Як Google спрыяе прапагандзе і пакідае беларусаў у расійскім медыяполі

Палітыка кампаніі і алгарытмы рэкамендацый прыгнятаюць прасоўванне недзяржаўных беларускіх медыя.

148186145521.jpeg


Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец некалькі разоў выказаўся наконт палітыкі Google як дыскрымінуючай недзяржаўныя беларускія медыя. Справа ў тым, што з-за блакіроўкі Мінінфармам рэйтынг недзяржаўных СМІ заніжаецца ў выдачы навін. І, такім чынам, аказваецца, што Google спрыяе распаўсюджанню прапаганды.

Як зазначыў Бастунец, наконт гэтага пісалі ў Google, але атрымалі адказ, што «там такі алгарытм, які змяніць нельга».

MediaIQ вырашыў вывучыць, што ж бачаць беларусы, якія заходзяць пачытаць навіны праз сэрвісы Google, якія крыніцы інфармацыі ім прапануюцца. Для аналізу яны ўзялі выдачу агрэгатара Google News, персаналізаванай стужкі Google Discover і пошуку Google.


Google News

Google News — гэта бясплатны агрэгатар навін розных СМІ, створаны ў 2002 годзе. Выдача рэкамендуемых навін на галоўнай старонцы залежыць ад мовы і рэгіёна. У наладах можна выбраць з 84 рэгіёнаў і моў, у тым ліку «рускі (Расія)», «рускі (Украіна)», але для Беларусі і беларускай мовы опцый няма. Адзіны варыянт увесці Беларусь, дый толькі на рускай мове — усталяваць спецыяльны дадатак на смартфон.

Увесці Беларусь як рэгіён для дэсктопнай версіі можна хіба што для спецыяльнай укладкі «мясцовыя навіны». Што ў такім варыянце выдае сэрвіс? Напрыклад, 14 верасня з 24 навін на першай старонцы 19 належалі прыватнаму рэгіянальнаму выданню «Электронны Салігорск», дзве — дзяржаўнай Баранавіцкай раёнцы «Наш край», па адной — дзяржтэлеканалу СТВ, дзяржаўнаму БЕЛТА і прыватнаму парталу на аўтамабільную тэматыку abw.by. Ні адна з публікацый не адносілася да тэмы палітыкі.

На галоўнай старонцы, як сцвярджае даведка Google, матэрыялы будуць аднолькавымі для ўсіх карыстальнікаў, якія паказалі адны і тыя ж мову і рэгіён. Вось што выдае Google News на стартавай старонцы, напрыклад, 15 верасня. Па змоўчанні галоўная загрузілася для рэгіёна «рускі (Расія)», і сярод галоўных навін палова рускіх СМІ, палова ўкраінскіх. Беларускіх медыя няма.

ha_kopiya.jpg


Пры выбары ўручную рэгіёна «рускі (Украіна)» сярод галоўных навін засталіся толькі ўкраінскія крыніцы.

Пры запыце «Навіны Беларусі» для рэгіёна «рускі (Расія)» сэрвіс парэкамендаваў БЕЛТА як крыніцу ў спецыяльным блоку справа. Сярод сотні прапанаваных навін траціна належала расійскаму агенцтву EADaily і яшчэ траціна — дзяржаўнаму БЕЛТА. Некалькі разоў (менш за дзесяць) сустракаліся недзяржаўныя «Еўрарадыё», «Вячэрні Гродна» і UDF.BY, а таксама дзяржаўныя СТВ і «Гродзенская Праўда». Па адной публікацыі было ад недзяржаўных «Магілёў анлайн», Intex-Press, ABW.BY, «Белновости» і Zerkalo.io, а таксама замежных рэсурсаў «Навіны Узбекістана», УНІАН і «Ліга.net».

Гэта значыць, па запыце «Навіны Беларусі» траціна навін прыйшлася на расійскія, крыху больш траціны — дзяржСМІ, а каля чвэрці засталося на недзяржСМІ, па большай частцы заблакаваныя. Тыя недзяржСМІ, што не заблакаваныя і спасылкі на якія адкрыліся — у асноўным рэгіянальныя.

Па запыце «вайна Україна» Google News сярод сотні навін ні разу не выдаў беларускі рэсурс. Усе СМІ ў полі выдачы — у асноўным расійскія службы замежных СМІ (тыпу DW), недзяржаўныя расійскія медыя (Meduza) або ўкраінскія выданні («Украінская праўда»).

