Дзень народзінаў за кратамі. Мікалаю Статкевічу — 66
Сёння за кратамі свой 66-ы дзень народзінаў сустракае Мікалай Статкевіч. Палітык быў затрыманы 31 траўня 2020 года, напрыканцы 2021-га асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі.

Фота Паўла Хадзінскага
У Мікалая Статкевіча багатая палітычная біяграфія. У далёкім 1991-м ён запачаткаваў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў (БЗВ), якое ставіла за мэту «стварэнне беларускай арміі, абарону незалежнасці і гісторыка-патрыятычнае выхаванне грамадства». Адной з першых акцый БЗВ было прыняцце грамадзянскай прысягі на вернасць Беларусі 8 верасня 1992 года, у гадавіну Аршанскай бітвы, Дзень беларускай вайсковай славы. Дзейнасць БЗВ была забаронена Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь у лютым 1994-га пасля ўдзелу сябраў згуртавання ў ахове забастоўкі рабочых у Мінску ад дзеянняў міліцыі.

У 1995 годзе Мікалай Статевіч узначаліў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Народная Грамада).
У 2005 годзе Статкевіча асудзілі да трох гадоў абмежавання волі за арганізацыю ў кастрычніку 2004 года ў Мінску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. У 2006 годзе Amnesty International прызнала Мікалая Статкевіча вязнем сумлення.

У снежні 2010-га быў актыўным удзельнікам Плошчы — акцыі на плошчы Незалежнасці супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Затрыманы неўзабаве пасля разгону акцыі, і ў траўні 2011 года асуджаны да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 22 жніўня 2015 года Статкевіч быў датэрмінова вызвалены паводле амністыі Аляксандра Лукашэнкі, хаця вязень адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.

Мікалай Статкевіч быў адным з арганізатараў «маршаў абураных беларусаў» — акцый пратэсту ў 2017-м супраць дэкрэту «аб дармаедах».

У студзені 2019 года Беларускі нацыянальны кангрэс вылучыў Статкевіча ў якасці кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2020 года. Але зарэгістраваны ён не быў праз няскончаную судзімасць.

Мікалая Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020 года па дарозе на перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Спачатку яго асудзілі на 15 і 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Потым прад'явілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») — так званая «справа Ціханоўскага».

Суд над фігурантамі справы — Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Міколам Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Дзмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым — пачаўся 24 чэрвеня 2021 года. Праходзіў у закрытым рэжыме.

14 снежня 2021 года Мікалая Статкевіча асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі. Іншыя фігурантам справы таксама атрымалі шалёныя тэрміны: Сяргей Ціханоўскі — 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Арцём Сакаў і Дзмітрый Папоў — па 16 гадоў, Уладзімір Цыгановіч і Ігар Лосік — 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Напрыканцы чэрвеня 2022 года Мікалай Статкевіч этапаваны ў папраўчую калонію №13 у Глыбокім. У першы ж дзень яго знаходжання ў калоніі яго паставілі на ўлік як схільнага да экстрэмізму. Там ён напісаў заяву на адзіночнае ўтрыманне.
«Новы Час» віншуе Мікалая Статкевіча з Днём народзінаў! Зычым палітыку і яго блізкім мужнасці, вытрымкі, не губляць веры і надзеі!
Адрас для лістоў: ПК № 13. 211791, г. Глыбокае, вул. Савецкая, 205. Статкевіч Мікалай Віктаравіч.