З'язджаць vs заставацца? Не будзем дапамагаць рэжыму будаваць раздзяляльныя лініі

Затрыманне вайсковага аналітыка Ягора Лебядка актуалізавала тэму таго, варта з’язджаць ці застацца ў Беларусі, разважае аналітык BISS Вадзім Мажэйка ў сваім тэлеграм-канале.

Акцыя салідарнасці ў Грузіі

Акцыя салідарнасці ў Грузіі

Увосень, верагодна, прымуць закон, які абмяжоўвае выезд тых людзей або груп, чый ад'езд улады палічаць непажаданым. Гэта нагадвае сітуацыю ГДР, дзе ў першыя гады таксама не перашкаджалі ад'езду ў Заходні Берлін — бо гэта дазваляе выпускаць пару патэнцыйных пратэстаў, і наогул глядзіцца добра.

Але з часам выезд не слабеў (як гэта магло быць у выпадку эміграцыі асабліва палітычных праціўнікаў), а нарастаў, ужо па эканамічных матывах. І тады пабудавалі Берлінскую сцяну.

Дарэчы, у ГДР эмігранты небеспадстаўна лічылі свой ад'езд формай барацьбы з рэжымам, бо так яны падрывалі яго эканамічную ўстойлівасць. (Зрэшты, ім, вядома, было лягчэй, бо можна было адначасова эміграваць і не з'язджаць са сваёй краіны).

Заклікаць з'язджаць ці заставацца я нікога не буду. Гэта асабістае рашэнне кожнага, з улікам ацэнкі сваіх рызыкаў і асабістых фактараў — дзе вучыцца дзецям; дзе і якая ёсць праца; якое становішча ў партнёра; як быць са сваякамі, якія патрабуюць догляду. Ні адно з рашэнняў не з'яўляецца лёгкім.


Тут звярну ўвагу на два моманты:

1) Не перакладайце адказнасць за «немагчымасць» выезду на іншых (напрыклад, польскага консула або нізкія даходы). Калі няма візы — можна вылецець з Мінска ў Стамбул ці Грузію. Калі мала грошай — ведаю людзей, якія даехалі ў Тбілісі на аўтобусе праз Уладзікаўказ. Калі ўсё зусім дрэнна, і нават на хвасце сілавікі — ёсць служба эвакуацыі BYS*L.

2) Не надзяляйце людзей адказнасцю па прыкмеце геалакацыі. Тыя, хто ў Беларусі, не абавязаны голымі грудзьмі спыніць аўтазакі Лукашэнкі і танкі Пуціна адначасова. Тыя, хто выехалі, не абавязаныя персанальна дапамагаць тым, хто застаўся, або прымушаць еўрапейскіх палітыкаў выдаваць усім візы. Адказнасць наогул лепш пачынаць з сябе, а не з іншых.

Не будзем дапамагаць рэжыму будаваць раздзяляльныя лініі. Ва ўсіх у нас адна Беларусь, і ўсе мы — Беларусь.

Пасля затрымання Ягора Лебядка ад яго канала адпісаліся больш за 600 чалавек. Хоць яго нават не прызнавалі экстрэмісцкім. Так што павялічыць аўдыторыю канала Lebiadok да яго выхаду на волю — самае простае выказванне салідарнасці, даступнае кожнаму.