«Я нічога не ведаю пра Міколу ўжо месяц». З Мікалаем Статкевічам знікла сувязь

«Апошні ліст быў за 22 жніўня. Я дакладна ведаю, што ён пісаў мне ў канкрэтныя дні, ведаю пэўныя даты. Але ніводзін з гэтых лістоў не дайшоў», — расказала жонка асуджанага на 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.

_dsc1601_logo_1_1.jpg


«За ўвесь час, што ён за кратамі, такога амаль не здаралася. Ранейшыя перапынкі ў ліставанні можна было патлумачыць знаходжаннем у штрафным ізалятары», — сказала яна «Радыё Св*бода».

«Я нічога не ведаю пра Міколу ўжо больш за месяц, не ведаю, дзе ён і ў якім стане. Ведаю дакладна, што ў адным з лістоў быў новы пазоў для групы з шасці чалавек, у якой судзілі і Міколу», — адзначыла Адамовіч.

Марына Адамовіч кажа, што ў новым судовым пазове Міколу Статкевічу і іншым фігурантам ягонай справы выстаўлены фінансавыя прэтэнзіі на «фантастычную суму». Паводле слоў Адамовіч, Міколу Статкевічу, Сяргею Ціханоўскаму, Ігару Лосіку і іншым выставілі рахунак «за дадатковую працу» сілавікоў падчас падзей 2020 года. Пры гэтым і Статкевіч з Ціханоўскім, і іншыя фігуранты справы былі арыштаваны задоўга да пачатку пратэстаў.

«Я дакумента не бачыла, таму змест працытаваць не магу, — кажа Марына Адамовіч. — Але я ведаю дакладна, што судовы працэс ужо пачаўся. На мяне была аформлена генеральная даверанасць, я па законе магла б прадстаўляць інтарэсы Міколы на такім працэсе, але вось як ёсць. Гэта новая тактыка інфармацыйнай ізаляцыі».


Па словах Марыны Адамовіч, гаворка можа ісці пра 22 мільёны рублёў, аднак дакладная лічба невядомая. Паводле чутак, якія даходзяць да жанчыны, працэс ідзе ў адным з гомельскіх судоў.

Перапынак, які зараз адбываецца ў ліставанні Міколы Статкевіча з жонкай, не першы. Такое ўжо было, калі палітык пасля пераводу ў глыбоцкую калонію трапіў у ШІЗА.

«Пасля таго як ён з ШІЗА выйшаў (з пачатку ліпеня), я фактычна атрымала ад Міколы толькі два лісты, — кажа Марына Адамовіч. — Ліставанне практычна цалкам перапынілася. Ніякай інфармацыі няма. Званіць ён таксама не можа, Мікола ж пакараны. Знаходзіўся ў адзіночцы памерам метр на тры, а яшчэ паралельна пастаянна трапляе ў ШІЗА».


Нагадаем, Мікалая Статкевіча затрымалі яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, 31 траўня 2020 года, па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць выбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Спачатку яго асудзілі на 15 сутак, потым яшчэ на 15 сутак, а пасля распачалі крымінальную справу.

У снежні 2021 года суд, які праходзіў у закрытым рэжыме на тэрыторыі СІЗА, прыгаварыў Статкевіча да 14 гадоў пазбаўлення волі. Разам з ім судзілі Сяргея Ціханоўскага (18 гадоў калоніі), блогера Ігара Лосіка (15 гадоў), сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкія выбары Арцёма Сакава (16 гадоў), мадэратара сацсетак праекта «Краіна для жыцця» Дзмітрыя Папова (16 гадоў) і блогера Уладзіміра Цыгановіча (15 гадоў калоніі).

Адрас для лістоў: ПК № 13. 211791, г. Глыбокае, вул. Савецкая, 205. Статкевіч Мікалай Віктаравіч.