«Дзеці не жадаюць вяртацца туды, дзе ім было дрэнна». Як беларуска з дачкой змагаюцца за свабоду і бяспеку
Усе мы спадзяемся дажыць да часоў, калі перыяд з гісторыі краіны, які мы пражываем, знойдзе сваё месца ў падручніках. Верагодна, тэрмін «падвоеная эміграцыя» будзе варты асобнага параграфа ў гэтых падручніках. Беларускія школьнікі даведаюцца з яго пра такіх жа дзяцей, як яны. Але гэтым дзецям двойчы давялося страціць свой дом.
Мы паразмаўлялі з Аксанай Дабрыянец — 24-гадовай адважнай беларускай, якая бегла ад палітычнага пераследу, а потым ад вайны з маленькай дачкой Валерыяй. Даведаліся пра гісторыю жанчыны і яе цудоўны праект, што дазваляе паглядзець на сучасны свет дзіцячымі вачыма.
Яшчэ паўтары гады таму Аксана Дабрыянец жыла ў Століне, дзе да выбараў
збірала подпісы за кандыдатку ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую. Падчас выбараў
жанчына каардынавала назіральнікаў па столінскім раёне, а потым стала займацца
журналістыкай. Вядома, падобныя пункты ў біяграфіі не пакінулі абыякавымі
дзеючых прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, і з таго моманту Аксана адчайна
змагалася за шанец на бяспечнае жыццё ў роднай краіне. Але мелі месца
затрыманні, суды і ў выніку — абсурдная крымінальная справа.
— Проста знайшлі нагоду, — дзеліцца Аксана. — Нехта размаляваў сцены ў нашым горадзе, гэта вырашылі павесіць на мяне, проста выкарысталі як падставу для затрымання.
Дома ў актывісткі адбыўся ператрус.
— Міліцыянты былі ў мяне дома напрацягу пяці гадзін, з якіх непасрэдна ператрус заняў не больш за 45 хвілін, — расказвае Аксана. — Увесь астатні час мне проста пагражалі. Самае страшнае — казалі, што забяруць дачку, якой зараз 8 гадоў. А на наступны дзень мне патэлефанавалі з органаў сацыяльнай апекі. Пасле гэтага тэлефанавання я паехала за дачкой, літаральна за 15 хвілін мы сабралі рэчы, паехалі ў Мінск, а адтуль селі на самалёт да Кіева. 13 лютага 2021 года мы прыехалі ў сталіцу Украіны і жылі там напрацягу года.
Аксана кажа, што старалася падрыхтаваць дачку да нечаканых, стрэсавых абставінаў і не хавала ад дзяўчынкі праўды.
— Пасля майго затрымання Лера перажывала, што ў нейкі момант маму могуць забраць, мы з ёй рыхтаваліся да гэтага, працавалі з псіхолагам… Але пра пераезд гаворка не ішла, таму што я да апошняга жадала заставацца дома. Нават падумаць не магла, што прыйдзецца з’яжджаць, — распавядае Аксана. – У дзень пераезду я не знайшла ў сабе моцы адразу ўсё шчыра растлумачыць дачцэ. Сказала, што едзем на вакацыі, у адпачынак. Па дарозе ў Мінск Аксана і Валерыя трапілі ў ДТЗ.
— Машыну перакруціла, занесла ў кювет, а як толькі выехалі з кювета, у нас урэзаліся. Лера вельмі спужалася. Гэта для яе быў траўматычны момант, яна доўга яшчэ баялася ездзіць на машынах, на самалёце ляцець таксама баялася. У Кіеве адразу мы абедзве — і я, і дачка — пачалі працаваць з псіхолагамі. У Кіеве Валерыя пайшла ў другі клас, ва ўкраінскай школе дзяўчынка хутка адаптавалася, знайшла сяброў, вывучыла ўкраінскую мову.
