Мікалай Ісаенка і Таццяна Ласіца
Праваабаронца, валанцёрка гомельскай філіі «Вясны»
Таццяна Ласіца была затрыманая 21 студзеня 2021 года. Яна праходзіла па адной справе са сваімі калегамі
Леанідам Судаленкам і
Марыяй Тарасенка. Па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі Ласіцы
прысудзілі 2,5 гады калоніі. Сваё пакаранне жанчына адбывала ў Гомелі. Хаця тэрмін адбыцця прысуду яшчэ не скончаны, сёння раніцай яна выйшла на волю — верагодна, па памілаванні.
Мікалая Ісаенку затрымалі ў чэрвені 2021 года па тым жа 342-м артыкуле, але гэта было не першае затрыманне палітвязня: у жніўні 2020 года пасля пратэстаў Ісаенка быў моцна збіты і правёў 2 тыдні ў бальніцы з ЧМТ. 6 жніўня 2021 года мужчыну
прысудзілі паўтара года пазбаўлення волі за «ўдзел у пратэстах». Цалкам адбыўшы свой тэрмін (з улікам часу, праведзенага ў СІЗА), Ісаенка вызваліўся сёння з наваполацкай калоніі.
Нагадаем, пасля 9 месяцаў за кратамі на днях
выйшаў на волю журналіст «Радыё Св*бода»
Алег Груздзіловіч. Пасля вызвалення ён адразу ж з'ехаў з Беларусі.
На дадзены момант праваабаронцы «Вясны» вызнаюць палітычнымі зняволенымі 1346 чалавек. Ініцыятыва «Dissidentby» налічвае 1653 палітвязняў у краіне, у тым ліку 196 жанчын і 7 непаўнагадовых.