Увесці ўручную Беларусь як рэгіён можна, толькі ўсталяваўшы спецыяльны дадатак Google News на смартфон (у дэсктопнай версіі, а таксама ў мабільнай версіі браўзера, без адмысловай праграмы такой магчымасці няма). У такім варыянце сэрвіс прапанаваў у першай дзясятцы навін 20 верасня разнастайныя беларускія СМІ, у тым ліку і недзяржаўныя («Белновости», Onliner.by, Zerkalo.io і іншыя) побач з дзяржаўнымі (БЕЛТА, «СБ. Беларусь сёння»). Але беларускую мову выбраць нельга нават у дадатку.


Google Discover

Google Discover запушчаны ў канцы 2018 года як мадэрнізацыя Google Feed — персаналізаванай стужкі навін. Карыстальнік бачыць рэкамендацыі навін, адкрываючы праграму Google на смартфоне, у якой можна паказаць Беларусь як рэгіён і задаць беларускую як мову пошуку. MediaIQ спецыяльна стварыў новы прадукт Google, задаўшы гэтыя налады і не ўдакладняючы інтарэсы.

Сярод першых 15-ці пяць навін аказаліся з Onliner.by, чатыры — ад «Белновости», чатыры — ад расійскага спартыўнага выдання «Чэмпіянат», па адной — ад DTF (камп'ютарныя гульні) і «Тинькофф часопіс» (Фінансы). Гэта значыць, дзевяць публікацый недзяржСМІ і тры публікацыі расійскіх медыя. Пры гэтым тэмы публікацый не тычыліся палітыкі і былі прысвечаны штодзённасці. Эксперымент на наступны дзень паказаў у топе тры беларускія навіны і тузін расійскіх.

Мы паспрабавалі скарэктаваць інтарэсы, каб убачыць навіны грамадска-палітычнай тэматыкі, але ў радку меню выбраць палітыку як цікавасць нельга.

Працягваючы працаваць з акаўнта для Беларусі на рускай мове, мы ўвялі ў дадатку Google запыт «вайна Украіна». Сэрвіс прапанаваў пяць галоўных навін розных выданняў: Meduza, рускія службы «Бі-бі-сі» і «Радыё Свабода», «Белсат» на рускай і ўкраінскае выданне «Гордан».

vojna_ukraina_zapros_2_kopiya.jpg


Першая спасылка — артыкул з расійскай «Вікіпедыі». У першай дзясятцы таксама рускія службы «Бі-бі-сі» і DW, «Еўраньюс», «Украінская праўда» і сайт дыпламатычнай службы ЕС.

Гэта значыць, у топе выдачы толькі адна публікацыя беларускага СМІ, недзяржаўнага. Большасць астатніх — рускія службы заходніх медыя, а таксама ўкраінскія выданні. Расійскіх дзяржаўных СМІ няма.

Пры пераходзе з тым жа запытам на ўкладку «Навіны» спіс медыя захаваўся, папоўніла яго толькі выданне РБК-Украіна. З'явіліся два блокі: пра Уладзіміра Пуціна і інтэрв'ю па тэме. Ніжэй зводкі.

Беларускі погляд на ўкраінска-расійскую вайну практычна не прадстаўлены ў выдачы Google для беларускага карыстальніка. Хоць, напрыклад, Zerkalo.io штодня публікуе зводкі, а таксама вядзе рубрыку «Беларусы на вайне ва Украіне».


Што гэта значыць?

Беларускія СМІ вельмі слаба прадстаўлены ў сэрвісах Google. Пры асвятленні міжнародных падзей яны практычна ігнаруюцца. На тое ёсць дзве галоўныя прычыны.

Першая. Google не вылучае Беларусь як рэгіён і не дапамагае шукаць навіны на беларускай мове. Так Беларусь, дзе руская мова з'яўляецца адной з дзяржаўных, трапляе ў медыяполе Расіі. Хай гаворка ў асноўным і аб недзяржаўных расійскіх СМІ.

Другая прычына — блакіраванне ўладамі сайтаў беларускіх недзяржаўных СМІ, якое негатыўна ўплывае на дзеянне алгарытмаў і песімізуе іх вынікі ў выдачы.

У той жа час роля агрэгатараў навін тыпу Google за апошнія гады ў Беларусі вырасла. Недзяржаўныя медыя заблакіраваныя і даступныя толькі прасунутым карыстальнікам праз VPN. Дзяржаўным СМІ давяраюць толькі 19%. Многія беларусы, якія раней проста заходзілі пачытаць навіны на ўсім вядомы найбуйнейшы партал краіны TUT.BY, у пошуках новага простага рашэння цяпер заходзяць на Google. Але беларускіх навін на грамадска-палітычныя тэмы там няма.