— Вось беларускай мовы Лера не ведае, бо не паспела вывучыць яе. А па-ўкраінску яна чытае, піша, размаўляе, — дзеліцца Аксана. — Увогуле ва ўкраінскай школе Валерыі вельмі падабалася. Там была добрая, спрыяльная атмасфера, і настаўніца была цудоўная, у адрозненне ад той, што была ў дачкі ў беларускай школе. Па дому, вядома, Лера сумавала, але з цягам часу беларускі дом усплывае ў яе ўспамінах усё менш, толькі вось вельмі сумуе па родных.
Уладкаваўшы кіеўскае жыццё дачкі, Аксана так і не здолела адчуць сябе ў новым горадзе ў бяспецы.
— У побытавым плане ўсё было нядрэнна, але я жыла там у чаканні, што вось-вось нешта здарыцца, — кажа Аксана. — Гэта нават не датычыцца палітыкі ва Украіне. Але ж між нашымі краінамі бязвіз, хто заўгодна можа прыехаць… Увесь час перажывла — а што, калі ў Беларусі мяне пададуць у вышук? А што, калі мяне выдадуць? Падобныя думкі не адпускалі. Пра вайну ўсе казалі, што нічога сур’ёзнага не будзе.Максімум — абвастрэнне на Данбасе. Але падавалася, што я з’яжджаю з глузду, бо адчуваю, што нешта страшнае здарыцца. У мяне тут ёсць сяброўка, мы з ёй вырашылі, што калі пачнецца вайна, мы проста адразу ж з’едзем. Вядома, тады мы не разумелі, што калі вайна сапраўды пачнецца, магчымасці проста з’ехаць ужо не будзе. Аксана распавяла, што адчула моцную трывогу, калі ў школе яе дачкі два разы за тыдзень правялі трэніровачную трывогу.
— Я моцна спужалася. Сам факт таго, што магчыма мне прыйдзецца бегчы за дзіцём, пакуль яе эвакуююць, было немагчыма прыняць, — кажа жанчына. — І вось 23 лютага мы укладваліся з дачкой спаць, і тады я сказала ёй, што калі раптам пачнецца вайна і мы сустрэнем яе ва Украіне, тады будзем спаць у ваннай, таму што бомбасховішчаў побач з домам няма. І што напэўна раніцай трэба будзе схадзіць у краму, набыць на ўсялякі выпадак дастаткова вады, прадуктаў… Аксана прымае снатворныя, таму ўначы з 23 на 24 лютага яна добра спала і не чула выбухаў. Раніцай 24-га жанчына пачала збіраць дачку ў школу, а потым адкрыла стужку навінаў і зразумела, што трэба шукаць шляхі ад’езду з горада. Эвакуявацца Аксане і яе маленькай Леры дапамог FreeBelarusCenter. Беларускія актывісты сабралі суайчыннікаў у адной кіеўскай кватэры, каб паспрабаваць вывезці ўсіх са сталіцы. Але аўтобусам, якія павіны былі перавезці людзей, было цяжка трапіць у горад.
— На шчасце, знайшлася машына на тры чалавекі, — узгадвае жанчына. — З усёй кампаніі беларусаў з маленькім дзіцём была толькі я, таму ў дарогу ўзялі нас і яшчэ аднаго чалавека пасля аперацыі на нагу. Так мы даехалі да Роўна. Там я знайшла машыну да памежнага перахода. 15 кіламетраў да памежнага паста нам з дачкой прыйшлося прайсці пешшу. Шлях быў вельмі цяжкім, драматычным, была пагроза таго, што мая дзяўчынка проста памрэ ад пераахалоджвання. Украінскую мяжу маці з дачкой прайшлі хутка, а вось на польскай беларускам давялося доўга тлумачыць сутнасць свайго становішча.
