыгады Сухапутных войскаў РФ падчас акупацыі Бучы, яны трымалі мірных жыхароў у закладніках, пагражалі ім забойствам, ставілі на калені, звязвалі рукі і збівалі, каб выведаць інфармацыю аб размяшчэнні УСУ. Не грэбавалі захопнікі і вывазам бытавой тэхнікі і каштоўных рэчаў з дамоў украінцаў. Генпракуратура накіравала ў суд абвінаваўчыя акты.