Сёння адбудзецца прэм'ера фільма «Праз рэйкі». Яго ў сацсетках рэкламуюць вядомыя беларусы
Аўтары адзначаюць, што «Праз рэйкі» — фільм пра час пералому, студэнцтва, транспарт, эміграцыю і лакальныя апакаліпсісы. Дакументалку ў сацсетках прасоўваюць вядомыя беларусы — Лявон Вольскі, Аляксандра Герасіменя, Кацярына Сныціна, Мікіта Мелказёраў і іншыя.
![image_6483441_1.jpg image_6483441_1.jpg](/img/v1/images/image_6483441_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Дакументалка пра пераломны час для Беларусі і шасці герояў — беларускіх студэнтаў, а таксама для гораду, у якім яны апынуліся, — гаворыцца ў апісанні да фільма. — «Праз Рэйкі» распавядае пра злом і трансфармацыю, паказвае той час, якога дагэтуль не было і ўжо не будзе.
Героі фільму — беларускія студэнты розных лёсаў і ўніверсітэтаў, і ўсе яны звязаныя месцам, у
якім апынуліся — постіндустрыяльным і постапакаліптычным горадам Лодзь».
Фільм зняты камандай Lodka Production — беларускай кінастудыяй у Польшчы, якую заснавалі рэжысёр Антось Сівых і прадзюсер Ірына Паўловіч.
«Гэта фільм, які не забірае, а дае, — лічаць аўтары. — Расповед пра цяжкія падзеі з незвычайнай кропкі погляду».
Прэм'ера — сёння, 16 ліпеня, а 20-й гадзіне па мінскім часе (19:00 па Варшаве).