— Калі ўкраінцы праходзілі мяжу за 5 хвілін, я праходзіла праверку пашпарта хвілін 15-20. Пыталіся, што я рабіла ва Украіне, прасілі паказаць ВНЖ і папку з дакументамі, што пацвярджаюць рэпрэсіі ў дачыненні да мяне, здзіўляліся, што на фота на розных дакументах у мяне розны колер валасоў… Але ў выніку штамп паставілі.
Пасля пераходу мяжы Аксана і Валерыя напаткалі двух дзяўчынак-украінак, якія
ўжо даўно жывуць у Польшчы. Яны прывезлі на мяжу добраахвотніка і прапанавалі
маці з дачкой дапамогу з транспартам. Так беларускі дабраліся да Варшавы.
— У
мяне на паперцы быў запісаны польскі адрас зямлячкі, з якой мы былі знаёмыя
толькі ў сеціве, — кажа Аксана. — Яна прапанавала мне спыніцца ў яе на
нейкі час. У Варшаве ў мяне ўжо не было сувязі, але мы з дачкой прыехалі па
гэтым адрасе і нават сярод начы нас там чакалі. Далей з жыллём нам дапамагла
польская журналістка, некалькі месяцаў мы пражылі ў кватэры бескаштоўна, а
зараз яе здымаем. Дачка ходзіць у польскую школу. Я падала дакументы на
міжнародную ахову, хутка ўжо забяру.
Аксана распавядае, што ад новай школы Валерыя ў захапленні.
— Калі я прывяла яе ў школу, дачка павіталася з настаўніцай і яны адразу абняліся. Гэта нават мяне вельмі моцна ўразіла, — дзеліцца беларуска. — Тут вельмі шмат інтэрактыўных заняткаў. Дзеці ходзяць у кіно, музеі, ёсць заняткі ў басейне — і так яны пазнаюць свет. Дачка нават сама папрасіла вадзіць яе на прадлёнку і не забіраць занадта рана. Дарэчы, там, на прадлёнцы, яна нават сустрэла сваю суседку з Кіева, яны былі лепшымі сяброўкамі, а зараз гэтая дзяўчынка з сям’ёй ужо пераехала ў іншую краіну.
Нягледзячы на тое, што на новым месцы ў нашых гераінь усё складваецца
добра, Аксана адзначае, што не можа да канца радавацца падобным пераменам, бо
яна іх не абірала.
— Калі
б мы жадалі, тады б і самі пераехалі, для гэтага такія жахі не былі нам
патрэбныя, — адзначае жанчына. — А так, гэта быў не наш выбар. Але маем што
маем. Дзякуй Польшчы, што нас прымае. Маёй Леры тут падабаецца — і добра. Я ў
яе пыталася, ці жадае яна жыць у Беларусі, і заўважыла, што ў дачкі ўжо ёсць
сумневы. Тут жа пытанне менавіта ў школе. Калі ёсць класная школа і там
з’явіліся сябры — што яшчэ трэба? Нават і сумна было б зараз з’яжджаць у
Беларусь, калі б была такая магчымасць. Па родных, вядома, вельмі сумуем. У нас на
радзіме засталася вялікая сям’я. І коцік наш там. Але ў Варшаве я адчула сябе
настолькі бяспечна і спакойна!
Яшчэ ва Украіне, за месяц да вайны, Аксана стварыла выбітны праект «Дзяцінства
ў эміграцыі», каб даць магчымасць выказацца дзецям, на жыцці якіх усклаліся нягоды новага
часу. Беларуска запісвае дакументальныя гісторыі маленькіх беларусаў і ўкраінцаў, што вымушана пакінулі свой
дом, і суправаджае іх партрэтнымі здымкамі дзяцей. Аксана кажа, што ідэю праекта
ёй падказала дачка.
— Калі
мы з дачкой пераехалі ва Украіну, мяне сталі запрашаць на інтэрв’ю, — узгадвае
жанчына. — Тады Валерыя крыху нібыта крыўдзілася, што ў яе ніхто нічога не
пытаецца, а яна ж таксама была са мной і на судах, і на плошчах, і лісты
палітвязням пісала. Таму праект пачаўся з гісторыі маёй дачкі. Мы селі разам і
я сказала: «Ну,
зараз буду браць у цябе інтэрв’ю». Потым такім чынам я працавала і з іншымі дзеткамі.
