Застанецца толькі адзін. Беларусь высылае эстонскіх дыпламатаў

У пасольстве Эстоніі з 1 кастрычніка застанецца ўсяго адзін дыпламат. Астатнім беларускія ўлады загадалі пакінуць краіну. Відаць, беларускае кіраўніцтва пакрыўдзілася на візіт Ціханоўскай на асамблею ААН.

Ілюстрацыйнае фота www.ukrinform.ru

Ілюстрацыйнае фота www.ukrinform.ru

Часовую павераную ў справах Эстоніі Трыын Хіесалу выклікалі ў МЗС Беларусі і абвясцілі аб такім рашэнні.

У беларускім МЗС заявілі, што прааналізавалі «шэраг нядаўніх наўмысных дзеянняў эстонскага кіраўніцтва». Што гэта за дзеянні, не ўдакладняецца. Але ў заяве згаданыя «авантуры на пляцоўцы ААН» і «афіцыйныя спробы прысвоіць права выступаць ад імя беларускага народа».

Таму цяпер з 1 кастрычніка ў пасольстве Эстоніі ў Беларусі павінен застацца толькі адзін дыпламат і адзін работнік адміністрацыйна-тэхнічнага персаналу.

Верагодна, беларускія ўлады былі незадаволеныя візітам Святланы Ціханоўскай у Нью-Ёрк на асамблею ААН, а Эстонія цяпер уваходзіць у Раду Бяспекі ААН.