Вадзім Мажэйка: Улады збіраюць інфармацыю пра ВНЖ, каб пасля скарыстаць гэта для рэпрэсій

Складанне спісаў уладальнікаў віда на жыхарства (ВНЖ) і «Карты паляка» пакуль нічым канкрэтным не пагражае, але паказвае кірунак для рэпрэсій і запалохвання, лічыць палітолаг Вадзім Мажэйка.

mazhejka_main.jpg

У беларускіх улад ёсць ідэя скласці спіс уладальнікаў ВНЖ і «Карты паляка». Што можна параіць беларусам, якія маюць від на жыхарства ў іншых краінах або названую карту?

Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзім Мажэйка разважае ў сваім тэлеграм-канале, нашто беларуская ўлада вырашыла збіраць звесткі.

Па-першае, беларускія ўлады проста не збяруць гэтыя звесткі: краіны ЕС не будуць масава даваць асабістую інфармацыю іншай дзяржаве, тым больш рэжыму Лукашэнкі.

Па-другое, гэта пакуль толькі законапраект, і па ім нават няма адміністрацыйнай адказнасці за непрадастаўленне звестак пра сябе, тым больш няма жорсткіх пакаранняў і абмежаванняў.

У той жа час відавочна, што гэтыя спісы — не для прэміравання і ўручэння букетаў кветак, а для сістэматызацыі «ворагаў народа» і патэнцыйных рэпрэсій. Некаторыя беларусы ўжо баяцца атрымліваць візы D, «як бы чаго не здарылася» — і гэтая ініцыятыва ў канчатковым выніку таксама для запалохвання.


У эфіры Літоўскага радыё LRT Вадзім Мажэйка на пытанне, што можна параіць беларусам, якія маюць ВНЖ або «Карты паляка», адзначыў:

— Відавочная парада — не спяшацца: я абсалютна не бачу сэнсу паведамляць уладам такія звесткі. Панікаваць і адмаўляцца ад дакументаў я не рэкамендую. Гэтыя дакументы будуць служыць страхоўкай на выпадак, калі людзям давядзецца з'язджаць з Беларусі. Відавочна, што лягчэй з'ехаць, маючы ВНЖ. Трэба вырашыць, дзе больш рызыкі — ад знаходжання ў Беларусі ці ад факта ад'езду чалавека. Але гэта індывідуальная рэч, і раіць з'язджаць ці заставацца я не буду — гэта сфера індывідуальнай адказнасці кожнага чалавека, кожны сам павінен прымаць рашэнні.

— Ці можна чакаць, што ў бліжэйшай будучыні сапраўды пачнуць збіраць даныя ў беларусаў аб наяўнасці ВНЖ у іншых краінах?

— Пакуль гэты законапраект толькі анансавалі, і невядома, як будзе выглядаць яго выніковая версія. Па словах кіраўніка МУС Беларусі, грамадзяне, якія маюць ВНЖ, павінны добраахвотна прадастаўляць даныя; пакуль нават не ўводзіцца адміністрацыйная адказнасць за непрадастаўленне такіх даных. Многія людзі асцерагаюцца, што звесткі будуць запытваць ва ўлад Польшчы, Літвы і іншых краін, але я магу запэўніць, што нічога падобнага не адбудзецца. Відавочна, што беларускія ўлады хочуць сабраць больш звестак аб сваіх грамадзянах, і яны нават не хаваюць, што ў будучыні будуць выкарыстоўваць гэту інфармацыю для рэпрэсій. У кароткатэрміновай перспектыве я не чакаў бы рэальных наступстваў.

Паводле тэлеграм-канала Паўла Мажэйкі і LRT