Пра моманты, якія маглі быць для дзетак траўматычнымі, Аксана размаўляе з
іх бацькамі. Напрыклад, жанчына заўважыла, што дзецям вельмі складана і
непрыемна распавядаць пра сам шлях, дарогу ад рэпрэсій і вайны. Стараецца не
ўзгадваць гэтыя дарогі і дачка Аксаны.
— Першы
час пасля прыезду ў Варшаву дачка вельмі шмат спала, была ў млявым стане, — распавядае Аксана. — Я вадзіла яе да псіхолагаў, з ёй займаліся адразу дзве
спецыялісткі — анлайн і офлайн. Я таксама старалася падараваць ёй як мага больш
пазітыўных эмоцый. Зараз сітуацыя ўжо нашмат лепшая. Лера кажа:
«Хутчэй бы Украіна перамагла і мы
вярнуліся спачатку ва Украіну, а потым у Беларусь».
У Кіеве, да вайны, Аксана паспела запісаць тры гісторыі ў рамках праекту, а
потым працягнула працу ўжо ў Варшаве, дзе размаўляла з дзеткамі, якія
перажылі падвоеную эміграцыю.
— Дзецям
сапраўды жадаецца паразмаўляць на гэтую тэму, ім істотна агучыць, што яны
таксама страцілі дом, таксама перажываюць за ўсё па-свойму, — заўважае жанчына. — У бліжэйшым часе я планую зладзіць у Варшаве
выставу, таму зараз збіраю гісторыі дзяцей, што перажылі падвоенае бежанства,
усё актыўней. Дзецям вельмі істотна нешта расказаць, зрабіць свой аналіз
падзеяў, распавесці пра сваю мару, пра месца, дзе яны адчуваюць сябе дома…
Праект пакуль не камерцыйны, побытавыя справы на жаль займаюць шмат часу, але я
вельмі стараюся не спыняцца, будаваць новыя планы адносна праекта «Дзеці ў
эміграцыі» і рэалізоўваць іх.
Аксана адзначае, што дзеці, з якімі яна размаўляла ў межах праекту, сумуюць
па Беларусі і Украіне, але не жадаюць туды вяртацца.
— Думаю,
Беларусь у дзяцей, якім давялося бегчы, асацыюецца з гвалтам, з затрыманнямі
бацькоў, а Украіна — з гэтай страшнай, незразумелай для іх вайной, — кажа
жанчына. — Гэта вельмі сумна. Мала таго, што мы не можам вярнуцца дадому, дык
цяпер і дзеці не надта жадаюць вяртацца туды, дзе ім было дрэнна. Нават калі
там стане добра.
Пра сябе Аксана кажа, што вельмі моцна сумуе па родных, якія засталіся ў
Беларусі.
— Але
зараз, у незалежнасці ад таго, наколькі моцна я сумую, маё здароўе — фізічнае і
эмацыйнае, мая свабода і свабода майго дзіцяці нашмат больш істотныя, — падкрэслівае актывістка.
Аксана ніколі не магла ўявіць, што ёй у жыцці давядзецца прайсці праз падобныя выпрабаванні.
— Калі
мне было 7 гадоў, памёр мой прадзед. Ён украінец, мая прабабуля забрала яго ў
Беларусь. Прадзед шмат паспеў распавесці мне пра вайну, — узгадвае жанчына. — Я ніколі
не думала, што ўбачу тое, пра што ён казаў мне, сваімі вачыма, што пачуўшы гук знішчальніка, я буду класціся на зямлю і прыкрываць сабой дачку — бо не
ведаю, што гэта за знішчальнік, рускі ці наш. Ніколі я сабе не магла гэтага
ўявіць.