Хроніка рэпрэсій. Судовы канвеер працягваецца, затрыманні таксама. Але і ў вязняў ёсць святы

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 23 верасня.

Палітзняволены праваабаронца Леанід Судаленка

Палітзняволены праваабаронца Леанід Судаленка

23 верасня палітзняволенаму праваабаронцу з Гомеля Леаніду Судаленку споўнілася 56 гадоў. Свой дзень народзінаў ён сустракае ў папраўчай калоніі №3 у Віцебскай вобласці. Павіншуйце яго і падтрымайце лістамі салідарнасці.

Адрас: ВК №3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба. Леаніду Леанідавічу Судаленку.

* * *

Палітзняволеную Крысціну Чаранкову з Мазыра могуць пачаць судзіць у кастрычніку. Пра гэта яна паведаміла ў лісце: «Ужо шэсць месяцаў я знаходжуся ў турме. Цэлых паўгода... Здаецца, што не мала, але час праляцеў імгненна. Нават не верыцца. Вельмі сумую па ўсіх! Верагодна, у кастрычніку пачнуцца суды. Трымайце за мяне кулачкі! Ваша падтрымка цяпер мне вельмі неабходная! Усіх абдымаю».

Дзяўчыну затрымалі 22 сакавіка 2022 года па абвінавачванні ва «ўзбуджэнні нянавісці альбо варожасці» (арт. 130 КК).

Падтрымаць Крысціну грашовымі пераводамі, пасылкамі і лістамі можна па адрасе: ІЧУ АУС Мазырскага раёна. 247760, г. Мазыр, вул. 17-га верасня, 15, Крысціна Аляксандраўна Чаранкова.

* * *

З0 верасня пачнуць судзіць палітзняволеную Таццяну Талочка — анестэзіёлага-рэаніматолага з Мінска. Яе затрымалі 12 траўня 2022 года на працоўным месцы ў бальніцы. Таксама быў затрыманы яе муж. Яе абвінавачваюць у тым, што ў жніўні 2020-га года яна выратавала ад пераследу падлетка Цімура Міцкевіча, які пасля збіцця сілавікамі ўпаў у кому.

Адразу супраць Таццяны і мужа пачалі адміністрацыйны працэс, але потым яна стала фігурантам крымінальнай справы па арт.342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама супраць Таццяны распачалі крымінальную справу за падробку дакументаў (верагодна, гаворка ідзе пра арт. 380 КК).

Падтрымаць палітзняволеную: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Таццяна Сяргееўна Талочка.

* * *

Кампанія Apple абмежавала доступ да праўладных тэлеграм-каналаў. Прычына — парушэнне правілаў App Store, паведамляюць праваабаронцы. Пад блакаванне патрапілі каналы Азаронка, Лебедзевай, Прыдыбайла і некаторыя іншыя. На дадзены момант гэтыя каналы заблакаваныя на прыладах iOS.

* * *

У Беларусі чатыры новыя палітвязні: Павел Піскун, Дзяніс Сасункевіч, Антон Малюга і Андрэй Маслаў.

* * *

За ўдзел у маршах за свабодныя выбары і аднаўленне законнасці ў жніўні 2020 года затрымалі 19-гадовую алімпіядніцу Арыну Сенюта. Ці завялі на яе крымінальную справу, дакладна невядома, але супрацоўнікі ГУБАЗіК у посьце схіляюцца, што так, бо абяцаюць, што «бліжэйшы юбілей яна сустрэне за кратамі».

* * *

Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі былога сілавіка, якога абвінавачваюць у распальванні сацыяльнай варожасці або варожасці (Частка 3 артыкула 130 КК). Пра гэта паведаміў праўладны тэлеграм-канал. Па словах аўтараў публікацыі, затрыманы перадаў дадзеныя аб сваіх былых калегах адміністратарам «экстрэмісцкіх» телеграм-каналаў. Яны сцвярджаюць, што за дадзеныя былому сілавіку заплацілі ў крыптавалюце.

* * *

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, днямі ў Магілёве была затрыманая 29-гадовая фармацэўт Кацярына Бібільнікава. Цяпер яна знаходзіцца на Акрэсціна ў Мінску. Імаверна, затрыманне звязанае з магчымым удзелам Кацярыны ў мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Па некаторых даных, на дзяўчыну заведзеная крымінальная справа.

* * *

Праваабаронцам стала вядома, што 16 верасня суд Першамайскага раёна Мінска арыштаваў на 15 сутак малодшага навуковага супрацоўніка Інстытута генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук Яўгена Сысаляціна. Цяпер ён на Акрэсціна.

Вядома, што судзілі Яўгена за лайк пад фатаграфіяй макавага поля. Аднак, па словах яго знаёмых, сапраўдная прычына арышту — удзел у ланцугу салідарнасці каля Акадэміі навук у першыя дні пасля выбараў. Папярэдне, Яўгена ідэнтыфікавалі па аднаму з відэа.

* * *

Сілавікі затрымалі кіраўніка сеткі «Востраў чысціні» Віктара Рамука. Як паведамляюць тэлеграм-каналы, гэта адбылося ў аэрапорце. Таксама затрыманая яго жонка Аксана.

Напярэдадні ў цэнтральным офісе кампаніі праходзілі ператрусы. Сілавікі пакуль не каментавалі інфармацыю.

* * *

Мінскі гарадскі суд 23 верасня пачаў разгляд крымінальнай справы журналіста, рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука. Справу журналіста разглядае суддзя Святлана Бандарэнка, якая вядомая тым, што адправіла за краты журналістку Кацярыну Барысевіч за матэрыял пра смерць Рамана Бандарэнкі.

Журналіста вінавацяць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару), ч. 2 арт. 130 (распальванні іншай сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 426 (перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў).