«Умовы ўтрымання палітвязняў могуць быць прыроўненыя да катаванняў». У Савеце ААН прайшоў дыялог па Беларусі

На 51-ай сесіі Савета па правах чалавека ААН 23 верасня адбыўся інтэрактыўны дыялог па прамежкавай абноўленай інфармацыі Вярхоўнага камісара аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

000_1dv9oi_d_850.jpg


Мерапрыемства было прадугледжанае рэзалюцыяй, прынятай Саветам 1 красавіка гэтага года, паведамляюць праваабаронцы.

Выканаўца абавязкаў Вярхоўнага камісара прадставіла прамежкавыя вынікі, пасля чаго дзяржавы-ўдзельніцы і недзяржаўныя арганізацыі выступілі са сваімі прамовамі.

Так, шмат прадстаўнікоў дэмакратычных краінаў звярталі ўвагу на тое, што ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў СМІ, праваабаронцаў, палітычных і грамадскіх актывістаў. Праз два гады пасля фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта ў жніўні 2020 года ціск на грамадзянаў краінаў не змяншаецца, павялічваецца колькасць палітзняволеных, якіх сёння налічваецца больш за 1300 чалавек.

Выступоўцы былі занепакоеныя тымі зменамі ў заканадаўстве, якія прадугледжваюць пашырэнне прымянення смяротнага пакарання супраць так званых «тэрарыстаў», а таксама запускам працэдуры дэнансацыі факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Улады Беларусі працягваюць пераследваць грамадзянаў, якія мужна выступаюць супраць вайны ва Украіне.

Прамоўцы заклікалі беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі і ціск на грамадзянаў, вызваліць усіх палітзняволеных, увесці мараторый на смяротнае пакаранне, спыніць саўдзел краіны ў вайне ва Украіне, супрацоўнічаць са спецыяльнымі працэдурамі ААН і дапусціць спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусь.

Прадстаўнікі некаторых іншых краінаў, такіх як Азербайджан, Нікарагуа, Расія, Куба, Венесуэла, Сірыя, выказвалі меркаванне, што Савет ААН не павінен умешвацца ў суверэнныя справы Беларусі, выкарыстоўваць нібыта непрапарцыйны і палітызаваны падыход да разгляду пытання парушэння правоў у краіне.

Прадстаўнікі НДА ў сваіх выступах асаблівую ўвагу надавалі зняволеным праваабаронцам, шакуючым тэрмінам, якія былі вынесеныя ў гэтым месяцы для каардынатаркі Валанцёрскай службы «Вясны» Марфы Рабковай і валанцёра Андрэя Чапюка, а таксама павелічэнню тэрміну зняволення для журналісткі Кацярыны Андрэевай і зняволенню іншых прадстаўнікоў незалежных СМІ, адвакатаў і грамадскіх дзеячаў.

Так, прадстаўніца Right Livelihood Федара Бернар у сваім выступе падкрэсліла, што цягам апошніх двух гадоў улады сістэматычна затрымліваюць усіх, хто ажыццяўляе свае грамадзянскія правы, у тым ліку тых, хто ўдзельнічае ў антываенных пратэстах.

«Пасля арышту многія палітычныя зняволеныя ўтрымліваюцца ў папярэднім зняволенні на працягу доўгага часу. Гэта выпадак праваабаронцаў Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка, асуджаных 6 верасня да 15 і 6 гадоў адпаведна паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў, амаль праз два гады пасля іх арышту. Гэтая тэндэнцыя тым больш трывожная, улічваючы наўмысна бесчалавечныя ўмовы ўтрымання палітычных зняволеных, якія могуць быць прыроўненыя да катаванняў: ад перапоўненых камер да збіцця», — сказала яна.

Асобна праваабаронца адзначыла палажэнне кіраўніка ў СІЗА-1 Алеся Бяляцкага: «Алесь Бяляцкі, заснавальнік Праваабарончага цэнтра “Вясна”, утрымліваецца ў “спецыяльным калідоры”, паўпадвальным паверсе з дрэнным доступам святла, і яму строга абмежавалі магчымасць перапіскі. Жудасна, што ён правядзе свой 60-ы дзень нараджэння, які адбудзецца ў бліжэйшую нядзелю, у такіх умовах».

Прадстаўнікі НДА прасілі Савет ААН і надалей надаваць адпаведную ўвагу сітуацыі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку з дапамогай экспертызы УВКПЧ, а ўлады Беларусі заклікалі неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных вязняў, уключаючы праваабаронцаў.